ВАЛКО́НСКІ Сяргей Рыгоравіч
(19.12.1788, г. Ачакаў, Украіна — 10.12.1865),
дзекабрыст. Генерал-маёр, князь. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў рус. арміі 1813—14. З 1820 чл. «Саюза працвітання», з 1821 чл. Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў. Разам з В.Л.Давыдавым кіраваў Каменскай управай, наладжваў сувязі з Паўночным таварыствам дзекабрыстаў. Прыхільнік «Рускай праўды» П.І.Песцеля. Прыгавораны да смяротнай кары, замененай пажыццёвай катаргай. Вярнуўся з Сібіры ў 1856. Аўтар «Запісак».
т. 3, с. 482
ВАЛЛЁ,
расшыраная частка стрававода ў беспазваночных (многія малюскі, чэрві, насякомыя) і птушак. Служыць для назапашвання, захоўвання, зрэдку папярэдняй біяхім. апрацоўкі корму. У пчол у валлі нектар перапрацоўваецца ў мёд. Валлё развіта ў драпежных і некаторых зерняедных птушак, знаходзіцца над ключыцай і звычайна мае залозы. Скарачэнні валля забяспечваюць паступленне корму ў страўнік, адрыгванне яго пры выкормліванні птушанят або выдаленне неператраўленых рэшткаў (драпежныя птушкі). У галубоў клеткі эпітэлію валля адрываюцца і змешваюцца з сакрэтам залоз, утвараючы белаватую вадкасць, т.зв. птушынае (валлёвае) малако, якім выкормліваюцца птушаняты.
т. 3, с. 482
ВАЛЛЯ́К,
устойлівае павелічэнне памераў шчытападобнай залозы без прыкмет запалення і злаякаснага пераўтварэння. Адзін з асн. сімптомаў розных па этыялогіі і клінічных праявах хвароб. Прычына ўзнікнення валляка дыфузнага таксічнага (тырэатаксікоз) дакладна не выяўлена. Яе звязваюць з ператамленнем, нерв. перанапружаннем, перанесенымі вострымі інфекцыямі, псіхічнымі траўмамі і інш. фактарамі, у т. л. спадчыннымі. Найчасцей хварэюць жанчыны. Валляк спарадычны (нетаксічны) працякае звычайна без яўных парушэнняў функцыі шчытападобнай залозы. Пры значным павелічэнні залозы магчымы расстройствы дыхання (сціскаюцца трахеі), глытання (сціскаецца стрававод), расшырэнне вен твару, шыі (з прычыны сціскання крывяносных сасудаў). Валляк эндэмічны пашыраны ў геагр. зонах з малой колькасцю ёду ў асяроддзі (вада, глеба, прадукты харчавання; у Беларусі на Палессі) і яго дэфіцытам для сінтэзу і сакрэцыі тырэоідных гармонаў. Лячэнне медыкаментознае ці хірургічнае.
Л.Д.Чайка.
т. 3, с. 482
ВАЛМЯ́НСКАЕ БАЛО́ТА,
Волма-Слоўст, Волма, у Беларусі, у Чэрвеньскім, Мінскім, Смалявіцкім і Пухавіцкім р-нах Мінскай вобл., пераважна ў вадазборы р. Волма і яе прытока Слоўст (бас. Свіслачы). Нізіннага (80%), вярховага (10%) і пераходнага (10%) тыпаў. Пл. 6,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5 тыс. га. Глыб. торфу да 6,6 м, сярэдняя 2,3 м. На асушаных землях сеюць травы, часткова збожжавыя і прапашныя культуры. На неасушаных участках пераважаюць гіпнава-асаковыя нізінныя ўчасткі, месцамі трапляюцца бяроза і вольха.
т. 3, с. 482
ВАЛНЕ́Я,
возера ў Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 33 км на Пн ад г. Гарадок. Пл. 0,27 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 500 м. Пл. вадазбору 6,25 км². Схілы катлавіны выш. да 3 м, парослыя забалочаным лесам і хмызняком, часткова пад лугам. Выцякае ручай у р. Дубоўка.
т. 3, с. 482
ВАЛО́БА,
Волаба, возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 34 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 3,39 км², даўж. 4,62 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі 17,1 км. Пл. вадазбору 56,5 км².
Катлавіна складанай формы, з мноствам заліваў, ляжыць сярод маляўнічых азёр, аб’яднаных пратокамі з р. Дрыса. Схілы катлавіны выш. 5—15 м, пад лесам, на З разараныя. Берагі пясчаныя, на У зліваюцца са схіламі. 9 астравоў агульнай пл. 7 га. Прыбярэжная зона да глыб. 3—4 м (у зах. частцы да 5—7 м) пясчаная. Зарастае ўздоўж берагоў. Упадае р. Студзёніца, злучана шырокай і глыбокай пратокай з воз. Сіньша. Месца адпачынку і турызму.
т. 3, с. 482