ПАЛКО́ЎНІК,
воінскае званне старшага афіцэрскага саставу ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў, у т. л. ў Беларусі. У Еўропе вядома з 16 ст. У Расіі ўведзена ў сярэдзіне 16 ст. для асоб, што камандавалі палкамі; як воінскае званне для камандзіраў палкоў «новага строю» — у 17 ст. Званне П. існавала ў войску Рэчы Паспалітай. П. называлі таксама камандзіраў палкоў ва Укр. казацкім войску, у т. л. ў Запарожскай Сечы. Ва Узбр. Сілах СССР уведзена ў 1935, у ВМФ для афіцэраў карабельнага саставу яму адпавядала званне капітана 1-га рангу. У Рэспубліцы Беларусь званне П. існуе і для асоб, якія знаходзяцца на службе ў КДБ, МУС і інш. сілавых структурах.
У.І.Свякла.
т. 12, с. 13
ПАЛМА́РЫС (Palmares),
Рэспубліка Палмарыс, дзяржава збеглых неграў-нявольнікаў у пальмавых лясах (палмарах) Паўн.-Усх. Бразіліі (цяпер штат Пернамбуку) у 1630—97. Утварылася ў выніку аб’яднання ўмацаваных пасёлкаў (кіломбус) збеглых неграў. Цэнтр — пас. Макаку. Прымітыўная дзяржава з элементамі родаплем. арганізацыі і ваен. дэмакратыі. На чале П. стаялі выбарны пажыццёвы правадыр і савет старэйшын. Узбр. сілы — нар. апалчэнне. Насельніцтва (20 тыс. чал., негры, мулаты, індзейцы) займалася земляробствам, паляваннем, збіральніцтвам, менавым гандлем з індзейскімі плямёнамі; асн. маса вернікаў вызнавала афрахрысц. сінкрэтычны культ. Зямля належала дзяржаве, існавалі абшчынныя палі і сямейныя надзелы. У гаспадарцы выкарыстоўвалася праца нявольнікаў з ваеннапалонных. Насельніцтва П. адбіла шматлікія карныя экспедыцыі галандскіх і партуг. каланізатараў, у 1679 і 1692 пад кіраўніцтвам правадыра Зумбі нанесла буйныя паражэнні партугальцам. У лют. 1694 партуг. войскі захапілі пас. Макаку і знішчылі б.ч. насельніцтва П., у 1697 разбурылі апошнія пасёлкі.
т. 12, с. 14
ПАЛМ-БІЧ (Palm Beach),
прыморскі кліматычны курорт на Атлантычным узбярэжжы ЗША (штат Фларыда). Вядомы з канца 19 ст. Размешчаны на вузкім пясчаным востраве (даўж. каля 29 км). Адзін з найб. фешэнебельных у ЗША курортаў, т. зв. амер. Рыўера. Цэнтр турызму і воднага спорту.
т. 12, с. 14
ПАЛО́ (Мікалай Пятровіч) (н. 5.8.1922, г. Ачынск Краснаярскага краю, Расія),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1948). Працаваў у т-рах Расіі. З 1963 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Творчасці ўласціва глыбокая распрацоўка вобразаў. Сярод лепшых роляў: Гастрыт («Вечар» А.Дударава), Сорын («Чайка» А.Чэхава), Карандышаў, Дадаеў, Латохін («Беспасажніца», «Лес», «Прыгажун мужчына» А.Астроўскага), Яравы («Любоў Яравая» К.Транёва), Арыстарх («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Марцьянаў («Сумленне» паводле Д.Паўлавай), Парогін («Адыходзіў стары ад старой» С.Злотнікава), Паскуаліна («Каляды ў хаце сіньёра Куп’ела» Э. дэ Філіпа). Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з І.Паповым, паст. ў Гомельскім т-ры, 1968).
Г.Р.Герштэйн.
т. 12, с. 14
ПАЛО́ВЕЦ,
рака ў Віцебскім і Лёзненскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Вымнянка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 158 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Куракі Лёзненскага р-на, цячэ ў межах Віцебскага ўзвышша. Вусце за 500 м ад г.п. Янавічы Віцебскага р-на. У верхнім цячэнні называецца Гарна. Рэчышча на працягу 7,5 км уверх ад вусця каналізаванае.
т. 12, с. 14
ПАЛО́ВІЦА,
рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Галбіца (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 38 км. Пл. вадазбору 211 км². Пачынаецца за 1 км на ПдЗ ад в. Кролікі, вусце на Пд ад в. Рымкі. Цячэ па паўд.-зах. частцы Полацкай нізіны. Даліна ў верхнім цячэнні на працягу 10—12 км слабавыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 500—700 м. Каля в. Кундры ад ракі адыходзіць канал, па якім частка сцёку перакідваецца ў р. Лучайка. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае.
т. 12, с. 14
ПАЛО́МНІЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
сярэдневяковыя творы пра паломніцтва ў «святую зямлю» — у Палесціну, на Афон і ў Канстанцінопаль. Гл. Хаджэнне.
т. 12, с. 14
ПАЛО́МНІЦТВА (ад лац. palma пальма),
вандраванне, падарожжа веруючых да «святых месцаў» для пакланення. У хрысціян П. пачалося з вандроўкі ў Палесціну, адкуль паломнікі прывозілі пальмавую ветку (адсюль назва). Праваслаўныя наведваюць таксама гару Афон (Грэцыя), Бары (Італія), католікі — Рым, Ларэта, Кампастэла (Італія), Лурд (Францыя), Фатыму (Партугалія). Мусульмане робяць П. (хадж) у Мекку, Медыну (Саудаўская Аравія), Кербелу (Ірак), будысты і сінтаісты — у Нару (Японія), ламаісты — у Лхасу (Кітай).
т. 12, с. 14
ПАЛО́МСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура фінскіх плямён, якія ў 5—1-й пал. 9 ст. жылі ў бас. р. Чапца ва Удмурціі (Расія). Назва ад помнікаў каля с. Паломскае. Асн. заняткі насельніцтва — ляднае земляробства, жывёлагадоўля, паляванне. Найб. пашыраныя помнікі — гарадзішчы пл. 0,5—2 га і могільнікі. Жытлы — прамавугольныя драўляныя дамы зрубнай канструкцыі (12 × 7 м) з адкрытымі каменнымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых ямах гал. чынам галавой на Пн, найчасцей у драўляных трунах. Мужчын хавалі звычайна ў паясах, нярэдка з узбраеннем і рыштункам каня, сякерамі, каля галавы часта ставілі медны кацялок; жанчыны — у святочным адзенні з метал. ўпрыгожаннямі, часта трапляюцца грыўні.
А.В.Іоў.
т. 12, с. 14
ПАЛО́НІЙ (лац. Polonium),
Po, радыеактыўны хім. элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 84, ат. м. 208,9824. Вядомы 27 ізатопаў з масавымі лікамі 192—218. Найб. доўгажывучы штучны 209Po (T1/2 — перыяд паўраспаду 102 гады). Ізатопы з масавымі лікамі 210—218 уваходзяць у прыродныя радыеактыўныя рады, найб. устойлівы з іх 210Po (T1/2 138,3 сут; α-выпрамяняльнік). Вылучаны з уранавай смаляной руды П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры ў 1898; назва ад лац. Polonia — Польшча.
Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 254 °C, tкіп 949 °C, шчыльн. 9136 кг/м³ (вылічаная). У паветры акісляецца. Узаемадзейнічае з растворамі кіслот. З вадародам утварае лятучы гідрыд PoH2. Атрымліваюць 210Po апрамяненнем метал. вісмуту нейтронамі, а таксама з адходаў перапрацоўкі уранавых руд. Выкарыстоўваюць для вырабу крыніц эл. энергіі на спадарожніках і ў пераносных прыстасаваннях, у сумесі з берыліем для атрымання лабараторных крыніц нейтронаў.
т. 12, с. 14