Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАНАТЭ́ЛА

(Donatello; сапр. Даната ды Нікала ды Бета Бардзі; Donato di Niccolò di Betto Bardi; каля 1386, г. Фларэнцыя, Італія — 13.12.1466),

італьянскі скульптар эпохі ранняга Адраджэння. У 1404—07 вучыўся ў майстэрні Л.Гіберці. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, а таксама ў Сіене, Рыме, Падуі і інш. Адным з першых у Італіі творча выкарыстаў вопыт ант. пластыкі і прыйшоў да стварэння класічных формаў і відаў рэнесансавай скульптуры — новага тыпу статуі і скульпт. групы, насценнага надмагілля, манумент. коннага помніка, жывапіснага рэльефу. У яго творчасці ўвасобіліся ўласцівыя мастацтву Адраджэння пошукі новых выразных сродкаў, цікавасць да рэальнасці з усёй яе разнастайнасцю, імкненне да ўзвышанага абагульнення і гераічнай ідэалізацыі. Раннія творы Д. вызначаюцца гатычнай скаванасцю формаў, больш познія — яснай тэктонікай пластычных мас, сілай і спакойнай веліччу (статуя св. Марка для фасада царквы Арсанмікеле ў Фларэнцыі, 1411—13). Рэльефы адметныя вял. глыбінёй прасторы («Баляванне Ірада» на бронзавай купелі сіенскага баптыстэрыя, 1423—27; рэльефы Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі, 1434—43). Да найб. вядомых яго твораў належаць таксама алтар «Дабравешчанне» (т.зв. алтар Кавальканці, каля 1428—33, царква Санта-Крочэ, Фларэнцыя), кафедра для пеўчых фларэнційскага сабора (1433—39), статуя «Давід» (1430-я г.) — першая выява аголенага цела ў статуарнай пластыцы Адраджэння. У Падуі стварыў першы свецкі манумент — конны помнік кандацьеру Гатамелату (1447—53) і вял. скульптурны алтар для царквы Сан-Антоніо (1446—50), упрыгожаны рэльефнымі сцэнамі. Познія творы Д. абвострана экспрэсіўныя, пазначаныя рысамі духоўнага надлому (група «Юдзіф і Алаферн», каля 1456—57, пл. Сіньёрыі; рэльефы кафедраў царквы Сан-Ларэнца, 1460-я г., усе ў Фларэнцыі).

Данатэла. Давід. Бронза. 1430-я г.

т. 6, с. 35

ДАНА́Я,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка аргоскага цара Акрысія, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука. Акрысій зняволіў прыгажуню Д. ў падзямелле, куды ніхто не мог увайсці. Аднак Зеўс трапіў да Д. ў выглядзе залатога дажджу і яна нарадзіла Лерсея. Паводле загаду бацькі Д. з сынам скінулі ў мора ў абабітай цвікамі скрыні. Іх выратаваў Дыктыс, рыбак з в-ва Серыфос. Пазней Д. з сынам вярнуліся на радзіму, дзе Персей незнарок забіў дзеда кінутым дыскам. Вобраз Д. шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, пампейскія фрэскі, карціны Л.Лота, А.Карэджа, Рэмбранта, Тыцыяна і інш.).

Даная. Мастак Рэмбрант. 1636.

т. 6, с. 36

Данбар Боні Джын

т. 18, кн. 1, с. 376

ДАНБА́С,

гл. Данецкі вугальны басейн.

т. 6, с. 36

ДАНБУРЫ́Т

(ад назвы месца першай знаходкі ў Данберы, штат Канектыкут, ЗША),

мінерал падкласа борасілікатаў, борасілікат кальцыю, Ca[B2Si2O8] Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, зярністыя агрэгаты. Бясколерны, шэра-белы, буры. Бляск шкляны. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 3 г/см³. Буйныя намнажэнні ў скарнах, пашыраны ў мармурах, нізкатэмпературных жылах з кальцытам і кварцам Выкарыстоўваецца як вырабны камень і борная руда.

У.Я.Бардон.

т. 6, с. 36

ДАНГРЭ́К,

куэставы ўступ плато Карат, пераважна ў Тайландзе (уздоўж мяжы з Кампучыяй і Лаосам). Даўж. каля 300 км. Выш. да 761 м. Складзены пераважна з пясчанікаў. Паўн. схілы спадзістыя, паўднёвыя — стромкія, моцна расчлянёныя. Клімат субэкватарыяльны. Трапічныя лістападныя лясы, саванны. У зах. частцы Д. нац. парк Кхаўяй.

т. 6, с. 36

ДАНГ ТХАЙ ШОН

(Dang Thai Son; н. 1958),

в’етнамскі піяніст. Нар. арт. В’етнама (1984). Музыцы вучыўся ў маці, вядомай піяністкі, потым у Маскоўскай кансерваторыі. Гастраліруе. Вытанчанасць і філіграннасць выканальніцкай манеры, «адэкватнасць» трактоўкі (асабліва твораў Ф.Шапэна) вылучылі яго як аднаго з лепшых піяністаў свету. Лаўрэат 1-й прэміі Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.Шапэна (Варшава, 1980).

т. 6, с. 36

ДА́НДЫ

(Dundee),

горад у Вялікабрытаніі, на У Шатландыі. Адм. ц. раёна Тэйсайд. Каля 200 тыс. ж. (1994). Порт у зал. Ферт-оф-Тэй Паўн. м. Прам-сць: эл.-тэхн., нафтаперапр., хім., электронная, паліграф., тэкст., харч.; джутавыя ф-кі, вытв-сць канторскага абсталявання, гадзіннікаў. Ун-т. Арх. помнікі 15—18 ст.

т. 6, с. 36

ДАНЕ́ЗІ (Donesi) Алесандра, італьян. спявак («сапраніст») і капельмайстар 18 ст. Працаваў у прыдворным т-ры К.С.Радзівіла Пане Каханку ў Нясвіжы (у 1776 і 1784—85). У 1776—78 капельмайстар прыдворнага т-ра гетмана М.К.Агінскага ў Слоніме.

т. 6, с. 36

ДАНЕЛА́ЙЦІС (Donelaitis) Крысціёнас

(1.1.1714, в. Лаздзінеляй, Усх. Прусія, цяпер Калінінградская вобл., Расія — 8.2.1780),

літоўскі паэт, заснавальнік жанру байкі ў літ. л-ры. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1740). З 1743 святар лютэранскага прыхода. Найб. значны твор — паэма «Поры года» (1765—75, апубл. 1818; перакладзены на многія мовы свету). У ёй шматгранна і рэалістычна паказаў працу, побыт, нар. звычаі, маляўнічую прыроду Літвы, раскрыў сац. супярэчнасці, стварыў яркія самабытныя характары. У яго байках (захавалася 6, апубл. ў 1824) крытыка чалавечых заган, пратэст супраць сац. і нац. прыгнёту. На бел. мову асобныя творы Д. пераклаў А.Зарыцкі.

Тв.:

Бел. пер. —Чатыры пары года. 2 выд. Мн., 1983;

Рус. пер. — Времена года: Басни. Л., 1960.

Літ.:

Довейка К. Кристионас Донелайтис: Пер. с лит. Вильнюс, 1963.

т. 6, с. 36