Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПА́ЛЬМА, Пальма-дэ-Мальёрка (Palma de Mallorka),

горад і порт у Іспаніі, на в-ве Мальёрка (Балеарскія а-вы). Адм. цэнтр аўт. вобл. Балеарскія Астравы і прав. Балеарэс. Засн. ў 123 да н.э. стараж. рымлянамі. Каля 300 тыс. ж. (2000). Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., гарбарна-абутковая, харч., суднабудаўнічая, шкляная, дывановая. Ун-т. Музеі. Арх. помнікі 13—15 ст. Прыморскі клімат. курорт. Адзін з буйнейшых у краіне цэнтраў турызму.

т. 12, с. 20

ПА́ЛЬМА Старэйшы,

Пальма Век’ё (Palma Vecchio; сапр. Негрэці; Negretti) Якопа (каля 1480, Серына, каля г. Бергама, Італія — 30.7.1528), італьянскі жывапісец; прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу эпохі Высокага Адраджэння. Вучыўся ў Дж.​Беліні. Зазнаў уплывы Джарджоне, Тыцыяна, Л.​Лота. Творы вызначаюцца мяккай, насычанай колеравай гамай, ідылічнасцю пейзажных фонаў, жыццярадаснасцю персанажаў: «Адам і Ева» (да 1512), «Тры сястры» (каля 1515—18), «Сустрэча Іакава і Рахілі» (каля 1520) і інш. Аўтар алтара царквы Санта-Марыя Фармоза ў Венецыі.

Я.Пальма. Адам і Ева. Да 1512.

т. 12, с. 20

ПА́ЛЬМАВЫ АЛЕ́Й,

тлусты невысыхальны алей з мякаці пладоў алейнай пальмы. Чырвона-аранжавае цвёрдае рэчыва, шчыльн. 921—925 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання 31—41 °C. Мае значную колькасць пальміцінавай кіслаты і караціноідаў. Выкарыстоўваюць пераважна для вырабу маргарыну, мыла, свечак, як кампанент змазачных матэрыялаў. З насення алейнай пальмы атрымліваюць пальмаядровы алей — харч. прадукт.

т. 12, с. 20

ПА́ЛЬМБАХ (Аляксандр Адольфавіч) (10.9.1897, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл. — 22.10.1963),

вучоны-цюрколаг. Праф. (1960). Засл. дз. л-ры і мастацтва Рэспублікі Тыва (1963). Скончыў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археал. ін-та (1918). У 1918—22 настаўнічаў у Лёзне. Выкладаў у Камуніст. ун-це працоўных Усходу, Чэлябінскім пед. ін-це і інш. З 1930 працаваў у Тувінскім НДІ мовы, л-ры і гісторыі. Адзін са стваральнікаў тув. пісьменнасці (1930); сааўтар першай «Граматыкі тувінскай мовы» (1961), «Асноў тувінскай арфаграфіі» (1963). Перакладаў на рус. мову творы С.​Тока, С.​Сарыг-Оала і інш. Як пісьменнік і перакладчык адыграў значную ролю ў станаўленні тув. маст. л-ры.

Літ.:

Александр Пальмбах — писатель и человек. Кызыл, 1967.

т. 12, с. 20

ПА́ЛЬМЕ ((Palme) Свен Улаф) (30.1.1927, Стакгольм — 28.2.1986),

шведскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Стакгольмскі ун-т (1951). З жн. 1944 журналіст у цэнтр. органе Кансерватыўнай партыі газ. «Svenska Dagbladet» («Шведская дзённая газета»). З 1953 асабісты сакратар прэм’ер-міністра Швецыі Т.Эрландэра. З 1958 дэп. парламента. З 1963 міністр-кансультант, з 1965 міністр камунікацый, з 1967 міністр асветы і культуры. З 1969 старшыня швед. С.-д. рабочай партыі. У 1969—76 прэм’ер-міністр Швецыі. Працягваў рэфарматарскі курс Эрландэра, выступаў за спыненне вайны ЗША у В’етнаме. У 1979—80 старшыня Паўн. савета. З вер. 1980 узначальваў створаную ім міжнар. няўрадавую «Незалежную камісію па раззбраенні і бяспецы» («Камісія П.»), якая распрацавала прапановы па стварэнні бяз’ядзернай зоны ў Цэнтр. Еўропе і шэраг інш. рэкамендацый для ААН. З 1982 зноў прэм’ер-міністр Швецыі. Застрэлены ў Стакгольме невядомым забойцам.

Літ.:

Похлебкин В.В. Олоф Пальме // Вопр. истории. 1990. № 7.

С.У.Пальме.

т. 12, с. 20

ПАЛЬМЕ́ЛА,

археалагічная культура эпохі энеаліту (3000—2500 да н.э.) у Цэнтр. Партугаліі. Назва ад аднайменнага найб. даследаванага могільніка (каля Лісабона). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на неўмацаваных паселішчах. З медзі вырабляла пляскатыя сякеры, а таксама тыповыя для П. наканечнікі стрэл з доўгім дзяржаннем і амаль круглым пяром. Керамічны посуд вырабляўся ў мясц. неалітычных традыцыях, сярод каменных вырабаў сустракаюцца амулеты — плоскавыпуклыя і цыліндрычныя чалавечыя фігуркі і паўмесяцы. Нябожчыкаў хавалі ў грабніцах, у бобападобных камерах, куды можна было трапіць праз доўгі калідор ці праз адтуліну ў даху.

А.​В.​Іоў.

т. 12, с. 20

ПА́ЛЬМЕРСТАН ((Palmerston) Генры Джон Тэмпл) (20.10.1784, Лондан — 18.10.1865),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Эдынбургскі (1803) і Кембрыджскі (1806) ун-ты. Напачатку паліт. кар’еры прымыкаў да торы, з 1830 — да вігаў. З 1807 дэп. палаты абшчын. З 1809 міністр па ваен. справах, у 1830—51 (з перапынкамі) міністр замежных спраў, у 1852—55 міністр унутр. спраў, у 1855—58 і з 1859 прэм’ер-міністр. У 1855—65 лідэр Ліберальнай партыі. Імкнуўся да захавання ў Еўропе прынцыпу «раўнавагі сіл» і ўмацавання ролі Вялікабрытаніі ў якасці яго гаранта; падтрымліваў нац. і ліберальныя рухі, калі іх дзейнасць і мэты супадалі з брыт. інтарэсамі. Адзін з ініцыятараў міжнар. прызнання незалежнасці Бельгіі. Садзейнічаў развязванню Крымскай вайны 1853—56. Урад П. анексіраваў Пенджаб (1849), задушыў Індыйскае народнае паўстанне 1857—59, Тайпінскае паўстанне ў Кітаі.

т. 12, с. 20

ПАЛЬМЕ́ТА (франц. palmette),

арнаментальны матыў у выглядзе сім. стылізаванага веерападобнага ліста пальмы. У мастацтве Стараж. Усходу, антычнасці і наступных эпох выкарыстоўвалася ў арх. дэкоры (напр., у выглядзе акратэрыя) і дэкар.-прыкладным мастацтве.

Пальметы.

т. 12, с. 20

ПАЛЬМІ́НКА,

назва р. Кабішчанка ў верхнім цячэнні.

т. 12, с. 21

ПАЛЬМІ́НКА,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., каля р. Кабішчанка. Цэнтр сельсавета. За 15 км на У ад г. Гарадок, 35 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Залучча. 1461 ж., 590 двароў (2000). Саўгас-камбінат «Паўночны». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 21