Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАЛАЧА́НЫ,

вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Маладзечна—Валожын; чыг. станцыя на лініі Маладзечна—Ліда. Цэнтр сельсавета і калект. гаспадаркі добраахвотнага аб’яднання сялян «Палачаны». За 15 км на ПдЗ ад г. Маладзечна, 88 км ад Мінска. 1047 ж., 424 двары (2000). Асфальтабетонны з-д, акц. т-ва Маладзечна-лес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік камсамольцам. Помнікі архітэктуры — царква Раства Прасвятой Багародзіцы (2-я пал. 19 ст.), касцёл Роха (канец 18 ст.). За 1,5 км на Пн ад вёскі гіст. помнік — каменны крыж.

т. 11, с. 541

ПА́ЛАЧНІКІ,

атрад насякомых, гл. ў арт. Прывідавыя.

т. 11, с. 542

ПАЛА́Ш (польскае pałasz ад венг. pallos),

ручная халодная зброя, прызначаная для нанясення колючага або сякучага ўдару. Меў даўжыню простага адналязовага клінка 85 см, на канцы завостранага з двух бакоў, і дзяржанне з ахоўнай гардай. З’явіўся ў Еўропе ў 16 ст. і разам з шабляй і шашкай прызначаўся для замены мяча. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 17—18 ст. (быў на ўзбраенні гусараў, драгунаў і інш.). У войску ВКЛ ім таксама ўзбройваліся паштовыя (радавыя кавалерыі нешляхецкага паходжання); афіцэры коннай гвардыі былі ўзброены гвардз. П. з гардай, багата аздобленай пазалотай. У Расіі быў на ўзбраенні з канца 17 да канца 19 ст.; на флоце П., як від абардажнай зброі, меў больш кароткі клінок. Да 1917 П. — частка форменнай амуніцыі гардэмарынаў. У 1940—58 П. насілі курсанты сав. вышэйшых ваен.-марскіх вучылішчаў. У ВМФ Расіі і некаторых інш. дзяржаў П. уваходзіць у склад форменнага рыштунку для асістэнтаў пры Баявым Сцягу.

Палаш афіцэрскі. 19 ст.

т. 11, с. 542

ПАЛЕА... (ад грэч. palaios старажытны), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: старажытны, што належыць да старажытнасці (напр., палеаантрапалогія, палеабатаніка, палеаліт).

т. 11, с. 542

ПАЛЕААНТРАПАЛО́ГІЯ (ад палеа... + антрапалогія),

раздзел антрапалогіі, які вывучае змены фіз. тыпу чалавека ад першапачатковых стадый яго існавання (архантрапы) да канчатковага сфарміравання вял. рас сучаснага чалавецтва (неаантрапы). П. цесна звязана з палеанталогіяй, палеабатанікай, археалогіяй, геалогіяй антрапагену. Звесткі П. выкарыстоўваюць пры вывучэнні суадносін антрапа- і сацыягенезу, гісторыі фарміравання, рассялення, узаемадзеяння і ўзаемаўплыву расавых тыпаў і ў сувязі з некат. пытаннямі антрапагенезу і этнагенезу.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАА́НТРАПЫ (ад палеа... + грэч. anthrōpos чалавек),

выкапнёвыя людзі, якія жылі ў эпоху ніжняга (ранняга) і сярэдняга палеаліту (150—35 тыс. г. назад). Гл. Неандэртальцы.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАБАТА́НІКА (ад палеа... + батаніка),

фітапалеанталогія, навука пра выкапнёвыя расліны; раздзел палеанталогіі і батанікі. Вывучае драўніны (палеаксілалогія), насенне, плады, дыяспоры (палеакарпалогія, або палеадыяспаралогія), пылок і споры (палеапаліналогія), эпідэрму і вусцейкавы апарат выкапнёвых раслін (палеастаматаграфія), адбіткі і рэшткі іх лістоў, сцёблаў і інш. ч. (іхнафіталогія), выкапнёвыя водарасці (палеаальгалогія, або палеафікалогія) і грыбы (палеамікалогія). Асн. кірункі даследаванняў: марфал., сістэм. (філагенет.), фларыстычны (палеафларыстыка), экалагічны (палеаэкалогія раслін), вывучэнне пашырэння раслін геал. мінулага (палеафітагеаграфія). Цесна звязана з гіст. геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеакліматалогіяй, эвалюц. вучэннем і інш. Мае важнае значэнне для геал. разведкі.

Знаходкі рэшткаў выкапнёвых раслін упаміналіся з 7—6 ст. да н.э. (Ксенафан і інш.). Як навука П. сфарміравалася ў пач. 19 ст. (А.​Браньяр, ням вучоны Э.​Шлотгайм, чэш. — К.​М.​Штэрнберг). Уклад у яе развіццё зрабілі Ф.Унгер, англ. вучоныя В.​Ланг, Дз.​Г.​Скот, У.​Чаланер, Д.​Эдвардс, ням. — Г.​Вайланд, В.​Готан, Р.​Кройзель, амер. — Дж.​Аксельрад, Х.​Банкс, Ф.​Х’юбер, рас. — А.Л.Тахтаджан, Х.Ф.Шмальгаўзен, М.​Дз.​Залескі, Я.​Р.​Зямбніцкі, А.​М.​Крыштафовіч, С.​В.​Меен, К.​Я.​Мерклін, К.​В.​Навік, М.​Ф.​Нейбург, І.​У.​Палібін, Э.​І.​Эйхвальд, А.​Л.​Юрына і інш.

На Беларусі пытанні П. вывучаюць з пач. 20 ст. (У.С.Дактуроўскі, У.М.Сукачоў). Шырокія даследаванні (пераважна сістэм. і фларыстычныя ў галіне палеапаліналогіі, палеакарпалогіі і дыятомавага аналізу) вядуцца з 1950—60-х г. (Ф.Ю.Велічкевіч, Н.А.Махнач, Г.​І.​Кеда, Э.​А.​Крутавус, С.​С.​Маныкін, Г.​К.​Хурсевіч, Т.​В.​Якубоўская, Я.​К.​Яловічава і інш.). Навук. цэнтры: Ін-т геал. навук. Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачны НДІ.

Літ.:

Криштофович А.Н. История палеоботаники в СССР. М., 1956;

Палеокарпологические исследования кайнозоя. Мн, 1982;

Мейен С.В. Основы палеоботаники. М., 1986.

Т.​Р.​Абухоўская.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАБІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + біягеаграфія),

навука аб пашырэнні і размеркаванні арганізмаў і іх згуртаванняў у геал. мінулым; раздзел палеанталогіі. На падставе выяўленых спосабаў жыцця і ўмоў існавання выкапнёвых арганізмаў, асаблівасцей намнажэння і залягання іх рэшткаў і інш. высвятляе фізіка-геагр. становішча былых геал. эпох, што выкарыстоўваецца пры складанні палеагеагр. і прагнозных карт. Звязана з гіст. біягеаграфіяй і геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеаэкалогіяй, стратыграфіяй, тафаноміяй і інш. На Беларусі асобным пытанні П. вывучаюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ.

Літ.:

Палеонтология, палеобиогеография и мобилизм. Магадан, 1981.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАБІЯЦЭНО́З (ад палеа... + біяцэноз),

палеацэноз, прыродная сукупнасць выкапнёвых арганізмаў, якія жылі разам і стваралі пэўны біяцэноз. Ад сучаснага біяцэнозу адрозніваецца адсутнасцю рэшткаў бесшкілетных арганізмаў, якія не маглі зберагчыся ў выкапнёвым стане, і наяўнасцю рэшткаў арганізмаў, якія выпадкова занесены ў месцы пахавання. Рэканструкцыя П. праводзіцца шляхам палеаэкалагічнага аналізу арыктацэнозу (комплекс акамянеласцей) і тафацэнозу (збор рэшткаў жывёл і раслін, што захаваліся і пакрыліся асадкамі). Вынікі вывучэння П. выкарыстоўваюцца пры складанні палеагеагр. карт. На Беларусі вывучэнне П. праводзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ. Гл. таксама Танатацэноз.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць фізіка-геагр. ўмовы геал. мінулага: размеркаванне сушы і мора, рачную і азёрную сетку, характар рэльефу мацерыкоў і ложа акіянаў, пашырэнне зледзяненняў, становішча межаў прыродных зон і г.д. Выкарыстоўваюцца для прагнозу карысных выкапняў, планавання і правядзення геолага-пошукавых работ, навук. мэт і інш. Вылучаюць П.к. адпаведных перыядаў, эпох і інш. раздзелаў геахраналагічнай шкалы, палеатэктанічныя, палеагеамарфалагічныя, палеакліматычныя, палеабатанічныя і інш. Для тэр. Беларусі складзены П.к. розных тэматык для многіх геал. эпох і больш дробных адрэзкаў геал. часу. Гл. таксама Палеагеаграфія.

І.​В.​Клімовіч.

т. 11, с. 542