ПАЎЭРЛІ́ФТЫНГ (англ. powerlifting ад power сіла, моц + lift падымаць),
трохбор’е сілавое, сілавы від спорту па падыманні цяжару. Уключае 3 практыкаванні: прысяданні са штангай, жым штангі лежачы, станавую цягу.
Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі і ЗША Еўрап. федэрацыя П. існуе з 1978. Мужчыны выступаюць у 11, жанчыны ў 10 вагавых катэгорыях. Штогод праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы сярод мужчын і жанчын, ветэранаў і юніёраў, сярод інвалідаў — у жыме лежачы. Першы чэмпіянат свету (адкрыты нац. чэмпіянат ЗША) адбыўся ў 1964.
Федэрацыя П. Беларусі засн. ў 1994. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету ў трохбор’і У.Мінаў (1998), А.Пашалюк (сярод юніёраў, 2000), у жыме лежачы — 3-разовая чэмпіёнка свету, 2-разовая чэмпіёнка Еўропы Л.Бялова, чэмпіёны свету Э.Грынкевіч (1994), Ю.Жыльская (1999), У.Бубен (сярод інвалідаў, 1998).
т. 12, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)