ПАЛЬМЕ́ЛА,
археалагічная культура эпохі энеаліту (3000—2500 да н.э.) у Цэнтр. Партугаліі. Назва ад аднайменнага найб. даследаванага могільніка (каля Лісабона). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на неўмацаваных паселішчах. З медзі вырабляла пляскатыя сякеры, а таксама тыповыя для П. наканечнікі стрэл з доўгім дзяржаннем і амаль круглым пяром. Керамічны посуд вырабляўся ў мясц. неалітычных традыцыях, сярод каменных вырабаў сустракаюцца амулеты — плоскавыпуклыя і цыліндрычныя чалавечыя фігуркі і паўмесяцы. Нябожчыкаў хавалі ў грабніцах, у бобападобных камерах, куды можна было трапіць праз доўгі калідор ці праз адтуліну ў даху.
А.В.Іоў.
т. 12, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)