Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАЛАНІ́ЗМ,

слова, запазычанае з польскай мовы. У бел. мову пачалі пранікаць з канца 14 ст. Працэс актыўнага папаўнення слоўніка бел. мовы П. працягваўся да 1930-х г. Запазычанне іх адбывалася 2 шляхамі: вусным (у выніку зносін беларусаў з палякамі як з суседнім народам і з прадстаўнікамі польск. народа, што жылі на Беларусі) і пісьмовым (праз пераклады твораў з польск. мовы на бел.). Сярод П. выдзяляюцца грамадска-паліт. тэрміны («айчына», «братэрства»), ваен. («моц», «палкоўнік»), бытавыя словы («пярсцёнак», «сукенка»), прастамоўныя («быдла», «лямант»). Праз польск. мову ў бел. лексіку прыйшла значная колькасць слоў з інш. моў (лац. «колер», ням. «карэта»). Лексіцы польск. паходжання ў сучаснай бел. мове ўласцівыя: спалучэнні «ен» («эн»), «ён»(«он»), «ан» на месцы насавых галосных ę, ą («парэнчы», «маёнтак», «вандроўка»); «-дл-» («кавадла», «страшыдла»); «-лу-» паміж зычнымі («слуп», «тлусты»); суфіксы «-іск-а» («вятрыска»); «-унак» («пакунак»); «-ізн-а» («бялізна»); цвёрдае вымаўленне зычных перад галоснымі «е» («э»): «бэз», «пэўны»; «я» («а») на месцы ўсх.-слав. «е» («э»): «жалязка», «бляск»; гук «ц» (на месцы «ч»): «цудоўны» (рус. «чудесный»), «цурацца» (рус. «чуждаться»).

П.​У.​Сцяцко.

т. 11, с. 536

ПАЛАНІ́НЫ, планіны (ад балг., сербскахарвацкага, славенскага планіна — гара, горны ланцуг, горная паша),

слабаўзгорыстыя верхнія ўчасткі Карпат і асобных хрыбтоў Балканскага п-ва, пакрытыя высакатраўнымі лугамі. Выкарыстоўваюцца як летнія пашы і сенажаці. Тэрмін уваходзіць у склад назваў шэрагу хрыбтоў (напр., Стара-Планіна) і асобных вяршынь.

т. 11, с. 537

ПАЛАНЭ́З [польск. polonez ад франц. (danse) polonaise польскі танец],

старадаўні польскі танец-шэсце ўрачыстага характару. Жанрава вызначальныя рысы — 3-дольны тактавы памер, тыповая рытмаформула , каданс . Папярэднік П. —4-дольны павольны «пешы» танец, які вылучыўся з вясельных абрадавых танцаў, у 17 ст. адкрываў вясковыя святы або выконваўся ў час вяртання з палявых работ. У 18 ст. пад назвай «польскі танец» пашырыўся ў шляхецкім асяроддзі, дзе набыў ваяўнічы характар. У канцы 18 ст. атрымаў назву «П.» Адыграў прыкметную ролю ў фарміраванні нац. аблічча польскай прафес. музыкі. З 1790-х г., калі паявіліся «Паланэзы не для танца» М.​К.​Агінскага, і ў 19 ст., у перыяд рамантызму, П. узбагаціўся рысамі паэмнасці, значна пашырыўся яго эмац. дыяпазон. Вяршыні развіцця дасягнуў у творчасці Ф.​Шапэна. Да П. звярталіся І.​С.​Бах, В.​А.​Моцарт, К.​М.​Вебер, М.​Глінка, П.​Чайкоўскі, А.​Скрабін, А.​Лядаў і інш.

Найб. раннія звесткі пра П. на Беларусі адносяцца да 1780-х г. і звязаны з творчасцю Я.​Д.​Голанда (арыя Паляка з оперы «Чужое багацце нікому не на карысць», паст. 1780, Нясвіж) і Р.​Вардоцкага (арыя з оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», паст. ў школьным т-ры Забельскага дамініканскага калегіума, Верхнядзвінскі р-н). У 19 ст. вядомы П. для канцэртнага выканання І.​Дабравольскага (для скрыпкі), Міхала Казіміра Агінскага (для скрыпкі і фп.), Міхала Клеафаса Агінскага і В.​Казлоўскага (для арк.), Н.​Орды, А.​Абрамовіча, С.​Манюшкі, К.​Ельскага, Ф.​Міладоўскага (для фп.) і інш. Асаблівую папулярнасць набыў П. «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага. З сучасных бел. кампазітараў П. пісалі Дз.​Лукас (з музыкі да кінафільма «Несцерка»), Ю.​Бяльзацкі (з сюіты на тэмы польск. нар. танцаў), Г.​Вагнер (з балета «Падстаўная нявеста») і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 537

ПАЛАНЭ́ЧКА,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Змейка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Баранавічы, 236 км ад Брэста, 21 км ад чыг. ст. Пагарэльцы. 647 ж., 283 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль, Паланэчкаўскі Юр’ёўскі касцёл.

Вядома з 16 ст. як мястэчка ў Навагрудскім пав. Належала Рудамінам-Дусяцкім, потым Радзівілам, пры якіх пабудаваны палац. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. ў Жухавіцкай вол. Навагрудскага пав. У 1845 пад апякунствам К.​Радзівіла ў П. знаходзілася рэдакцыя час. «Народ і час», які выдаваў Я.​Філіповіч (выйшаў 1 нумар). У час паўстання 1863—64 у наваколлі П. дзейнічалі паўстанцкія атрады. У сярэдзіне 1880-х г. пад назвай П. былі 3 нас. пункты: мястэчка (454 ж., 62 двары, касцёл, капліца, земскае нар. вучылішча, вадзяны млын, крама), вёска (9 двароў) і маёнтак. У пач. 20 — сяло (459 ж., 89 двароў) і маёнтак (29 ж.). З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка (523 ж., 99 двароў, цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.) і фальварак (77 ж., 9 дамоў). З 1939 у БССР, вёска. З 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Гарадзішчанскім р-не. З 14.4.1960 у Савіцкім с/с, з 25.12.1962 у Баранавіцкім р-не. З 12.9.1986 зноў цэнтр сельсавета.

Г.​І.​Дулеба.

т. 11, с. 537

ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва канца 18—1-й пал. 19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Уключаў палац, капліцу-пахавальню, аранжарэю, уязную браму, млын, парк. Палац закладзены К.​Радзівілам. Пабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. ў стылі ампір на левым беразе р. Змейка, у 2-й пал. 19 ст. аднаўляўся А.​С.​Радзівілам. У 19 ст. ў палацы былі б-ка, архіў, калекцыі нумізматычная і твораў мастацтва. Значна пашкоджаны ў 1917 і асабліва ў 1943; адноўлены. Мураваны палац мае сім.-восевую 3-часткавую кампазіцыю. У цэнтры дамінуе 2-павярховы ў плане набліжаны да квадрата будынак, да якога з бакоў далучаны галерэямі квадратныя ў плане 1-павярховыя павільёны. Да паўд.-зах. боку ў 2-й пал. 19 ст. прыбудаваны корпус зімовага саду (аранжарэя) у рэтраспектыўных формах готыкі (не захаваўся). Будынкі накрыты ярусна ўзнятымі пакатымі шатровымі дахамі. Цэнтр. частка гал. фасада вылучана плоскімі пілястрамі, дэкарыравана гермамі (на 2-м паверсе) і была завершана трохвугольным франтонам (не захаваўся), на тымпане якога знаходзіўся герб уладальнікаў Радзівілаў (належаў ім да 1939). Плоскасныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, аздобленымі плоскімі ліштвамі з сандрыкамі на фігурных кранштэйнах і філёнгамі, размежаваны міжпаверхавымі паясамі. Парк пейзажна-рэгулярнай планіроўкі складаўся з 2 частак. Пейзажная частка (з сажалкай) размешчана перад палацам на 4 тэрасах, якія з невял. перападамі спускаліся да ракі. Верхняя прамавугольная тэраса, умацаваная падпорнымі сценкамі, па перыметры была абсаджана таполяй чорнай пірамідальнай. На газоне перад палацам — сонечны гадзіннік. Алея па падоўжнай восі ішла праз парк да капліцы-пахавальні заснавальніка сядзібы. За палацам быў разбіты рэгулярны «французскі парк» са шпалерамі і баскетамі.

А.​М.​Кулагін.

Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.
Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. Галоўны фасад палаца. Фота пач. 20 ст.

т. 11, с. 537

ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ Ю́Р’ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік драўлянага дойлідства 18—19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1751, у 1899 рэканструяваны (арх. К.​Вайцяхоўскі) непадалёку ад Паланэчкаўскага палацава-паркавага ансамбля. У архітэктуры выкарыстаны элементы стылю несапраўднай готыкі Прамавугольны ў плане асн. аб’ём з 5-граннай апсідай. З У да апсіды прылягаюць 2 нізкія сакрысціі, аднасхільныя дахі якіх сіметрычна выступаюць за асн. аб’ём. З захаду на гал. фасадзе 2 вежы, завершаныя глухімі чацверыкамі з высокімі пірамідальнымі шатрамі. Паміж вежамі — франтон з люнетам. Гал. ўваход аформлены дэкар. ганкам з 2-схільным навесам на 2 калонках. У інтэр’еры арган, аздоблены віленскім майстрам Ф.​Астрамескім (1897), 2-ярусны разьбяны алтар.

Т.​І.​Чарняўская, М.​М.​Яніцкая.

Паланэчкаўскі Юр’еўскі касцёл.

т. 11, с. 537

ПАЛА́С,

двухбаковы дыван без ворсу ручной ці машыннай работы.

т. 11, с. 537

ПАЛА́С (Пётр Сімон) (22.9.1741, Берлін — 8.9.1811),

расійскі прыродазнавец, географ і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1767). Вучыўся ў Германіі, Галандыі, Вялікабрытаніі. З 1767 жыў у Расіі. У 1768—74 узначаліў экспедыцыю Пецярбургскай АН у цэнтр. вобласці Расіі, раёны ніжняга Паволжа, Прыкаспійскай нізіны, сярэдняга і паўд. Урала, паўд. Сібіры. Навук. працы па заалогіі, палеанталогіі, батаніцы, этнаграфіі і інш. Адкрыў і апісаў шмат відаў млекакормячых, птушак, рыб, насякомых і інш. жывёл, у т. л. ланцэтніка. Даследаваў выкапнёвыя рэшткі буйвала, маманта, валасатага насарога. Адлюстраваў гіст. развіццё жывёльнага свету ў выглядзе радаслоўнага дрэва. Аўтар прац: «Падарожжа па розных правінцыях Расійскай дзяржавы» (т. 1—3, 1773—88) і «Флора Расіі» (т. 1—2, 1784—88).

т. 11, с. 538

ПАЛАСА́ТЫЯ СПЕ́КТРЫ,

аптычныя спектры малекул і крышталёў. Узнікаюць пры электронных пераходах у малекулах і міжзонных пераходах у крышталях, складаюцца з шырокіх спектральных палос, размяшчэнне якіх у спектрах рознае для розных рэчываў. П.с. простых малекул распадаюцца на больш вузкія вагальныя палосы і вярчальныя лініі, у складаных малекул звычайна суцэльныя (не маюць дыскрэтнай структуры). Гл. таксама Малекулярныя спектры, Спектры крышталёў.

т. 11, с. 538

ПАЛАСА́ АДЧУЖЭ́ННЯ, паласа адводу,

тэрыторыя абапал шашэйных дарог і чыгунак (да 50 м з кожнага боку), выключаная з землекарыстання. На П.а. ствараюцца лесапалосы, якія ахоўваюць дарогу ад неспрыяльных метэаралагічных і інш. фактараў (заносу снегам, пяском, размыву). Буд-ва ў межах палос, не звязанае з патрэбамі абслугоўвання дарог, забаронена.

т. 11, с. 538