Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛІНЦЭ́ВІЧ (Віктар Юльянавіч) (н. 27.6.1931, в. Чаркесы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1990). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957), з 1973 працуе ў ім (з 1989 заг. кафедры). Навук. працы па дыягностыцы і лячэнні хвароб падстраўнікавай залозы, страўнікава-кішачнага тракту, распрацоўцы тэорыі кішачнага шва. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Острый панкреатит: Патогенез, диагностика и лечение. Мн., 1981 (у сааўт.);

Кишечный шов. Мн., 1983 (разам з А.​У.​Шотам, А.​А.​Запарожцам);

Основы теории и практики кишечного шва. Мн., 1994 (у сааўт.).

т. 8, с. 345

КЛІНЦЭ́ВІЧ (Сямён Аляксандравіч) (крас. 1899, в. Трабы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.10.1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1918 у атрадзе Чырв. гвардыі, удзельнік грамадз. вайны. У 1919 на курсах у Саратаўскай губшколе. З чэрв. 1921 на Беларусі ў Слуцкіх пав. к-це КП(б)Б і выканкоме, з канца года на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. З мая 1926 вучыўся ў Камуніст. ун-це Беларусі. З канца 1926 на парт. рабоце ў Заслаўі, з чэрв. 1927 — у Зах. Беларусі. Па даручэнні ЦК КПЗБ у 1928 забіў М.І.Гурына-Маразоўскага. У 1929 арыштаваны польск. паліцыяй. У 1932 у выніку абмену палітвязнямі пераехаў у Мінск. У 1937 арыштаваны НКУС і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

У.​М.​Міхнюк.

т. 8, с. 345

«КЛІН-ВАЛУ́Н»,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1990), у в. Арляны Сенненскага р-на Віцебскай вобл. Валун шаравата-ружовага граніту рапаківі (выбаргіт) з крышталямі палявога шпату. Даўж. 2,8 м, шыр. 1,5 м, выш. 4,2 м, у абводзе 11,2 м, аб’ём 9,3 м³, маса каля 25 т. Мае выразную клінападобную форму, якая ўтварылася пры знаходжанні ў актыўнай зоне лёду. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 344

КЛІО́, Клія,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адна з дзевяці алімп. муз. Дачка Зеўса і Мнемасіны, муза, якая ўслаўляе. З эліністычнага часу лічылася музай гісторыі; яе ўяўлялі ў выглядзе жанчыны са скруткам і грыфельнай палачкай у руках.

Кліо. Рымская мармуровая копія з грэч. арыгінала 3—2 ст. да н.э.

т. 8, с. 345

КЛІ́ПА (ад швед. klippe рэзаць нажніцамі),

назва манет квадратнай формы. Выраблялі з мэтай паменшыць затраты працы. Вядомы з пач. 16 ст. ў Даніі, Швецыі. Арыгінальную кампаноўку мелі талеры караля Рэчы Паспалітай Аўгуста П (1697—1709, 1709—33). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў форме К. выпускалі манеты прыватныя асобы ці прадпрыемствы з-за недахопу дзярж. плацежных сродкаў. Часам К. называюць манеты на 6- або 8-гранных пласцінках.

т. 8, с. 345

КЛІ́ПЕР (англ. Clipper ці галанд. klipper),

быстраходнае марское ветразевае (ці ветразева-паравое) судна з 3—4 мачтамі, вострымі абводамі і развітой ветразевасцю. Выкарыстоўваліся ў 19 ст. для перавозкі каштоўных грузаў (чаю, вострых прыпраў, шэрсці) і пасажыраў, а таксама для дазорнай і крэйсерскай службаў.

т. 8, с. 345

КЛІР (ад грэч. klēros жэрабя),

у хрысціянскай царкве сукупнасць свяшчэннаслужыцеляў (святароў, епіскапаў) і царкоўнаслужыцеляў (псаломшчыкаў, дзякоў і інш.); тое, што і духавенства. У раннім хрысціянстве азначала апостальскае прызванне. Потым стала ўжывацца ў значэнні «духавенства» да тых асоб, якія былі выбраны па жэрабю ў якасці служыцеляў культу.

т. 8, с. 345

КЛІ́РАС (грэч. klēros),

у праваслаўнай царкве ўзвышэнне перад іканастасам для пеўчых, псаломшчыкаў, чытальнікаў у час богаслужэння.

т. 8, с. 345

Клірык Астрожскі

т. 18, кн. 1, с. 407

КЛІ́РЫНГ (англ. clearing),

сістэма безнаяўных разлікаў за тавары, паслугі, каштоўныя паперы, заснаваная на заліку ўзаемных патрабаванняў і абавязацельстваў. Адрозніваюць К. банкаўскі і валютны. Банкаўскі К. — сістэма міжбанкаўскіх безнаяўных разлікаў, заснаваных на ўзаемным заліку роўных плацяжоў; ажыццяўляецца праз спец. разліковыя палаты (клірынгавыя дамы). Валютны К. заснаваны на міжурадавым пагадненні і прадугледжвае цэнтралізаваны залік узаемных патрабаванняў і абавязацельстваў па экспарце і імпарце тавараў, аперацыях негандлёвага характару і інш. плацяжах, што ўзнікаюць у выніку развіцця эканам. сувязей паміж асобнымі краінамі. Можа быць аднабаковым і шматбаковым. Выкарыстоўваецца звычайна краінамі, якія не маюць свабоднай абарачальнасці нац. валюты.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 345