Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫ ЛА́ЗЕР,

лазер з паўправадніковым крышталём у якасці рабочага рэчыва. Асаблівасці — высокая эфектыўнасць пераўтварэння эл. энергіі ў энергію кагерэнтнага выпрамянення, малая інерцыйнасць, магчымасць перастройкі даўжыні хвалі выпрамянення і інш.

У П.л. ўзбуджаюцца і выпрамяняюць (калектыўна) атамы крышт. рашоткі, што вызначае малыя памеры і кампактнасць прылады. У адрозненне ад лазераў інш. тыпаў у П.л. выкарыстоўваюцца выпрамяняльныя квантавыя пераходы паміж дазволенымі энергет. зонамі крышталёў (гл. Зонная тэорыя, Цвёрдае цела): пры рэкамбінацыі электронаў і дзірак вызваляецца энергія, якая выпрамяняецца ў выглядзе квантаў святла (люмінесцэнцыя) ці перадаецца ўсяму крышталю, як цеплавая энергія. У некаторых паўправадніках, напр. у арсенідзе галію, доля выпрамененай энергіі набліжаецца да 100%. Важнейшы спосаб пампоўкі ў П.л. — інжэкцыя праз p-n-пераход ці гетэрапераход (інжэкцыйны П.л.), што дазваляе непасрэдна пераўтвараць эл. энергію ў кагерэнтнае выпрамяненне. Інш. спосабы пампоўкі: эл. прабой (стрымерны П.л.), бамбардзіроўка электронамі (П.л. з электроннай пампоўкай) і аптычная пампоўка. П.л. выкарыстоўваюцца ў аптычнай сувязі і лакацыі, спец. аўтаматыцы, оптаэлектроніцы, тэхніцы спец. асвятлення (напр., скарасной фатаграфіі), для вызначэння забруджванняў і дамешкаў у розных асяроддзях, для лазернага праекцыйнага тэлебачання.

В.​К.​Кананенка.

т. 12, с. 231

ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫ ПЕРАХО́Д,

вобласць прасторавага зараду, якая прымыкае да мяжы падзелу металу і паўправадніка (Шоткі дыёд), двух розных паўправаднікоў (гетэрапераход) ці дзвюх розных абласцей аднаго паўправадніка (электронна-дзірачны пераход), якія знаходзяцца ў эл. кантакце.

т. 12, с. 231

ПАЎПРА́ВІЛЬНЫ МНАГАГРА́ННІК, Архімеда цела,

мнагаграннік, усе грані якога — правільныя многавугольнікі розных відаў, а мнагагранныя вуглы кангруэнтныя або сіметрычныя. Існуе 13 розных тыпаў выпуклых П.м. і 2 бясконцыя серыі (прызмы і антыпрызмы), нявыпуклых (зоркападобных) П.м. больш за 51.

т. 12, с. 231

ПАЎПРАМА́Я,

сукупнасць пунктаў прамой, якія ляжаць з аднаго боку ад зададзенага пункта гэтай прамой. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасць x > a (ці x < a), дзе a — пастаянная. Калі сам пункт x = a (мяжа П.) належыць да П., то П. лічыцца замкнутай (ці промнем).

т. 12, с. 231

ПАЎПРАСТО́РА,

сукупнасць пунктаў прасторы, якія ляжаць з аднаго боку ад зададзенай плоскасці. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасць Ax + By + Cz + D > 0 (ці Ax + By + Cz + D < 0), дзе A, B, C і D — пастаянныя, адначасова не роўныя нулю. Калі сама плоскасць (мяжа П.), якая задаецца ўраўненнем Ax + By + Cz + D = 0, належыць да П., то П. лічыцца замкнутай.

т. 12, с. 231

ПАЎПРАХАДНЫ́Я РЫ́БЫ,

экалагічная група рыб, для якой характэрна размнажэнне ў прэсных водах, кармленне (нагул) — у саланаватых водах перадвусцевых раёнаў мора. П.р. займаюць прамежкавае становішча паміж жылымі і прахаднымі рыбамі. На Беларусі да П.р. патэнцыяльна належаць лешч, сазан, сом, судак, чахонь, некат. сігі і інш., хоць яны пастаянна жывуць у прэснаводных унутр. вадаёмах.

т. 12, с. 231

ПАЎПУСТЫ́ННЫЯ ЗО́НЫ,

прыродныя зоны сушы з перавагай ландшафтаў паўпустынь. Займаюць прамежкавае становішча паміж пустыннай зонай і стэпавай зонай (ва ўмераных і субтрапічных паясах), зонай пустынь і саваннавай зонай (у трапічным поясе). Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды, пераважна ў зах. прыакіянскіх і ўнутрымацерыковых сектарах. Клімат сухі кантынентальны, ападкаў 300 мм за год (у 3—6 разоў менш за выпаральнасць). Лета гарачае (сярэдняя т-ра паветра 20—25 °C, у тропіках да 30 °C), зіма ў межах зоны паўпустынь умеранага пояса Паўн. паўшар’я халодная (сярэдняя т-ра студз. да -20 °C), у больш нізкіх шыротах — цёплая (0—10 °C у субтропіках, 12—20 °C у тропіках). Рэкі ў сухую пару года перасыхаюць. Глебы светла-каштанавыя, бурыя, шэра-карычневыя і шэразёмы, чырвона-бурыя, трапляюцца засоленыя глебы, участкі незамацаваных пяскоў. Расліннасць разрэджаная, з перавагай злакава-палыновых асацыяцый (у Еўропе і Азіі) і кусцікавых (на інш. мацерыках). Выкарыстоўваецца як паша, земляробства развіта на арашальных землях.

т. 12, с. 231

ПАЎПУСТЫ́НЯ,

занальны тып ландшафту, што фарміруецца ва ўмовах арыднага клімату, у якім спалучаюцца элементы стэпавай і пустыннай расліннасці. Адрозніваецца бязлессем, спецыфічным раслінным і глебавым покрывам. У стэпавых асацыяцыях пераважаюць дзярнінныя злакі, у пустынных — палыны, салянкі і інш. Пашырана ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Выкарыстоўваецца пераважна як паша; земляробства магчыма на арашальных землях. Гл. таксама Паўпустынныя зоны.

т. 12, с. 232

ПАЎСА́НІЙ (Pausanias; ? — 385 да н.э.),

цар Спарты [408—394 да н.э.]. У час паходу ў Атыку (403 да н.э.), баючыся ўзмацнення спартанскага палкаводца Лісандра, П. падтрымаў дэмакратаў на чале з Фрасібулам. У 395 да н.э. ў час Карынфскай вайны не злучыўся своечасова ў Беотыі з войскам Лісандра, у выніку апошні загінуў, а спартанцы былі разбіты. Прыгавораны ў 394 да н.э. да пакарання смерцю, уцёк у Тэгею, дзе і памёр.

т. 12, с. 232

ПАЎСА́НІЙ (Pausanias; ? — каля 470 да н.э.),

спартанскі палкаводзец. У час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. камандаваў апалчэннем грэч. полісаў, атрымаў перамогу каля Платэяў (479 да н.э.) і адваяваў (477 да н.э.) у персаў Візантый. Западозраны ў перагаворах з персамі, двойчы прыцягваўся да суда, але быў апраўданы. Каля 470 да н.э. П., абвінавачаны ў падрыхтоўцы паўстання ілотаў, спрабаваў знайсці сховішча ў храме, але спартанцы замуравалі дзверы храма, і ён памёр з голаду.

т. 12, с. 232