ДАНЕЛА́ЙЦІС (Donelaitis) Крысціёнас

(1.1.1714, в. Лаздзінеляй, Усх. Прусія, цяпер Калінінградская вобл., Расія — 8.2.1780),

літоўскі паэт, заснавальнік жанру байкі ў літ. л-ры. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1740). З 1743 святар лютэранскага прыхода. Найб. значны твор — паэма «Поры года» (1765—75, апубл. 1818; перакладзены на многія мовы свету). У ёй шматгранна і рэалістычна паказаў працу, побыт, нар. звычаі, маляўнічую прыроду Літвы, раскрыў сац. супярэчнасці, стварыў яркія самабытныя характары. У яго байках (захавалася 6, апубл. ў 1824) крытыка чалавечых заган, пратэст супраць сац. і нац. прыгнёту. На бел. мову асобныя творы Д. пераклаў А.Зарыцкі.

Тв.:

Бел. пер. —Чатыры пары года. 2 выд. Мн., 1983;

Рус. пер. — Времена года: Басни. Л., 1960.

Літ.:

Довейка К. Кристионас Донелайтис: Пер. с лит. Вильнюс, 1963.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)