КО́НЦКІЯ (Kątscy),

польскія музыканты 19 ст., браты.

Антоній (27.10.1817, г. Кракаў, Польшча — 7.12.1889), піяніст, педагог, кампазітар. Вучыўся ў Дж.Філда ў Маскве (1829—30) і ў С.Зехтэра ў Венскай кансерваторыі. У 1853—67 выкладаў у Пецярбургу. Выступаў з 6 гадоў. Здзейсніў канцэртнае турнэ па муз. цэнтрах усіх кантынентаў. Яго выкананне вылучалася бліскучай тэхнікай і элегантнасцю. Рэпертуар уключаў творы класікаў і ранніх рамантыкаў, салонныя п’есы, танцы, уласныя кампазіцыі. Аўтар больш як 400 фп. твораў (найб. вядомы «Абуджэнне льва»), рамансаў (у т. л. «Не, не цябе так палка я люблю») і інш. Напісаў некалькі дапаможнікаў і артыкулаў па пытаннях фп. педагогікі. Апалінарый (23.10. 1825, Варшава — 29.6.1879),. скрыпач, кампазітар, педагог. Вучань Н.Паганіні. Выступаў з 4 гадоў, у т. л. з братамі Каралем (скрыпач і яго першы настаўнік), Станіславам і Антоніем (піяністы) і сястрой Эўгеніяй (спявачка). Канцэртаваў у Расіі і муз. цэнтрах Еўропы (у 1838—48 у Францыі). У 1853—60 прыдворны саліст у Пецярбургу. З 1861 у Варшаве, заснаваў Муз. ін-т (яго дырэктар да 1879). Скрыпач-віртуоз, імкнуўся выявіць новыя выразныя магчымасці скрыпкі. Аўтар транскрыпцый, варыяцый і фантазій на тэмы опер М.Глінкі, В.Беліні, Г.Даніцэці, Дж.Меербера і інш.

Літ.:

Грум-Гржимайло Т. Братья Контские и полемика о музыкально-исполнительских стилях // Вопросы музыкально-исполнительского искусства. М., 1967. Вып. 4.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)