Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАЛАЦІ́НА ГАЛЕРЭ́Я, Палацінская галерэя, галерэя Піці,

мастацкая галерэя ў г. Фларэнцыя (Італія); адзін з найбуйнейшых у свеце збораў жывапісу. Размешчана ў Палацца Піці. Аснову збору складае калекцыя роду Медычы, заснаваная ў 1620 (у 1820 адкрыта для публікі, з 1911 дзярж.). У зборы пераважаюць творы італьян. школ 15—17 ст. і фламандскай школы 17 ст., у т. л. шэдэўры Тыцыяна («Партрэт двараніна з шэрымі вачыма», «Марыя Магдаліна», «Партрэт П’етра Арэціна» і інш.), Рафаэля («Жанчына ў пакрывале», «Мадонна ў крэсле», «Мадонна дэль Грандука», партрэты Тамаза Інгірамі, Аньёла і Мадалены Доні і інш.; адна з лепшых у свеце калекцый яго работ), А. дэль Сарта («Звеставанне», «Узнясенне Дзевы Марыі» і інш.), Д.​Веласкеса («Конны партрэт Філіпа II» і інш.), А. ван Дэйка («Партрэт кардынала Г.​Бентывольё» і інш.), П.​П.​Рубенса («Чатыры філосафы» і інш.) і інш.

Літ.:

Галерея Питти. Флоренция: [Альбом]. М., 1971.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 11, с. 541

ПАЛАЦІ́ЎКА,

сорт грушы, тое, што Ільінка.

т. 11, с. 541

ПА́ЛАЦКІ ((Palacký) Францішак) (14.6.1798, в. Годславіцы ў Маравіі, Чэхія — 26.5.1876),

чэшскі гісторык, філосаф і паліт. дзеяч. Вучыўся ў евангелічным ліцэі ў Браціславе (1812—18). У 1818 апублікаваў (у сааўтарстве з П.І.Шафарыкам) твор «Пачаткі чэшскай паэзіі», у якім абгрунтаваў неабходнасць адраджэння нац. культуры і навукі. П. — ініцыятар рэарганізацыі Чэш. нац. музея (стаў цэнтрам навук. і культ. жыцця краіны) і стварэння (1831) культ.-асв. т-ва «Маціца чэшская». У 1840-я г. ўзначальваў чэш. нац.-ліберальны рух. У рэвалюцыю 1848—49 выступіў з разгорнутай праграмай аўстраславізму, старшынстваваў на Слав. з’ездзе ў Празе (1848). У канцы 1840 — пач. 1860-х г. дэп. аўстр. рэйхсрата і чэш. сейма, з 1860-х г. адзін з ідэйных лідэраў кансерватыўнай партыі старачэхаў. Аўтар эстэтыка-філас. і гіст. прац, у т. л. «Гісторыі чэшскага народа ў Чэхіі і Маравіі» (т. 1—5, 1848—72), у якой паказаў барацьбу чэхаў за нац. незалежнасць у сярэднія вякі, высока ацэньваў гусіцкі рух. Публікаваў крыніцы па паліт., эканам., культ. гісторыі, л-ры, мастацтве сярэдневяковай Чэхіі. Шмат зрабіў для падрыхтоўкі першай чэш. энцыклапедыі.

т. 11, с. 541

ПАЛА́ЦЦА (італьян. palazzo ад лац. palatium палац),

тып гар. палаца-асабняка, характэрнага для італьян. Адраджэння. Склаўся ў 15 ст. пераважна ў Фларэнцыі [арх. Ф.​Брунелескі (П.Піці), Мікелоца і інш.]. Класічнае П. ўяўляла сабой 3-павярховы (радзей 2- ці 4-павярховы) будынак, які фасадам выходзіў на вуліцу. Кампазіцыйным цэнтрам яго быў унутр. двор, абнесены арачнымі галерэямі. Раннія П. вылучаліся маналітнасцю аб’ёму, суровым вонкавым выглядам, мелі фасады, апрацаваныя буйным рустам. З 16 ст. ў афармленні фасадаў узмацнілася роля ордэрных элементаў і скульпт. дэкору; кампазіцыя набыла большую сувязь з гар. забудовай і прыродным асяроддзем (П.​Фарнезе ў Рыме, 1513—89, арх. А. да Сангала Малодшы, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта). Да задніх фасадаў стаў прылягаць тэрасны сад (арх. Д.​Брамантэ, Рафаэль і інш.). У розных абласцях Італіі склаліся мясц. разнавіднасці П.

Палацца Фарнезе ў Рыме. 1513—89.

т. 11, с. 541

ПАЛАЦЭ́СКІ [Palazzeschi; сапр. Джурлані

(Giurlani)] Альда (2.2.1885, г. Фларэнцыя, Італія — 17.8.1974),

італьянскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў як паэт зб-камі вершаў «Белыя коні» (1905) і «Ліхтар» (1907), у якіх уплыў футурызму. Першая кн. прозы «Адлюстраванні» (1908). Аўтар рамана-прытчы «Кодэкс Перла» (1911) пра крызіс чалавечых каштоўнасцей напярэдадні вайны, рамана «Піраміда» (1913—14, апубл. 1926), прасякнутага песімістычнымі поглядамі на свет, у якім парушыліся ўсе былыя ідэалы, кн. ўспамінаў дзяцінства «Эстампы дзевятнаццатага стагоддзя» (1932), рэаліст. рамана «Сёстры Матэрасі» (1934). Зб. апавяд. «Конкурс блазнаў» (1937) — своеасаблівая галерэя персанажаў, кожнаму з якіх давялося перажыць боль у жыцці. Тэма бацькоў і дзяцей у цэнтры раманаў «Браты Куколі» (1948) і «Рым» (1953). Іронія, фантаст. і псіхал. элементы, эксперыменты ў мове і ў распрацоўцы вобразаў уласцівы зб. паэзіі «Сэрца маё» (1968), зб-кам апавяд. «Жарты маладосці» (1956) і «Закончаны блазен» (1966), раманам «Дож» (1967), «Стэфаніна» (1969), «Гісторыя аднаго сяброўства» (1971) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Сестры Матерасси. Л., 1991.

С.​В.​Логіш.

т. 11, с. 541

ПАЛА́Ц ЛЁГКАЙ АТЛЕ́ТЫКІ Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у Мінску,

крытае мнагамэтавае спарт. збудаванне, прызначанае для трэніровак, правядзення рэсп. і міжнар. спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, боксе, гімнастыцы, фехтаванні, а таксама тэатр.-відовішчных мерапрыемстваў. Найб. спарт. збудаванне падобнага тыпу на Беларусі. Пабудаваны ў 1976 (арх. М.​Каўко, У.​Ісачанка, У.​Крыштановіч). Прамавугольнае ў плане збудаванне (125 × 48 м; аб’ём каля 119 тыс. м³) мае дэманстрацыйную арэну эліпсападобнай формы з 200-метровай 4-радовай і 6-радовай прамой бегавымі дарожкамі са спец. сінт. пакрыццём, стацыянарныя падковападобныя ў плане трыбуны на 3 тыс. месцаў, залы для трэніровак і размінкі, памяшканні для спартсменаў, адміністрацыі, абслуговага персаналу і тэхн. службы. Выразнасць архітэктуры дасягаецца пластычным вырашэннем канструкцыі перакрыцця залы манежа (блокі метал. ферм, размешчаных па крывой лініі), нерасчлянёнасцю і цэльнасцю паверхняў сцен фасадаў, ураўнаважанасцю агульнай кампазіцыі.

С.​Дз.​Філімонаў.

Палац лёгкай атлетыкі Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 540

ПАЛА́Ц МАСТА́ЦТВАЎ у Мінску,

назва да 1991 рэсп. Мастацкай галерэі.

т. 11, с. 541

ПАЛА́Ц СПО́РТУ,

гл. ў арт. Спартыўныя збудаванні.

т. 11, с. 541

ПАЛАЧА́НЕ,

частка ўсх.-слав. групы крывічоў, якія ў 9 ст. насялялі тэр. сучаснай Віцебскай і Пн Мінскай абласцей. Межавалі на Пд з дрыгавічамі, на ПдУ са смаленскімі крывічамі, на Пн і У з ізборскімі крывічамі і наўгародскімі славенамі, на З і ПнЗ з лета-літоўскімі плямёнамі. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», П. — славяне, якія атрымалі назву ад р. Палата (прыток Зах. Дзвіны). Стварылі адно з ранніх тэр.-паліт. аб’яднанняў, племянное «княжанне», якое дало пачатак Полацкаму княству. Самыя стараж. археал. помнікі — могільнікі культуры доўгіх курганоў паўн. Беларусі, паселішчы ў Полацку, Віцебску, Лукомлі, Свіла, Дзіўная і інш.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 11, с. 541

«ПАЛАЧА́НІН»,

беларускае выдавецкае т-ва. Існавала ў 1910 у Вільні. Выдала зборнік гумарыст. вершаў А.​Паўловіча «Снапок» (1910) і паэму Т.​Шаўчэнкі «Кацярына» (1911) у перакладзе Х.​Чарнышэвіча (рэд. перакладу Я.​Купала).

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявінамі роднага слова. Мн., 1971. С. 146.

т. 11, с. 541