ПАЛАВА́Я СПЕ́ЛАСЦЬ,
заключная стадыя палавога выспявання, стан развіцця арганізма жывёл і чалавека, пры якім яны здольныя размнажацца. У жывёл тэрміны надыходу П.с. залежаць ад віду, пароды, полу жывёлы і інш. Самкі большасці відаў жывёл становяцца палаваспелымі раней за самцоў. У мужчын П.с. настае ў 19—20, у жанчын — у 16—17 гадоў (у паўд. краінах раней). П.с. чалавека характарызуецца па ступені выразнасці другасных палавых прыкмет (напр., па развіцці малочных залоз у жанчын, па аваласенні ў мужчын), залежыць ад спадчынных асаблівасцей, быт., сац.-эканам., кліматычных умоў, стану здароўя і інш.
І.У.Дуда.
т. 11, с. 532
ПАЛАВА́Я ХАЛО́ДНАСЦЬ, фрыгіднасць,
слабая палавая цяга ці палавая ўзбуджальнасць у жанчын. Дзетанараджальная функцыя пры П.х. захоўваецца. Бывае ад затрымкі развіцця палавога пачуцця (знікае, напр., пасля родаў). Выклікаецца таксама псіхічнымі фактарамі (пры неўрозах), эндакрыннымі парушэннямі, хваробамі палавых органаў і інш. Лячэнне: гарманальныя прэпараты, псіха- і фізіятэрапія.
т. 11, с. 532
ПАЛАВЕ́ЦКАЯ ЗЯМЛЯ́,
у стараж.-рус. летапісах і помніках стараж.-рус. л-ры назва зах. часткі Дэшт-і-Кіпчак, якую ў 11—13 ст. насялялі полаўцы.
т. 11, с. 532
ПАЛАВЕ́ЦКІ ПАХО́Д І́ГАРА СВЯТАСЛА́ВІЧА 1185,
паход удзельных князёў Северскай зямлі на чале з ноўгарад-северскім князем Ігарам Святаславічам супраць полаўцаў. У крас. 1185 Ігар Святаславіч выступіў з дружынай з г. Ноўгарад-Северскі. Да яго далучыліся з дружынамі сын Уладзімір з Пуціўля, пляменнік Святаслаў Ольгавіч з Рыльска, брат Усевалад (кн. Трубчэўскі) і атрад кавуяў (аселых качэўнікаў) чарнігаўскага князя. Аб’яднанае войска (4—6 тыс. чал.) рушыла на Пд. У сучаснай гіст. л-ры няма адзінага меркавання пра канкрэтныя мэты паходу і месца вырашальнай бітвы. 11—12.5.1185 полаўцы на чале з ханам Канчаком акружылі і поўнасцю знішчылі северскае войска, узялі ў палон Ігара Святаславіча і інш. князёў. Потым яны спустошылі тэр. Пераяслаўскага і Ноўгарад-Северскага княстваў. Падзеі паходу склалі сюжэтную аснову «Слова аб палку Ігаравым».
Літ.:
Рыбаков Б.А. «Слово о полку Игореве» и его современники. М., 1971;
Гетманец М.Ф. Тайна реки Каялы: («Слово о полку Игореве»), 2 изд. Харьков, 1989.
т. 11, с. 532
ПАЛАВО́Е ВЫСПЯВА́ННЕ,
перыяд у індывід. развіцці жывёл і чалавека, у час якога арганізм становіцца здольным да палавога размнажэння. Завяршаецца надыходам палавой спеласці. Час надыходу П.в. залежыць ад памераў цела, працягласці жыцця. У дробных відаў, якія жывуць нядоўга (напр., калаўроткі), бывае на 4—5-я суткі, у птушак — на 1-м ці 2-м годзе жыцця; у буйных драпежнікаў (напр., леў, тыгр, леапард) — на 3—5-м (жывуць да 30 гадоў і больш). У чалавекападобных малпаў — на 8—10-м годзе жыцця. Перыяд П.в. чалавека цягнецца з 8—9 да 16—17 гадоў у жанчын, з 10—11 да 19—20 гадоў у мужчын. У час П.в. развіваюцца другасныя палавыя прыкметы, назіраюцца значныя змены ў дзейнасці ц. н. с. і псіхіцы.
т. 11, с. 532
ПАЛАВО́Е ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма медыцынскіх і педагагічных мер, накіраваных на выхаванне ў дзяцей, падлеткаў і моладзі разумных, здаровых адносін да пытанняў полу. Накіравана на фарміраванне цэласнай асобы хлопчыка (мужчыны) і дзяўчынкі (жанчыны), здольных разумець псіхал. і фізіял. асаблівасці палоў у сувязі з сац. і маральнымі нормамі, устанаўліваць, падтрымліваць і ўдасканальваць партнёрскія і сац. адносіны, падрыхтоўвацца да шлюбу і бацькоўства. П.в. пажадана пачынаць на раннім дзіцячым узросце. Да 7 гадоў дзеці павінны ведаць пра асн. адрозненні полаў, ролю маці і бацькі ў паходжанні дзяцей, развіцці дзіцяці ў арганізме маці, пра яго паяўленне на свет, харчаванне пасля нараджэння. Далей складваюцца спрыяльныя ўмовы для асэнсавання адносін паміж поламі і выпрацоўцы ўстановак супрацоўніцтва хлопчыкаў і дзяўчынак як раўнапраўных, але не аднолькавых партнёраў. Дысгармонія ў жыцці падлеткаў найб. выяўляецца паміж працэсам палавой спеласці, праяўленнем палавой цягі і ўзроўнем спеласці. Таму важна, каб правільнае ўяўленне пра палавое развіццё і гігіенічныя навыкі яны атрымлівалі ад бацькоў. Пэўную ролю ў гэтым адыгрываюць умовы жыцця ў сям’і, школе, на вуліцы, пазашкольная выхаваўчая работа. П.в. падлеткаў старэйшага школьнага ўзросту і юнакоў уключае раскрыццё маральных, сац. і гігіенічных аспектаў узаемаадносін полаў, азнаямленне з асновамі гігіены і фізіялогіі палавога жыцця, гігіены шлюбу.
т. 11, с. 532
ПАЛАВО́Е РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
розныя формы размнажэння арганізмаў, пры якіх новы арганізм развіваецца з зіготы, што ўтвараецца пры зліцці жаночай і мужчынскай палавых клетак (гамет). Зліццё генетычна розных гамет пры апладненні прыводзіць да ўзнікнення неідэнтычных асобін, што павялічвае зменлівасць патомства і спрыяе натуральнаму адбору. Узнікненне ў працэсе эвалюцыі П.р. звязана з развіццём полу — сукупнасці палавых адзнак, якія забяспечваюць палавы працэс. Уласціва ўсім эўкарыётам, але пераважае ў жывёл і вышэйшых раслін. Кан’югацыя ў інфузорый і некат. бактэрый па генет. значэнні блізкая да П.р. таму, што суправаджаецца абменам спадчынным матэрыялам. Эвалюцыйна пазней узнікла рэдукаваная форма П.р. — партэнагенез. Побач з раздзельнаполымі жывёламі ёсць шмат груп жывёл, якім уласцівы гермафрадытызм. У залежнасці ад формы, адноснай велічыні і рухомасці гамет рознага полу адрозніваюць наступныя тыпы палавога працэсу: аагамію, гетэрагамію, ізагамію. Гл. таксама Бясполае размнажэнне, Вегетатыўнае размнажэнне.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 532
ПАЛАВЫ́Я ГАРМО́НЫ,
біялагічна актыўныя рэчывы, якія выпрацоўваюцца ў палавых залозах, наднырачнікавых залозах і плацэнце (у час цяжарнасці). Рэгулююць палавую дыферэнцыроўку, развіццё першасных і другасных палавых прыкмет, палавое размнажэнне, палавыя паводзіны. Уплываюць на абмен рэчываў. Па хім. прыродзе — стэроіды ці паліпептыды. Стэроідныя П.г. падзяляюць на мужчынскія (андрагены) і жан. (эстрагены і гестагены), якія ўтвараюцца ў асоб абодвух полаў у розных суадносінах. Поліпептыдныя П.г. прыгнечваюць прадукцыю фалікуластымулюючага гармону ў клетках гіпофіза. Біясінтэз П.г. рэгулюецца ганадатропнымі гармонамі гіпофіза. Прэпараты П.г. выкарыстоўваюць у медыцыне.
т. 11, с. 533
ПАЛАВЫ́Я ЗАЛО́ЗЫ,
залозы палавой сістэмы жывёл і чалавека. Гл. ў арт. Ганады, Залозы ўнутранай сакрэцыі.
т. 11, с. 533