ПАЛАВЫ́Я ЗЛАЧЫ́НСТВЫ,
злачынныя пасяганні на палавыя адносіны і прынцыпы палавой маралі. Прыносяць шкоду здароўю і годнасці грамадзян, адносяцца да злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды асобы і караюцца ў адпаведнасці з нормамі крымін. заканадаўства. Падзяляюцца на злачынствы, накіраваныя супраць палавой свабоды дарослых (згвалтаванне, прымушэнне жанчыны да ўступлення ў палавую сувязь, гвалтоўная педэрастыя); злачынствы, накіраваныя супраць нармальнага палавога развіцця непаўналетніх (згвалтаванне непаўналетняй або малалетняй, палавая сувязь з асобай, якая не дасягнула палавой сталасці, распусныя дзеянні, педэрастыя з непаўналетнім). Найб. цяжкім з П.з. з’яўляецца згвалтаванне малалетняй, за якое вінаваты можа быць асуджаны да пажыццёвага зняволення.
т. 11, с. 533
ПАЛАВЫ́Я О́РГАНЫ, геніталіі,
органы палавога размнажэння жывёл і чалавека. З’яўляюцца першаснымі палавымі прыкметамі. Большасць відаў жывёл аднаполыя, мужчынскія і жан. П.о. падзяляюць на вонкавыя і ўнутр. (розныя па будове, але гамалагічныя па супольнасці іх эмбрыянальных зачаткаў). Звязаны з органамі выдзялення. Да П.о. адносяць палавыя залозы (семяннікі, яечнікі, гермафрадытныя залозы), палавыя пратокі (семяправоды, яйцаводы), дадатковыя органы (залозы, сакрэт якіх узмацняе актыўнасць сперматазоідаў, а ў самак служыць для ўтварэння абалонак яец, рэзервуары для захоўвання семя), капулятыўныя органы (пры ўнутр. апладненні). У жывародных жывёл да П.о. адносяць прыстасаванні для выношвання дзіцянят (напр., вывадкавая сумка ў сумчатых). П.о. раслін наз. генератыўнымі органамі. У чалавека дыферэнцыроўка П.о. на мужч. і жан. працягваецца да 8-га тыдня развіцця плода.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 533
ПАЛАВЫ́Я ПАРУШЭ́ННІ,
парушэнні палавога развіцця (адсутнасць палавога развіцця, затрымка або заўчаснае палавое выспяванне), анамаліі развіцця палавых органаў і гермафрадытызм. Пры адсутнасці другасных палавых прыкмет у хлопчыкаў і дзяўчынак 15—17 гадоў стан палавога развіцця ацэньваецца як паталагічны. Бывае заўчаснае палавое выспяванне, калі другасныя палавыя прыкметы з’яўляюцца раней як у 10 гадоў. Анамаліі развіцця вонкавых і ўнутр. палавых органаў выяўляюцца ў раннім дзіцячым узросце, часам спалучаюцца з заганамі развіцця інш. органаў і сістэм (асабліва мочавывадных шляхоў). Лячэнне комплекснае (хірург., гарманальнае, псіхатэрапія). Да П.п. адносяць таксама палавыя расстройствы, функцыян П.п. (анаргазмія, вагінізм, гіперсексуальнасць, імпатэнцыя і інш.) і палавыя ненармальнасці, перверсіі, паталаг. накіраванасць палавой цягі (заафілія, мазахізм, педафілія, садызм і інш). Вывучаюцца сексапаталогіяй.
І.У.Дуда.
т. 11, с. 533
ПАЛАВЫ́Я ПРЫКМЕ́ТЫ,
марфалагічныя і функцыянальныя прыкметы, якія вызначаюць асн. адрозненні паміж самцом і самкай у жывёл, мужчынам і жанчынай у чалавека Адрозніваюць першасныя і другасныя палавыя прыкметы. Да першасных П.п. самцоў млекакормячых і чалавека адносяць семяннікі, семяправод, палавы член, прастату, у самак — яечнікі, яйцаводы, матку, похву. Гл. таксама Палавыя органы.
т. 11, с. 533
ПАЛАВЫ́Я ХРАМАСО́МЫ,
храмасомы, якія вызначаюць адрозненне карыятыпаў асобін розных полаў у раздзельнаполых арганізмаў. Гомагаметны пол мае 2 аднолькавыя храмасомы (X-храмасомы). Гетэрагаметны пол мае адну X-храмасому (тып ХО, характэрны для клапоў, конікаў) або пару розных П.х. — X і Y (тып XY, характэрны для млекакормячых і чалавека) — і адносіцца пераважна да мужчынскага полу. Апладненне яйцаклеткі сперматазоідам, што нясе X-храмасому, прыводзіць да ўтварэння XX-зіготы, з якой развіваецца жан. асобіна; апладненне сперматазоідам, што не мае X-храмасомы, прыводзіць да паяўлення мужчынскай асобіны. У П.х. знаходзяцца таксама гены, якія вызначаюць не толькі палавыя, але і інш. прыкметы арганізма (т.зв. счэпленыя з полам). У параўнанні з X-храмасомай Y-храмасома часта мае менш генаў, шмат структурнага гетэрахрамаціну і меншая па велічыні. Неразыходжанне П.х. у аднаго з бацькоў у час утварэння палавых клетак прыводзіць да парушэнняў развіцця арганізма.
Р.Г.Заяц.
т. 11, с. 533
ПАЛАВЫ́ АДБО́Р,
прыватная форма натуральнага адбору, якая выклікае значныя разыходжанні ў прыкметах самцоў і самак (палавы дымарфізм). Прапанаваў паняцце і выявіў значэнне П.а. ў эвалюцыі жывёл Ч.Дарвін (1859, 1871).
Прыкметы П.а. развіваюцца пад уплывам натуральнага адбору як сродак распазнавання разнаполых асобін свайго віду і прадухілення скрыжоўвання з асобінамі інш. віду. У выніку П.а. або пры яго ўдзеле ў многіх відаў жывёл (у т. л. ў чалавека) у працэсе эвалюцыі ўзніклі і развіліся другасныя палавыя прыкметы. Найб выяўлены ў палігамных жывёл, у якіх самцы актыўна змагаюцца за самку (напр., баі аленяў у час гону). П.а. уплывае на развіццё органаў абароны ў самцоў як зброі барацьбы за самку (іклы ў сланоў, рогі ў аленяў і інш.) і прыкмет, якія прывабліваюць і ўзбуджаюць асобін інш. полу (яркі колер і пах самцоў у многіх жывёл, такаванне, спеў у птушак). П а. як фактар філагенет. развіцця найб. характэрны для жывёл на вышэйшых этапах развіцця, пераважна птушак і млекакормячых, у сувязі з найб. складанай арганізацыяй нерв. сістэмы і яе сігнальнай дзейнасці, але адзначаецца і ў інш. групах жывёл (напр., многія насякомыя і інш. беспазваночныя). У раслін адсутнічае.
А.М.Петрыкаў.
т. 11, с. 532
ПАЛАВЫ́ ЦЫКЛ,
морфафізіялагічныя працэсы ў палаваспелых самак вышэйшых шматклетачных жывёл і чалавека, якія перыядычна паўтараюцца і звязаны з размнажэннем. Поліцыклічныя жывёлы размнажаюцца на працягу ўсяго года (П.ц. паўтараецца шматразова і бесперапынна). Монацыклічныя жывёлы (насяляюць пераважна ўмераныя і сярэднія шыроты) маюць адзін П.ц. у адзіны рэпрадуктыўны перыяд года. Найб. просты П.ц. (у большасці беспазваночных, рыб, земнаводных і паўзуноў) мае фалікулярную стадыю, на працягу якой адбываецца рост яец, іх выспяванне і вывядзенне ў навакольнае асяроддзе (нераставанне ў рыб і земнаводных, адкладанне яец у паўзуноў). У птушак П.ц. мае 3 стадыі: фалікулярную, стадыю наседжвання знесеных яец і стадыю выкормлівання птушанят. Поўны П.ц. уласцівы плацэнтарным млекакормячым і мае 4 стадыі, у большасці млекакормячых наз. эстральным (цечка), у прыматаў і чалавека — менструальным цыклам. У ганадах самцоў жывёл, што размнажаюцца сезонна, з наступленнем шлюбнага перыяду пачынаецца рост і выспяванне семявых клетак, які завяршаецца адначасова з наступленнем цечкі ў самак. У поліцыклічных жывёл самцы маюць пастаянную патэнцыю, якая рэалізуецца ў залежнасці ад гатоўнасці самкі да спарвання. П.ц. рэгулюецца нерв. і эндакрыннай сістэмамі.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 532
ПАЛА́ГІН (Віктар Андрэевіч) (н. 20.7.1932, г. Арэнбург, Расія),
бел. вучоны ў галіне аўтаматызацыі дрэваапрацоўкі. Канд. тэхн. н. (1966), праф. (1994). Скончыў Уральскі політэхн. ін-т (1956). З 1966 у Бел. тэхнал. ун-це (у 1976—89 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні дынамікі працэсаў у прыладах з цеплазалежнымі элементамі (ЦЗЭ), мадэліраванні дынамічных сістэм хім. і дрэваапр. вытв-сцей. Прапанаваў адзіную мадэль розных тыпаў ЦЗЭ. Распрацаваў шэраг канструкцый датчыкаў т-ры і інш. цеплазалежных параметраў.
Тв.:
Переходные процессы в цепях с термисторами. Мн., 1967 (разам з І.Ф.Валошыным);
Автоматика и автоматизация производственных процессов деревообработки. М., 1993 (разам з В.А.Дарашэнкам, Л.В.Лявонавым).
т. 11, с. 533
ПАЛА́ДА,
адна з найбуйнейшых малых планет (другая пасля Цэрэры). Дыяметр 538 км. Маса 2,5∙1020 кг, перыяд абарачэння вакол Сонца 4,61 г., вакол восі 7,811 гадз. Вял. паўвось арбіты 2,771 а.а., эксцэнтрысітэт 0,235, нахіл арбіты 34,8°. Бляск у процістаянні 8,0 візуальнай зорнай велічыні. Другая па часе адкрыцця — малая планета № 2 (Г.В Ольберс, 1802). Названа імем стараж.-грэч. багіні Афіны Палады.
т. 11, с. 533