Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПА́ХТУСАЎ (Пётр Кузьміч) (1800, г. Кранштат, Расія — 19.11.1835),

расійскі мараплавец і гідрограф. Скончыў штурманскае вучылішча ў Кранштаце (1820).

У 1820—32 прымаў удзел ў гідраграфічных даследаваннях р. Пячора, Баранцава і Белага мораў. У 1832—35 кіраваў экспедыцыямі на архіпелаг Новая Зямля, апісаў узбярэжжы Паўн. і Паўд. а-воў Новай Зямлі, праліў Матаччын Шар і астравы ў ім. Імем П. наз. астравы ў Карскім м., горны хрыбет на Шпіцбергене.

т. 12, с. 240

ПАХУЧАКАЛАСНІ́К (Anthoxanthum),

род кветкавых раслін сям, метлюжковых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы (як заноснае — на ўсіх кантынентах). На Беларусі 1 від — П. духмяны, або пахучы каласок (Aodoratum). Трапляецца ў лясах, хмызняках, на лугах.

П. духмяны — шматгадовая травяністая расліна. выш. да 50 см. Утварае дзярнінкі. Сцёблы голыя, гладкія. Лісце лінейнае, голае або апушанае. Суквецце — зеленавата-бурая коласападобная мяцёлка. Плод — зярняўка. Расліна мае кумарыны, якія надаюць сену прыемны пах. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, харч. і парфумернай прам-сці.

Пахучакаласнік духмяны.

т. 12, с. 240

ПАХУ́ЧЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, пахкія рэчывы,

арганічныя злучэнні, якія маюць прыемны пах і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці парфумерных і касметычных вырабаў, тавараў быт. хіміі, харч. прадуктаў. Пашыраны ў прыродзе: уваходзяць у састаў пахучых прадуктаў расліннага (эфірныя алеі, бальзамы, пахучыя смолы і інш.) і жывёльнага (амбра, мускус і інш.) паходжання. Паводле хім. прыроды большасць П.р. адносіцца да складаных эфіраў (напр., бутылацэтаты, бензіл- і ліпалілацэтат з кветкавым пахам), многія да альдэгідаў (напр., бензойны альдэгід, ванілін), спіртоў (напр., ліналаол).

Да 19 ст., калі былі атрыманы першыя сінт. аналагі прыродных П.р. (ванілін, 2-фенілэтанол з пахам ружы і інш.), адзінай крыніцай П.р. былі прыродныя прадукты. Распрацаваны метады сінтэзу амаль усіх П.р., што атрымлівалі з прыроднай сыравіны (напр., ментолу, цытралю), а таксама П.р., не знойдзеных у прыродзе (напр., фаліону э пахам фіялкі). Зроблена спроба вызначыць залежнасць паміж прыродай паху і будовай малекул П.р., аднак гэта не дае магчымасці прадказаць пах рэчыва.

Асн. колькасць П.р., што маюць прамысл. значэнне (больш за 500), атрымліваюць сінтэтычна, некаторыя вылучаюць з эфірных алеяў. Выкарыстоўваюць у выглядзе парфумерных кампазіцый. Гл. таксама Парфумерыя, Парфумерна-касметычная прамысловасць.

Літ.:

Братус И.Н. Химия душистых веществ. 2 изд. М., 1992.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 240

ПАХУ́ЧЫ ГАРО́ШАК,

гл. ў арт. Чына.

т. 12, с. 240

ПАЦАВАСЛАБО́ДСКІ БОЙ 1944,

бой партызанскіх 277-га палка і 278-га атрада па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у вёсках Пацава Слабада і Малінаўка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. ў ноч на 23.3.1944 у Вял. Айч. вайну. Партыз. разведка ўстанавіла, што ў гарнізон Пацава Слабада прыбыў на адпачынак ням. зенітны батальён 4-й танк. арміі, таму па ініцыятыве камандзіра Клічаўскай ВАГ І.​З.​Ізоха і нач. штаба М.​А.​Баранава быў падрыхтаваны план бою. Арганізаваўшы засаду на выпадак падыходу варожых падмацаванняў, партызаны амаль адначасова атакавалі фаш. гарнізоны ў абедзвюх вёсках, у ходзе бою спалілі 35 аўтамашын, мотарамонтную майстэрню, шмат тэхнікі і жывой сілы праціўніка, захапілі 40 вінтовак, 3 кулямёты, вял. колькасць боепрыпасаў, харчавання, медыкаменты. Партызаны страцілі 4 чал.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 12, с. 241

ПА́ЦАВА СЛАБАДА́,

вёска ў Казуліцкім с/с Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса. За 6 км на ПнЗ ад г.п. Кіраўск, 93 км ад Магілёва, 28 км ад чыг. ст. Бярэзіна. 523 ж., 303 двары (2000). Цагельны і 3 асфальтавыя з-ды. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. У Вял. Айч. вайну партызаны разграмілі ў вёсцы ням.-фаш. гарнізон (гл. Пацаваслабодскі бой 1944).

т. 12, с. 240

ПАЦАВІ́ЧЫ,

вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Зальвянка, на аўтадарозе Масты—Зэльва. Цэнтр сельсавета. За 15 км на ПдУ ад горада і 17 км ад чыг. ст. Масты, 75 км ад Гродна. 585 ж., 239 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Капліца. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 241

ПАЦА́ЕЎ (Віктар Іванавіч) (19.6.1933, г. Акцюбінск, Казахстан — 30.6.1971),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1971, пасмяротна), лётчык-касманаўт СССР (1971). Скончыў Пензенскі політэхн. ін-т (1955). З 1969 у атрадзе касманаўтаў. 6—30.6.1971 з Г.Ц.Дабравольскім і У.М.Волкавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-11» і арбітальнай станцыі «Салют» (як інжынер-выпрабавальнік). Пры вяртанні на Зямлю ў выніку парушэння герметычнасці кабіны касм. карабля П. і члены экіпажа загінулі. У космасе правёў 23,8 сут.

т. 12, с. 241

ПАЦЕ́ЕЎ (Мікалай Паўлавіч) (16.5.1919, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 27.9.1972),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Камышынскае танк. вучылішча (1943), Вышэйшую афіцэрскую школу самаходнай артылерыі (1951). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Сталінградскім, Бранскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах. Удзельнік баёў на тэр. Беларусі, Літвы, Латвіі, Усх. Прусіі. Танк. рота на чале з лейт. П. вызначылася 18—21.9.1944 у раёне г. Елгава і Добеле (Латвія) пры адбіцці наступлення праціўніка. Пасля вайны ў нар. гаспадарцы, у 1949—70 у Сав. Арміі.

М.П.Пацееў.

т. 12, с. 241

ПАЦЕ́І,

шляхецкі род герба «Вага» ў ВКЛ. Родапачынальнік Ходзька Каранеўскі, сын якога Тышка за службу ў вял. кн. Казіміра [1440—92] атрымаў некалькі вёсак у Камянецкай вол. Ад імя яго сына Пацея Тышковіча пайшло родавае прозвішча. Валодалі маёнткамі ў Берасцейскім, Трокскім і інш. ваяводствах. Найб. вядомыя:

Адам Львовіч (Іпацій; 1541—1613), уніяцкі мітрапаліт, гл. Пацей I. Леанард Габрыэль (6.11.1632—1.2.1695), ваявода віцебскі з 1686, староста рагачоўскі, суражскі і жыжморскі. Людвік Канстанцін (1664—3.1.1730), пісар польны ВКЛ з 1697, стражнік вялікі з 1698, падскарбі вялікі з 1703, гетман польны ў 1709, гетман вялікі з 1709, адначасова кашталян віленскі з 1709, ваявода віленскі з 1722. Адзін з кіраўнікоў шляхецкага руху супраць усеўладдзя Сапегаў у ВКЛ. У час Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў. Пры падтрымцы Пятра I фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу на Беларусі і ў Літве. Адзін з арганізатараў Віленскай канфедэрацыі 1716. Казімір Аляксандр (14.5.1666—10.6.1728), кашталян віцебскі з 1700 і трокскі з 1703, ваявода віцебскі з 1705, староста рагачоўскі, суражскі і жыжморскі. Антоні (?—16.2.1749), абозны вялікі ВКЛ з 1715, стражнік вялікі ў 1729—48. Аляксандр (? — сак. 1770), падчашы ВКЛ з 1724, кашталян віцебскі з 1739 і трокскі з 1740, ваявода трокскі з 1742, староста рагачоўскі, Людвік (каля 1726 — студз. 1771), абозны вялікі ВКЛ з 1744, стражнік вялікі з 1748, староста рагачоўскі і алькеніцкі. Леанард (каля 1730—14.7.1774), абозны вялікі ВКЛ з 1752, стражнік вялікі з 1771, староста рагачоўскі і алькеніцкі. Аляксандр Міхал (1774 — да 13.6.1846), абозны вялікі ВКЛ з 1794, удзельнік паўстання 1794. У вайну 1812 чл. Вайсковага к-та ВКЛ у Вільні. Чл. Патрыятычнага таварыства, у 1826—27 зняволены. Тэадор (1798—1852), удзельнік паўстання 1830—31, памёр у эміграцыі ў Парыжы. Апошні з роду П.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 12, с. 241