Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАЛУ́ЖЖА,

вёска ў Карэліцкім пас. Савеце Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Нёўда. Цэнтр племзавода «Карэлічы». За 6 км на ПдЗ ад г.п. Карэлічы, 191 км ад Гродна, 40 км ад чыг. ст. Наваельня. 603 ж., 120 двароў (2000). Базавая школа, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 17

ПА́ЛУЖСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., паміж вёскамі Горы і Дуброўка. Створана на р. Палуж у 1986. Пл. 1,5 км², даўж. 7,9 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 7 м, аб’ём вады 2,8 млн. м³. Ваганні ўзроўню на працягу года 1,3 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.

т. 12, с. 17

ПА́ЛУЖ 1-ы,

вёска ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Палуж, на аўтадарозе Краснаполле—Касцюковічы. Цэнтр Высакаборскага с/с і калгаса. За 10 км на У ад г.п. Краснаполле, 120 км ад Магілёва, 35 км ад чыг. ст. Камунары. 273 ж., 95 двароў (2000). Сярэдняя школа-сад, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. На паўн.-ўсх. ускраіне вёскі курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі.

т. 12, с. 17

ПАЛУПА́НАЎ (Андрэй Васілевіч) (14.9.1888, ст. Ханжонкава Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 5.12.1956),

удзельнік грамадз. вайны ў Беларусі. Скончыў Прамысл. акадэмію. З 1909 на Чарнаморскім флоце. Са студз. 1918 камандзір атрада маракоў, накіраванага ў Кіеў для барацьбы з Цэнтр. радай, камендант Кіева; потым на Усх. фронце, камандзір браняпоезда «Свабода або смерць!». У сак.—вер. 1919 камандуючы Дняпроўскай ваеннай флатыліяй (базіравалася і ў Гомелі). Удзельнічаў у баях з польск. войскамі пад Туравам, у абароне Гомельскага ўмацаванага раёна. З ліп. 1920 камандзір брыгады, начальнік бронечасцей 6-й арміі. Пасля грамадз. вайны на парт., сав. і гасп. рабоце. Аўтар кнігі «Свабода або смерць!» (1966).

Р.​К.​Паўловіч.

т. 12, с. 17

ПАЛУ́ШКА, паўдзенга,

руская манета, раўнялася ​1/2 маскоўскай ці ​1/4 наўгародскай дзенгі. Пасля грашовай рэформы 1534 складала ​1/4 кап. (0,17 г серабра), чаканілася да 1645. Паводле рэформы 1700 выпускаліся медныя П., у т. л. наміналы ў ​1/2 П. — паўпалушкі. Эмісія медных П. працягвалася да 1810 і з 1839 да 1916 (​1/4 капейкі).

Літ.:

Спасский И.Г. Русская монетная система. 4 изд. Л., 1970.

Палушка. Расія: 1 — 1700; 2 — 1796; 3 — 1857.

т. 12, с. 17

ПАЛУ́ШНІК, шыльнік (Isoëtes),

род дзеразападобных раслін сям. палушнікавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах. На Беларусі рэдкі атлантычна-еўрап. рэліктавы від — П. азёрны (I. lacustris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца пад вадой на глыб. 40—250 см (водныя формы), у вільготных мясцінах і часовых вадаёмах (наземныя і земнаводныя формы).

Вечна-, зімне- і летнезялёныя шматгадовыя расліны выш. 5—20 см. Лісце шылападобнае (адсюль другая і нар. назвы шыліца), цвёрдае, размешчана спіральна. Спарангіі круглаватыя ці авальныя, знаходзяцца каля асновы ліста (спарафіла) і ўкрыты перапончатым пакрывалам. Дэкар., прыдатныя для аквакультуры расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Палушнік азёрны.

т. 12, с. 18

ПА́ЛУШЫ,

вёска ў Гудагайскім с/с Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., каля р. Лоша. Цэнтр калгаса. За 5 км на З ад г.п. Астравец, 250 км ад Гродна, 2 км ад чыг. ст. Гудагай. 388 ж., 132 двары (2000). Пач. школа, клуб, б-ка. Каля вёскі курганны могільнік (2-я пал. 1-га тыс. н.э.).

т. 12, с. 18

ПАЛУЭ́КТАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 12.4.1952, г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар, піяніст. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1976). З 1976 выкладаў у Пскоўскім і Наваполацкім муз. вучылішчах. З 1980 у Мінску. Яго творчасці ўласціва цікавасць да разнастайных жанраў і стыляў. Сярод твораў: мюзікл «Граф Монтэ-Крыста» паводле А.​Дзюма (1985); сімф. паэма «Мцыры» паводле М.​Лермантава (1976), андантэ «Вега» (1981), Сімфаньета (1982) для сімф. арк.; санаты № 1—5 для фп. (1978—87), фп. трыо (1981), 2 сюіты для фп., «Зборнік дзіцячых п’ес» (1988—94) для фп., 90 джазавых тэм, хары на вершы М.​Багдановіча, П.​Броўкі, М.​Танка, С.​Ясеніна, І.​Нікіціна, А.​Фета, песні на ўласныя вершы і інш.

т. 12, с. 18

ПАЛУЯ́Н (Іван Васілевіч) (н. 20.8.1928, в. Некрашэвічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1981), праф. (1983). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951). З 1959 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1966 дац. БПІ, праф., з 1985 заг. кафедры Бел. тэхнал. ун-та. Даследуе рэв. і нац.-вызв. рух у Зах. Беларусі, сац.-эканам. развіццё бел. вёскі ў 1950—80-я г., унутр. і знешнюю палітыку Рэспублікі Беларусь, праблемы станаўлення бел. дзяржаўнасці. Адзін з аўтараў кн. «Рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі ў 1920—1939 гг.» (1962), 12-томнай «Гісторыі СССР са старажытных часоў да нашых дзён» (т. 9, 1971), 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 5, 1975) і інш.

Тв.:

Технические кадры белорусской деревни и развитие сельского хозяйства республики. Мн., 1978;

Западная Белоруссия в период экономического кризиса 1929—1933 гг. Мн., 1991.

т. 12, с. 18

ПАЛУЯ́Н (Сяргей Епіфанавіч) (19.10.1890, г. Брагін Гомельскай вобл. — 20.4.1910),

бел. публіцыст, празаік і літ.-знавец, адзін з пачынальнікаў бел. прафес. літ. крытыкі. У 1904—05 вучыўся ў Мітаўскай гімназіі (цяпер г. Елгава, Латвія). Удзельнік рэв. руху ў Кіеве і Мітаве. Супрацоўнічаў у газ. «Наша ніва», укр. перыяд. друку. Аўтар апавяданняў («Вёска» і інш.), вершаваных і драм. твораў (не выяўлены), вершаў у прозе, рэцэнзій («Якуб Колас. Другое чытанне для дзяцей беларусаў», «Тарас на Парнасе», «Ядвігін Ш. Дзед Завала» і інш.), першага ў бел. крытыцы агляднага арт. «Беларуская літаратура ў 1909 г.», першага гіст. нарыса новай бел. л-ры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках» (абодва 1910). Выступаў як тэатр. крытык («Віленская беларуская вечарынка», «Беларускія вячоркі», 1910, і інш.). Даследаваў укр. культуру і л-ру, бел.-ўкр. літ. сувязі (цыкл артыкулаў «Лісты з Украіны» і інш.). Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры («Пра нацыянальную школу на Беларусі», цыкл артыкулаў «З нашага жыцця»), падтрымліваў духоўнае адраджэнне інш. нацый. Для яго творчай манеры характэрна валоданне жывым і вобразным словам, доказнасць і аргументаванасць выказванняў, ужыванне гіст. аналогій. Скончыў самагубствам.

Тв.:

Лісты ў будучыню: Проза. Публіцыстыка. Крытыка. Мн., 1986.

Літ.:

Кабржыцкая Т., Рагойша В. Слядамі знічкі: Пра Сяргея Палуяна. Мн., 1990.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 18