Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КОНТРЭСКА́РП (франц. contrescarpe ад контр... + escarpe адхон) 1),

процітанкавая загарода ў выглядзе крутога зрэзу на схіле мясцовасці, накіраванага ў бок таго, хто абараняецца. Мае вышыню 3—4 м, разлічаны на перакульванне танкаў пры іх спусканні з вышыні.

2) Бліжэйшы Да праціўніка адхон (з драўніны, цэглы, камення) знешняга крапаснога рова. Выкарыстоўваўся да 19 ст. ў якасці проціштурмавой перашкоды.

Да арт. Контрэскарп.

т. 8, с. 411

КОНТР-АДМІРА́Л (ад франц. contreamiral),

воінскае званне (чын) вышэйшага афіцэрскага складу ў ВМФ (ВМС) многіх марскіх дзяржаў; адпавядае званню генерал-маёра ў арміі. Званне ўпершыню з’явілася ў канцы 13 ст. ў Галандыі і працяглы час мела назву шаўтбенахт (ад галандскага schout bij nacht які назірае ноччу). У Расіі вядома з 1699; паводле Табелі аб рангах чын 4-га класа. Званне існавала ў ВМФ СССР у 1940—91.

т. 8, с. 409

КО́НТУР (франц. contour),

абрыс у выяўленчым мастацтве, лінія, якая абводзіць форму прадмета (фігуры); сродак маст. выразнасці твора. У малюнку К. — сукупнасць ліній, якія акрэсліваюць найважнейшыя, пераважна знешнія, абрысы выявы. Характар К. цесна звязаны з сілуэтам.

т. 8, с. 411

КО́НТУРНЫЯ КА́РТЫ,

адлюстраванне картаграфічнай сеткі і элементаў (контураў) агульнагеагр. карты. На К.к. паказваюцца без надпісаў, адным колерам: берагавыя лініі мораў, азёр, рэкі, населеныя пункты, палітыка-адм. граніцы і асобныя элементы тэматычных карт. Выкарыстоўваюць у вучэбных мэтах. К.к. — від бланковай карты, дзе нанесены разрэджаная аснова геагр. карты з надпісамі; ужываюць у якасці асновы для спец. і тэматычных карт у археалогіі, геалогіі, метэаралогіі і інш.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 8, с. 411

КО́НТУР ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,

любы замкнуты шлях, які праходзіць па некалькіх галінах эл. ланцуга. Часам К.э. называюць вагальны контур.

т. 8, с. 411

КО́НУС (лац. conus ад грэч. kōnos), 1) у элементарнай геаметрыі — цела, створанае вярчэннем прамавугольнага трохвугольніка вакол аднаго з яго катэтаў. Аб’ём V = 1 3 π r2 h , плошча бакавой паверхні S = πrl.

2) У аналітычнай геаметрыігеам. месца прамых (утваральных), якія праходзяць праз зададзены пункт S (вяршыню) і перасякаюць зададзеную крывую (накіравальную). Калі накіравальная — акружнасць, а вяршыня артаганальна праектуецца ў яе цэнтр, тады атрымліваецца круглы ці прамы кругавы К.

Конус.

т. 8, с. 411

КО́НУС ВЫ́НАСУ,

акумуляцыйная форма рэльефу ў выглядзе плоскага паўконуса. Мае слабапукатую паверхню, уніз пашыраецца. Наземныя К.в. ўтвараюцца ў выніку назапашвання рыхлага матэрыялу (галька, пясок, гліна) ў месцах выхаду горных рэк на раўніны і ў вусцях часовых вадасцёкаў. Падводныя К.в. фарміруюцца ў прыбярэжных зонах мораў і акіянаў каля вусцяў рэк, якія выносяць значную колькасць наносаў, або ў вусцях падводных каньёнаў за кошт матэрыялу, які прыносяць патокі муці ў ніжнюю частку мацерыковага схілу ці ў вобласць мацерыковага падножжа.

т. 8, с. 411

КО́НФІКС (ад лац. соп з, разам + fixus прымацаваны),

цыркумфікс, службовая марфема (афікс), якая камбінуецца з прэфікса і постфікса, што нясуць адзінае непадзельнае значэнне (напр., бел. «пад-акон-нік», рус. «за-речь-е»), Выкарыстанне К. наз. парасінтэз — адначасовы ўдзел у сінтэзе слова двух розных афіксальных сродкаў.

т. 8, с. 411

КО́НХА (ад грэч. konchē ракавіна),

паўкупал, які перакрывае паўцыліндрычныя часткі збудаванняў (апсіды, нішы).

Узнікла ва ўсх.-эліністычнай архітэктуры, шырока выкарыстоўвалася ў рым. і візант. дойлідстве, у сярэдневяковых хрысц. храмах. У К. звычайна змяшчаліся мазаікі, размалёўкі з выявамі Хрыста, святых і інш. (Сафійскі сабор у Кіеве).

На Беларусі вядома з 11—12 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, храмы Барысаглебскага манастыра ў б. прадмесці Полацка Бельчыцы, Барысаглебская царква ў Гродне), пашырылася ў архітэктуры 16—19 ст. Нярэдка спалучалася з распалубкамі і нервюрамі.

Конха.

т. 8, с. 411

КО́НЦКІЯ (Kątscy),

польскія музыканты 19 ст., браты.

Антоній (27.10.1817, г. Кракаў, Польшча — 7.12.1889), піяніст, педагог, кампазітар. Вучыўся ў Дж.​Філда ў Маскве (1829—30) і ў С.​Зехтэра ў Венскай кансерваторыі. У 1853—67 выкладаў у Пецярбургу. Выступаў з 6 гадоў. Здзейсніў канцэртнае турнэ па муз. цэнтрах усіх кантынентаў. Яго выкананне вылучалася бліскучай тэхнікай і элегантнасцю. Рэпертуар уключаў творы класікаў і ранніх рамантыкаў, салонныя п’есы, танцы, уласныя кампазіцыі. Аўтар больш як 400 фп. твораў (найб. вядомы «Абуджэнне льва»), рамансаў (у т. л. «Не, не цябе так палка я люблю») і інш. Напісаў некалькі дапаможнікаў і артыкулаў па пытаннях фп. педагогікі. Апалінарый (23.10. 1825, Варшава — 29.6.1879), скрыпач, кампазітар, педагог. Вучань Н.Паганіні. Выступаў з 4 гадоў, у т. л. з братамі Каралем (скрыпач і яго першы настаўнік), Станіславам і Антоніем (піяністы) і сястрой Эўгеніяй (спявачка). Канцэртаваў у Расіі і муз. цэнтрах Еўропы (у 1838—48 у Францыі). У 1853—60 прыдворны саліст у Пецярбургу. З 1861 у Варшаве, заснаваў Муз. ін-т (яго дырэктар да 1879). Скрыпач-віртуоз, імкнуўся выявіць новыя выразныя магчымасці скрыпкі. Аўтар транскрыпцый, варыяцый і фантазій на тэмы опер М.​Глінкі, В.​Беліні, Г.​Даніцэці, Дж.​Меербера і інш.

Літ.:

Грум-Гржимайло Т. Братья Контские и полемика о музыкально-исполнительских стилях // Вопросы музыкально-исполнительского искусства. М., 1967. Вып. 4.

т. 8, с. 412