Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАЛАСА́ ПРАПУСКА́ННЯ,

дыяпазон частот для забеспячэння перадачы сігналу з дапушчальнымі скажэннямі яго формы. У межах П.п. амплітудна-частотная характарыстыка (АЧХ) акустычнай, радыётэхн. ці аптычнай прылады дастаткова раўнамерная, а яе фазава-частотная характарыстыка (ФЧХ) лінейная. Асн. параметры: шырыня П.п., нераўнамернасць АЧХ і нелінейнасць ФЧХ. Патрабаванні да П.п. пэўнага апарата (канала сувязі) вызначаюцца яго прызначэннем. Напр., для тэлеф. сувязі дастаткова П.п. (па нізкай частаце) 300—3400 Гц, для высакаякаснага ўзнаўлення муз. твораў 30—15 000 Гц, для радыёканалаў наземнага тэлевізійнага вяшчання — шырыня П.п. 6,7 ці 8 МГц у залежнасці ад стандарта.

т. 11, с. 538

ПАЛА́ТА (ад лац. palatium палац),

1) у сярэдневяковай рус. архітэктуры зала, звычайна бясстоўпная ці з адным стаўпом, што падтрымлівае скляпенне.

2) Установа, якая размяшчаецца ў падобных залах (напр., Аружэйная П.).

3) Асобны пакой у бальніцах для размяшчэння хворых.

т. 11, с. 538

ПАЛАТА́,

рака ў Пскоўскай вобл. Расіі і Полацкім р-не Віцебскай вобл. Беларусі; правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 93 км. Пл. вадазбору 651 км². Выцякае з воз. Колпіна за 1,4 км на ПнУ ад в. Колпіна Невельскага р-на, цячэ праз воз. Неклач (Расія), па Полацкай нізіне і воз. Ізмак. Вусце ў межах г. Полацк. Даўж. на тэр. Беларусі 86 км, пл. вадазбору больш за 470 км². Прытокі: Лютая, Страдань (справа), Тросніца і Чартоўка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 100—400 м. Пойма двухбаковая, месцамі адсутнічае, шыр. 150—300 м. Рэчышча моцназвілістае, на асобных участках у верхнім і сярэднім цячэнні на працягу 14,2 км каналізаванае: шыр. яго 5—10 м, ніжэй упадзення р. Лютая месцамі да 30 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,8 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. Пры ўпадзенні ў Зах. Дзвіну — г. Полацк.

т. 11, с. 538

ПАЛАТА́,

вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., каля р. Палата. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 25 км на ПнУ ад г. Полацк, 130 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Палата. 634 ж., 273 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі гарадзішча днепра-дзвінскай культуры.

т. 11, с. 538

ПАЛАТАГРА́ФІЯ (ад лац. palatum паднябенне + ...графія),

адзін з метадаў эксперым. фанетыкі, з дапамогай якога вызначаецца месца сутыкнення языка з паднябеннем пры гукаўтварэнні. Адрозніваюць П. статычную і дынамічную. Здымкі, або артыкуляцыйныя карты, з адлюстраваннем розных органаў маўлення ў час вымаўлення гукаў пэўнай мовы падзяляюць на палатаграмы (паднябенне), лабіяграмы (губы), лінгваграмы (язык), рэнтгенаграмы (маўленчы апарат цалкам).

Літ.:

Барышнікава К.К., Падлужны А.І. Эксперыментальна-фанетычныя даследаванні ў Беларусі // Бел. лінгвістыка. 1974. Вып. 5.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 539

ПАЛАТАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. palatum паднябенне),

пад’ём сярэдняй часткі спінкі языка да цвёрдага паднябення пры губной, пярэднеязычнай ці заднеязычнай артыкуляцыі зычнага гука, т.зв. змякчэнне зычных. П. можа быць дадатковай артыкуляцыйнай прыкметай, калі яна абумоўлена пазіцыяй зычнага ў слове: («лес»), ці самаст. фаналагічнай рысай, калі мяккасць зычнага не залежыць ад пазіцыі ў слове («мэбля»). У першым выпадку такія зычныя называюць палаталізаванымі, у другім — палатальнымі. Характэрны тон і шум, якія з’яўляюцца пры П., робяць мяккія зычныя больш высокімі на слых, чым іх цвёрдыя адпаведнікі.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 539

ПАЛА́ТА, 1) назва прадстаўнічых органаў ці іх асобных састаўных частак (напр., Нац. сход Рэспублікі Беларусь складаецца з 2 П. — П. прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі).

2) Назва некат. дзярж. ці грамадскіх арг-цый і ўстаноў (напр., Кніжная П., Гандлёва-прамысловая П.).

3) У дарэв. Расіі судовыя П. — органы па разглядзе грамадз. і крымінальных спраў (уведзены суд. рэформай 1864).

т. 11, с. 538

ПАЛА́ТА АБШЧЫ́Н,

назва ніжніх палат парламента ў Вялікабрытаніі і Канадзе.

т. 11, с. 538

ПАЛА́ТА ДЭПУТА́ТАЎ,

назва аднапалатных парламентаў Грэцыі, Люксембурга і ніжніх палат парламентаў Балівіі, Бразіліі, Венесуэлы, Дамініканскай Рэспублікі, Італіі, Мексікі і некаторых інш. краін.

т. 11, с. 538

ПАЛА́ТА КРЫМІНА́ЛЬНАГА СУДА́,

вышэйшы судовы орган па крымінальных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. У 1778 П.к.с. ўведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці рэвізійнай (рашаючай) інстанцыі разглядала справы аб злачынствах, якія прадугледжвалі смяротнае пакаранне, гандлёвае пакаранне, пазбаўленне гонару; у якасці суда 1-й інстанцыі — справы па абвінавачванні ў службовых злачынствах. Апеляцыйнай і рэвізійнай інстанцыяй для П.к.с. быў Сенат. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. Паводле ўказа Паўла I ад 6.2.1797 П.к.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. Ў якасці 1 -й інстанцыі разглядалі справы аб службовых злачынствах чыноўнікаў. У адносінах да судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 П.к.с. паводле ўказа Сената аб’яднаны з палатамі цывільнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.

А.​У.​Марыскін.

т. 11, с. 538