Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАЛУЯ́Н (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 3.1.1928, в. Некрашэвічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1980), праф. (1993). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951). З канца 1944 працаваў у Магілёўскім пед. ін-це, з 1956 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе сац.-эканам. адносіны, рэв. і нац.-вызв. рух у Зах. Беларусі, гісторыю сялянства, агр. пераўтварэнняў і сац. адносін у БССР у 1921—41. Удзельнічаў у напісанні 2-томнай (т. 2, 2-е выд. 1961) і 5-томнай (т. 3—4, 1973—75) «Гісторыі Беларускай ССР», 12-томнай «Гісторыі СССР са старажытных часоў да нашых дзён» (т. 9, 1971), прац «Перамога калгаснага ладу ў Беларускай ССР» (1981), «Інстытут беларускай культуры» (1993), «Нарысы ваеннай гісторыі Беларусі» (ч. 3, 1995), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995) і інш.

Тв.:

Беларуская сялянска-рабочая грамада. Мн., 1967;

Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978.

С.Е.Палуян.

т. 12, с. 18

ПАЛЦІ́НА, палціннік,

манета вартасцю ў ​1/2 рубля. 1) У Стараж. Русі палавінны абрубак грыўні — рубля. На Беларусі абарачаліся П. наўгародскага (12—15 ст.) і зах.-рус. (13—15 ст.) тыпаў.

2) Грашова-лікавая адзінка Расіі, якая вызначала суму ў 100 дзенег (гл. Дзенга, 15—1-я трэць 16 ст.), пазней у 50 капеек. На Беларусі ў 1413 — пач. 16 ст. П. адпавядала 50 грошам пражскім, у 16—18 ст. — 50 грошам літоўскім або 62,5 грошам польскім.

3) Медная манета царскай Расіі, выпушчаная Новым (Англійскім) манетным дваром у 1654.

4) Сярэбраная манета Рас. імперыі ў 18—19 ст. Намінал — «полтина», у 1707, 1725—27 — «полтинникъ».

5) Залатая манета Рас. імперыі 1756, 1777—78, 1798—1859.

6) Сярэбраная манета СССР. Намінал — «один полтинник».

7) Сучасная прастамоўная назва манеты вартасцю ў 50 капеек.

Палціна: 1 — Расія, 1654; 2 — Расія, 1827; 3 — СССР, 1924.

т. 12, с. 18

ПАЛЫГАРСКІ́Т (назва ад Палыгорскага радовішча на Урале),

гліністы мінерал падкласа ланцуговых сілікатаў, водны сілікат магнію, Mg2Al2[Si8O20](OH)2∙8H2O. Мае пераменны хім. састаў. Крышталізуецца ў рамбічнай, радзей манакліннай і трыкліннай сінганіях. Утварае зблытана-валакністыя, зямлістыя, губкава-валакністыя, ліставатыя агрэгаты. Колер белы з жаўтавата-шараватымі адценнямі. Цв. 2—3. Шчыльн. 2—2,3 г/см³. Трапляецца ў корах выветрывання магнезіяльных парод, у выглядзе тонкіх налётаў і праслояў у трэшчынах, як дамешак мантмарыланітавых і інш. глін, мергеляў, вапнякоў. Выкарыстоўваецца для свідравальных раствораў, як цепла- і гукаізаляцыйны матэрыял, сарбент і каталізатар у нафтахіміі; у металургічнай, атамнай прам-сці і інш.

т. 12, с. 19

ПАЛЫ́КАВІЧЫ 1-я,

гарадзішча жалезнага веку каля в. Палыкавічы 1 -я Магілёўскага р-на. Утворана на рачным мысе, мае 2 пляцоўкі, складаную сістэму ўмацаванняў. Датуецца 1-м тыс. да н.э. — 3-й чвэрцю 1-га тыс. н.э. Знойдзены фрагменты ляпнога посуду, у т. л. глянцаванага, жал. наканечнікі стрэл, лязо сякеры, нажы з прамой спінкай, касцяныя шылы і іголкі, гліняныя прасліцы і інш.

т. 12, с. 19

ПАЛЫ́КАВІЧЫ 1-я,

вёска ў Магілёўскім р-не, на правым беразе р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 5 км на Пд ад Магілёва. 1303 ж., 430 двароў (2000). Акц. т-вы «Расма» і «Саюз». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Курган Памяці на ўвекавечанне мірных грамадзян, загубленых ням.-фаш. захопнікамі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі археал. помнік Палыкавічы 1-я.

т. 12, с. 19

ПАЛЫ́КАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

другая назва Безыменнага возера.

т. 12, с. 19

ПАЛЫ́Н (Artemisia),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 400 (па інш. звестках 250) відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. Некат. віды дамінуюць у раслінным покрыве засушлівых, пераважна засоленых абласцей (напр., палынныя пустыні Паўд. Казахстана, Сярэдняй Азіі). На Беларусі 15 відаў. Найб. вядомыя П.: горкі (A. absinthium), звычайны, або чарнобыльнік (A. vulgaris), палявы (A. campestris). Культывуецца П. эстрагонавы, або эстрагон. Трапляюцца на сухіх лугах, пясках, у агародах, садах, каля жылля.

Адна-, двух- і шматгадовыя, пераважна апушаныя травяністыя расліны і паўкусты выш. да 1,5 м. Большасць мае характэрны «палынны» пах. Сцёблы прамастойныя, узыходныя ці ляжачыя. Лісце перыстарассечанае, лопасцевае ці суцэльнае. Жоўтыя ці чырванаватыя кветкі ў дробных шматлікіх кошыках, якія сабраны ў агульныя гронкападобныя або мяцёлчатыя суквецці. Плод — сямянка. Як лек. сродак ужываюць П. цытварны, горкі і інш. Лек., кармавыя, фарбавальныя, эфіраалейныя, вострапрыпраўныя, інсектыцыдныя і дэкар. расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Палын: 1 — звычайны, 2 — горкі.

т. 12, с. 19

ПАЛЫ́НАЎ (Барыс Барысавіч) (4.8.1877, г. Стаўрапаль, Расія — 16.3.1952),

расійскі глебазнавец, геахімік і географ. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1933). Скончыў Лясны ін-т (1900) і ун-т у Пецярбургу (1908). З 1920 праф. Данскога політэхн. ін-та ў Новачаркаску, з 1923 Ленінградскага, у 1935—36 і з 1947 Маскоўскага ун-таў; адначасова з 1923 у АН СССР (з 1925 у Глебавым ін-це). Навук. працы па тэорыі глебаўтварэння, фарміраванні асн. тыпаў кары выветрывання, класіфікацыі прыродных ландшафтаў і іх геахіміі, па метадах даследавання грунтоў. Вял. залаты медаль (1926) і залаты медаль імя Сямёнава-Цян-Шанскага (1928) Геагр. т-ва СССР.

Тв.:

Избр. труды. М., 1956.

т. 12, с. 19

ПАЛЫ́НІН (Фёдар Пятровіч) (20.10.1906, с. Сухі Астрог Балакоўскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 21.11.1981),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген-палк. авіяцыі (1946), Герой Сав. Саюза (1938). Скончыў Аб’яднаную і Арэнбургскую школы лётчыкаў (1929, 1931), курсы ўдасканалення нач. саставу пры Ваенна-паветр. акадэміі (1935), Ваен. акадэмію Генштаба (1955). Вызначыўся ў яп.-кіт. вайне 1937—38. У Вял. Айч. вайну з 1943 камандуючы 6-й паветр. арміяй, якая ўдзельнічала ў Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1944—47 у Войску Польскім, потым на камандных пасадах у ВПС.

т. 12, с. 19

ПАЛЬМ ((Palm) Маці-Іаханес) (н. 13.1.1942, Талін),

эстонскі спявак (высокі бас), педагог. Нар. арт. Эстоніі (1980). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1968), з 1976 выкладае ў ёй. З 1969 саліст Нац. оперы «Эстонія». Валодае моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Барыс Гадуноў і Пімен, Іван Хаванскі («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), кароль Рэне («Іаланта» П.​Чайкоўскага), Барыс Цімафеевіч («Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча), Філіп II, Атыла («Дон Карлас», «Атыла» Дж.​Вердзі), Галандзец («Лятучы галандзец» Р.​Вагнера), Мефістофель («Мефістофель» А.​Бойта), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Асмін («Выкраданне з сераля» В.​А.​Моцарта), Ваха («Вікерцы» Э.​Аава), Мехіс («Агні помсты» Э.​Капа) і інш. Выступае як камерны спявак. Прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў імя Ф.​Віньяса Дордаля (Барселона, 1972). Дзярж. прэмія СССР 1983.

т. 12, с. 20