Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАЎУСТА́Ў,

тып пісьма кірыліцы. Выпрацаваўся ў выніку паскарэння працэсу пісання на аснове ўстава і адрозніваўся ад яго меншай геаметрычнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і значна большай колькасцю скарачэнняў. Ужываўся ў паўд.-слав. (з канца 13 ст.) і ўсх.-слав. (з канца 14 ст.) пісьменнасці на пергаменце і паперы. У старабел. пісьменнасці, як і ў інш. усходнеслав. меў 2 разнавіднасці — старэйшы і малодшы. Старэйшы П., блізкі да ўстава, ужываўся ў справаводстве, граматах канца 14—1-й пал. 15 ст. Малодшы П. паралельна са скорапісам выкарыстоўваўся пераважна ў кнігах рэліг. і свецкага зместу 2-й пал. 15—16 ст., зрэдку 17 ст. («Чэцця» 1489, перакладныя аповесці «Александрыя», «Аповесць пра трох каралёў» 15 ст., Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі, Супрасльскі летапісы 15 — пач. 16 ст., «Гісторыя пра Трою», «Псалтыр», «Арыстоцелева брама» 16 ст., «Хранограф» 17 ст. і інш.). У параўнанні са старэйшым П. у малодшым П. словы пісаліся асобна (акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў, літары мелі больш скарапісных элементаў, пашырылася напісанне слоў ці іх частак над радком, пачала выкарыстоўвацца вязь. Шырока ўжываліся надрадковыя знакі, сталі больш разнастайнымі знакі прыпынку. П. паслужыў узорам для шрыфтоў у выданнях Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага.

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.

А.​М.​Булыка.

Паўустаў. Фрагмент граматы рыжскіх ратманаў да палачан. 1405.

т. 12, с. 236

ПАЎФАБРЫКА́Т,

выраб, прадукт працы, які патрабуе наступнай дадатковай або канчатковай дапрацоўкі для пераўтварэння ў гатовы выраб, а таксама гатовая прадукцыя аднаго прадпрыемства, якая можа выкарыстоўвацца як элемент гатовай прадукцыі іншага.

т. 12, с. 236

ПАЎХО́РДАВЫЯ (Hemichordata),

тып беспазваночных жывёл з групы другаснаротых. Вядомы з кембрыю (каля 550 млн. г. назад). 3 класы: выкапнёвыя грапталіты (паводле інш. класіфікацый падтып), сучасныя кішачнадыхальныя і перыстажабравыя; каля 95 сучасных відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, жывуць на дне. Рухомыя і прымацаваныя, адзіночныя і каланіяльныя формы.

Даўж. ад 0,2 мм да 2,5 м. Цела двухбакова-сім., складаецца з 3 аддзелаў хабатка (або галаўнога шчытка), каўнерыка і тулава. У кожным аддзеле ёсць асобная цэламічная поласць. Маюць хордападобны орган (натахорд, або стамахорд), які выконвае апорную функцыю. Кормяцца дэтрытам, дробнымі прыдоннымі і доннымі арганізмамі. Раздзельнаполыя і гермафрадыты, некат. могуць размнажацца пачкаваннем.

т. 12, с. 236

ПАЎЦВЕРДАКРЫ́ЛЫЯ,

атрад насякомых, гл. Клапы.

т. 12, с. 236

ПАЎЦЕ́НЬ у жывапісе і графіцы,

адзін са сродкаў мадэліроўкі аб’ёмнай формы, які ахоплівае святлоценявыя градацыі сярэдняй моцы, што адпавядаюць пераходу ад асветленых частак прадмета да зацененых; адзін з асн. элементаў святлаценю.

т. 12, с. 236

ПАЎША́Р’І ЗЯМНЫ́Я,

дзве палавіны сферычнай паверхні Зямлі, што падзяляюцца па прыкметах: па экватары — на Паўн. і Паўд. паўшар’і; па мерыдыянах 160° усх. д. і 20° зах. д. — на Зах. і Усх.; па плошчы, укрытай акіянамі і занятай сушай, — на Акіянічнае паўшар’е і Мацерыковае паўшар’е.

Паўшар’і зямныя. 1. Акіянічнае паўшар’е. 2. Мацерыковае паўшар’е.

т. 12, с. 236

ПА́ЎЭЛ, Поўэл (Powell) Сесіл Франк (5.12.1903, г. Тонбрыдж, Вялікабрытанія — 9.8.1969), англійскі фізік, стваральнік навук. школы англ. фізікаў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1949). Замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1925), працаваў у Кавендышскай лабараторыі. З 1928 у Брыстольскім ун-це (з 1948 праф.). У 1952—61 дырэктар Еўрап. экспедыцыі па даследаванні касм. прамянёў у высокіх слаях атмасферы. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў. Распрацаваў фатагр. метад даследавання ядз. працэсаў (метад ядз. фатагр. эмульсій). Адкрыў π-мезоны ў касм. прамянях (1947, разам з супрацоўнікамі). Нобелеўская прэмія 1950. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР 1968.

Тв.:

Рус. пер. — Исследование элементарных частиц фотографическим методом. М., 1962 (разам з П.​Фаўлерам, Д.​Перкінсам).

С.Ф.Паўэл.

т. 12, с. 236

ПАЎЭРЛІ́ФТЫНГ (англ. powerlifting ад power сіла, моц + lift падымаць),

трохбор’е сілавое, сілавы від спорту па падыманні цяжару. Уключае 3 практыкаванні: прысяданні са штангай, жым штангі лежачы, станавую цягу.

Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі і ЗША Еўрап. федэрацыя П. існуе з 1978. Мужчыны выступаюць у 11, жанчыны ў 10 вагавых катэгорыях. Штогод праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы сярод мужчын і жанчын, ветэранаў і юніёраў, сярод інвалідаў — у жыме лежачы. Першы чэмпіянат свету (адкрыты нац. чэмпіянат ЗША) адбыўся ў 1964.

Федэрацыя П. Беларусі засн. ў 1994. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету ў трохбор’і У.​Мінаў (1998), А.​Пашалюк (сярод юніёраў, 2000), у жыме лежачы — 3-разовая чэмпіёнка свету, 2-разовая чэмпіёнка Еўропы Л.​Бялова, чэмпіёны свету Э.​Грынкевіч (1994), Ю.​Жыльская (1999), У.​Бубен (сярод інвалідаў, 1998).

т. 12, с. 236

ПА́ФАС (ад грэч. pathos пакута, пачуццё, страсць),

натхненне, захапленне, уздым; ідэйна-эмацыянальнае асэнсаванне і ацэнка, «пануючы строй пачуццяў» (Ф.​Шылер) у маст. творы, ці ўсёй творчасці аўтара. Звычайна П. супрацьпастаўляўся этасу. У ант. эстэтыцы з П. звязвалі змены ў стане героя пад уплывам трагічных абставін, напружаную і бурную рэакцыю на іх, разбурэнне ўнутранай раўнавагі. Арыстоцель разглядаў П. як неабходны элемент трагедыі, характарызаваў яго як пакуты, страх. У развіцці тэорыі П. існуюць 2 тэндэнцыі: адна звязана з распрацоўкай паэт. і аратарскага стылю (рыторыка), выразных сродкаў стварэння эмацыянальна насычанай патэт. мовы (у жанрах оды, трагедыі, гімна, гл. Патэтычнае), другая — з разуменнем П. як элемента ўласна маст. стылю, ідэйна-эмацыянальных адносін мастака да адлюстраванага ім свету. У гэтым сэнсе П. выступае ў творах у адзінстве з тэмай і ідэяй. У мастацтвазнаўстве і эстэтыцы адрозніваюць П. трагічны, драм., гераічны, сентыментальны, рамант., лірычны, сатыр., гумарыстычны.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 237

Пафераў Алег Сяргеевіч

т. 18, кн. 1, с. 439