Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЫВА́ЎНІК (Achillea),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў (па інш. даных каля 200). Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 7 дзікарослых (найб. вядомы лек. К. звычайны A. millefolium); нар. назвы крывавец, серпарэзнік, грудная трава, рудамётка) і каля 10 інтрадукаваных відаў. Трапляецца на палях, лугах, абапал дарог, у лесе.

Шматгадовыя травяністыя прамастойныя расліны з паўзучым карэнішчам выш. 20—125 см. Лісце перыстарассечанае або суцэльнае. Кветкі ў дробных кошыках, сабраныя ў шчыткападобныя суквецці. Плод — сямянка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Некат. віды ядавітыя.

Крываўнік звычайны.

т. 8, с. 494

КРЫВАЦВЕ́Т (Lycopsis),

род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. 3 віды. Пашыраны ў Сярэдняй Еўропе, Міжземнамор’і і Сярэдняй Азіі. На Беларусі — К. палявы (L. arvensis, нар. назвы калючнік, пакравец, страснік, сушанік).

Трапляецца на палях, засмечаных мясцінах.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 30—50 см. Сцябло прамое, укрытае цвёрдашчаціністымі валаскамі, што сядзяць на бародаўках. Лісце падоўжанае, па краі хвалістае, з рэдкімі шчацінкамі. Кветкі блакітныя, правільныя, сабраныя ў моцнааблісцелыя завіткі. Плод — чатырохарэшак. Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне.

Крывацвет палявы.

т. 8, с. 494

КРЫВАЦЁК, гемарагія,

выцяканне крыві з крывяносных сасудаў. Бывае пры траўмах, хваробах крывяносных сасудаў (гл. Гематурыя, Гемафілія, Дыятэз гемарагічны). Адрозніваюць К. артэрыяльны, вянозны, капілярны, змешаны; вонкавы (кроў выцякае вонкі) і ўнутр. (кроў выцякае ў органы, тканкі, поласці цела).

Назапашванне крыві ў калясардэчнай абалонцы наз. гемаперыкардытам, у грудной поласці — гематораксам, у поласці сустава — гемартрозам; выдаленне крыві праз дыхальныя шляхі (крывахарканне) — гемаптос; праз стрававод са страўніка (крывавая рвота) — гематамезіс; матачны К. — метрарагія і інш. Найб. небяспечны артэрыяльны К. Пры К. бывае бледнасць скуры і слізістых абалонак, слабасць, галавакружэнне, смага, задышка, паніжэнне артэрыяльнага ціску, слабы, часты пульс. Лячэнне: спыненне К. часовае (сціскальная павязка, жгут) і канчатковае (сасудзістае шво, перавязка сасудаў), кровазгусальныя і кроваспыняльныя сродкі, пераліванне крыві і кровазаменных вадкасцей.

Літ.:

Вишневский А.А., Шрайбер М.И. Военно-полевая хирургия. 3 изд., М., 1975;

Основы реаниматологии. М., 1966.

А.У.Чантурыя.

т. 8, с. 494

КРЫВАШЫ́ПНЫ МЕХАНІ́ЗМ,

механізм са звяном (крывашыпам або каленчатым валам), якое пры вярчэнні вакол нерухомай восі пераўтварае адзін від руху ў другі. Бываюць К. м. плоскія (з рухам усіх звёнаў у паралельных плоскасцях) і прасторавыя, чатырох- і шматзвёнавыя.

Найб. пашыраны плоскія крывашыпна-паўзунныя (пераўтвараюць вярчальны рух у прамалінейны зваротна-паступальны або наадварот), крывашыпна-каромыславыя (вярчальны рух — у хістальны) і крывашыпна-кулісныя (раўнамерна вярчальны рух — у нераўнамерна вярчальны, хістальны або зваротна-паступальны; гл. таксама Кулісны механізм). К. м. выкарыстоўваюцца ў поршневых рухавіках, помпах, кампрэсарах, прэсах, металарэзных станках, цестамясілках, снегапагрузчыках і інш. машынах.

Плоскія крывашыпныя механізмы: а — крывашыпна-каромыславы; б — крывашыпна-паўзунны; в — крывашыпна-кулісны; г — крывашып з пастаянным радыусам r; 1 — крывашып; 2 — шатун; 3 — каромысел; 4 — паўзун; 5 — куліса.

т. 8, с. 494

КРЫВАШЫ́Я,

дэфармацыя шыі рознай этыялогіі, якая характарызуецца няправільным становішчам галавы з яе нахілам убок і паваротам. Прычыны К.: фіброз мышцаў, пашкоджанне або зрастанне шыйных пазванкоў, пашкоджанне скуры, мышцаў, запаленчыя працэсы ў вобласці шыі. Бывае прыроджаная і набытая, найчасцей — аднабаковая. Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае.

т. 8, с. 495

Крывашэева Валянціна Сямёнаўна

т. 18, кн. 1, с. 412

КРЫВАШЭ́ЕЎ (Мікалай Аляксеевіч) (н. 16.4.1949, г. Ніжнія Сяргі Свярдлоўскай вобл., Расія),

бел. музыкант, педагог. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1976). З 1976 канцэртмайстар аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1979 саліст Дзярж. камернага аркестра, з 1980 канцэртмайстар групы кантрабасаў Дзярж. акад. сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь. З 1979 адначасова выкладае ў Бел. акадэміі музыкі і ў гімназіі-каледжы пры ёй. Выконвае сола ў аркестры, у т. л. канцэрты для кантрабаса з арк., выступае з сольнымі канцэртамі. Аўтар транскрыпцый для кантрабаса многіх твораў бел. кампазітараў. Дыпламант міжнар. конкурсу імя Я.Кокі (1997, Кішынёў).

т. 8, с. 495

Крывашэеў Сяргей Паўлавіч

т. 18, кн. 1, с. 412

КРЫВАШЭ́ІН (Аляксандр Васілевіч) (31.7.1857, Варшава — 28.10.1921),

расійскі дзярж. дзеяч; чл. Дзярж. савета (з 1906). З 1896 нам. начальніка, у 1904—05 нач. перасяленчага ўпраўлення Мін-ва ўнутр. спраў. У 1905—06 таварыш гал. кіраўніка, у 1908—15 гал. кіраўнік землеўпарадкавання і земляробства. У 1906—08 таварыш міністра фінансаў, кіраўнік Дваранскага і Сялянскага банкаў. Разам з П.А.Сталыпіным кіраваў правядзеннем сталыпінскай аграрнай рэформы. Спроба К. стварыць урад грамадскага даверу прывяла да яго адстаўкі (кастр. 1915). У 1920 узначальваў. у Крыме «Урад Поўдня Расіі»; памёр у эміграцыі.

т. 8, с. 495

КРЫВАШЭ́ІН (Апалон Канстанцінавіч) (1833, г. Шклоў Магілёўскай вобл. — 25.11.1902),

расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў Рышэльеўскі ліцэй у Адэсе і Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу, слухаў лекцыі ў Парыжскім ун-це і Франц. калежы. У 1881—94 чл. Дзярж. савета. З 1886 у Мін-ве ўнутр. спраў, з 1891 дырэктар гасп. дэпартамента. У 1892—94 міністр шляхоў зносін. Па яго прапанове створаны Гал. інспекцыя шашэйных і водных дарог, суднаходныя інспекцыі пры начальніках дыстанцый на рэках Масква, Ака, Зах. Дзвіна, упраўленне па буд-ве Сіб. чыгункі. Апошнія гады жыў у Шклове.

Э.А.Карніловіч.

т. 8, с. 495