ПАЛУЯ́Н (Сяргей Епіфанавіч) (19.10.1890, г. Брагін Гомельскай вобл. — 20.4.1910),

бел. публіцыст, празаік і літ.-знавец, адзін з пачынальнікаў бел. прафес. літ. крытыкі. У 1904—05 вучыўся ў Мітаўскай гімназіі (цяпер г. Елгава, Латвія). Удзельнік рэв. руху ў Кіеве і Мітаве. Супрацоўнічаў у газ. «Наша ніва», укр. перыяд. друку. Аўтар апавяданняў («Вёска» і інш.), вершаваных і драм. твораў (не выяўлены), вершаў у прозе, рэцэнзій («Якуб Колас. Другое чытанне для дзяцей беларусаў», «Тарас на Парнасе», «Ядвігін Ш. Дзед Завала» і інш.), першага ў бел. крытыцы агляднага арт. «Беларуская літаратура ў 1909 г.», першага гіст. нарыса новай бел. л-ры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках» (абодва 1910). Выступаў як тэатр. крытык («Віленская беларуская вечарынка», «Беларускія вячоркі», 1910, і інш.). Даследаваў укр. культуру і л-ру, бел.-ўкр. літ. сувязі (цыкл артыкулаў «Лісты з Украіны» і інш.). Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры («Пра нацыянальную школу на Беларусі», цыкл артыкулаў «З нашага жыцця»), падтрымліваў духоўнае адраджэнне інш. нацый. Для яго творчай манеры характэрна валоданне жывым і вобразным словам, доказнасць і аргументаванасць выказванняў, ужыванне гіст. аналогій. Скончыў самагубствам.

Тв.:

Лісты ў будучыню: Проза. Публіцыстыка. Крытыка. Мн., 1986.

Літ.:

Кабржыцкая Т., Рагойша В. Слядамі знічкі: Пра Сяргея Палуяна. Мн., 1990.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)