КО́ПЛЕНД ((Copland) Аарон) (14.11.1900, Нью-Йорк — 2.12.1990),

амерыканскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў сучаснай амер. кампазітарскай школы. Вучыўся ў Р.Гольдмарка (Нью-Йорк), Н.Буланжэ (Парыж) і інш. Выступаў як піяніст, дырыжор, чытаў лекцыі ў многіх ун-тах ЗША. Пад уплывам неакласіцызму І.Стравінскага, імпрэсіянізму і джаза выпрацаваў своеасаблівы індывід. стыль кампазіцыі. Выкарыстоўваў амер. і лац.-амер. муз. фальклор, увасабляў муз. інтанацыі розных народаў Амерыкі. Сярод твораў: оперы «Другі ўраган» (1937), «Ласкавая зямля» (1954); балеты «Хлопец Білі» (1938), «Радэо» (1942), «Апалачская вясна» (1944), «Панэлі, якія танцуюць» (1963); 3 сімфоніі (1924—46) і праграмныя п’есы для арк., канцэрты; камерна-інстр. ансамблі (у т. л. фп. трыо «Віцебск»); хары, песні, музыка для тэатра, кіно і інш. Аўтар кн. «Як слухаць музыку» (1939), «Музыка і фантазія» (1952), «Новая музыка, 1900—1960» (1968).

Літ.:

Шнеерсон Г. Портреты американских композиторов. М., 1977.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)