Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛАСІ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ ПО́ЛЯ,

адзін з раздзелаў сучаснай поля тэорыі. Створана ў выніку аб’яднання (у 1926) нерэлятывісцкай квантавай механікі і спец. адноснасці тэорыі з мэтай апісання элементарных часціц і іх узаемадзеянняў.

Першапачаткова паралельна развіваліся К.т.п. і квантавая тэорыя паля. Пасля значных поспехаў квантавай электрадынамікі дамінуючай стала канцэпцыя другаснага квантавання палёў. К.т.п. значна ўмацавалася ў 1960—90-х г., калі высветлілася, што задачы пабудовы калібровачнай палявой тэорыі фундаментальных узаемадзеянняў элементарных часціц больш зручна вырашаць да другаснага квантавання палёў. К.т.п. пабудавана за кошт пашырэння варыяцыйных прынцыпаў механікі на неперарыўныя фіз. сістэмы з улікам іх рэлятывісцкіх і квантавых уласцівасцей (шляхам накладання на тэорыю патрабаванняў рэлятывісцкай інварыянтнасці і ўвядзення статыстычнай адначасцінкавай інтэрпрэтацыі агульных рашэнняў палявых — хвалевых ураўненняў). Напр., рашэнні ўраўненняў электрамагнітнага поля (Максвела ўраўненняў) разглядаюцца ў К.т.п. як квантавамех. функцыі стану фатона.

На Беларусі ў межах К.т.п. ў развіццё ідэй У.А.Фока, Р.Фейнмана, Ф.Л.Фёдарава распрацавана простая (без другаснага квантавання палёў і пабудовы матрыцы рассеяння) схема апісання і разліку асн. працэсаў эл.-магн. ўзаемадзеяння элементарных часціц (1968). Яна заснавана на непасрэдным выкарыстанні агульных рашэнняў хвалевых ураўненняў для ўзаемадзейных палёў, якія атрымліваюцца з дапамогай метаду прычынных функцый Грына ў межах тэорыі малых узбурэнняў. Аналагічная схема распрацавана і ў калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеянняў (1987). К.т.п. стала па сутнасці лагічна замкнёнай фіз. тэорыяй, якая ўключае апісанне свабодных элементарных часціц і іх узаемадзеянняў.

Літ.:

Иваненко Д., Соколов А Классическая теория поля. 2 изд. М.; Л., 1951;

Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;

Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;

Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.

А.​А.​Богуш.

т. 8, с. 324

КЛАСІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА палітэканоміі,

кірунак эканам. думкі, прадстаўнікі якога лічылі рынак самарэгулявальнай сістэмай, здольнай без дзярж. ўмяшання забяспечыць эканам. рост і поўную занятасць. Узнікла ў канцы 17 ст. ў мануфактурны перыяд. Яе заснавальнікі У.Пеці ў Вялікабрытаніі і П.Буагільбер у Францыі, якія паклалі пачатак прац. тэорыі вартасці; далей развіта ў творах фізіякратаў (Ф.​Кенэ, А.Р.​Ж.​Цюрго і інш.) і дасягнула вяршыні ў вучэннях А.Сміта і Д.Рыкарда. Найб. вядомыя прадстаўнікі К.ш.: Ж.​Б.​Сей, Ф.​Бастыя, Т.​Р.​Мальтус, Г.​Ч.​Кэры, Дж.С.Міль і К.Маркс (увёў тэрмін «класічная палітычная эканомія») і інш. Яны перанеслі прадмет эканам. тэорыі ў сферу вытв-сці, паставілі праблему эканам. законаў і велічыні вартасці тавару. К.ш. зрабіла значны ўплыў на развіццё эканам. навукі.

т. 8, с. 325

КЛАСІ́ЧНЫ ТА́НЕЦ,

устойлівая сістэма выразных сродкаў харэаграфічнага мастацтва. У ёй распрацаваны пазіцыі ног, рук, корпуса, галавы, асн. позы, рухі (прысяданні, скачкі, вярчэнні) са строга вызначанымі правіламі выканання. Асн. прынцып К.т. — вываратнасць (свабодны разварот ног вонкі ад сцягна), якая садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю магчымасцей чалавечага цела. Тэрмін «К.т.» узнік у Расіі ў 19 ст. і стаў агульнапрынятым для абазначэння пэўнага віду харэаграфіі ў адрозненне ад інш. відаў (народны танец, характарны танец, танец мадэрн).

К.т. склаўся гістарычна шляхам адбору найб. выразных, рэалістычна ўмоўных рухаў. Тэарэтычна сістэма К.т. распрацоўвалася з 16 ст. ў Італіі (Ф.​Кароза, Ч.​Негры і інш), Францыі (П.​Башан, Р.​Фёе, Ж.​Ж.​Навер і інш.), адкуль прыйшла асн. тэрміналогія, і ў Расіі. К.г. цесна звязаны з прафес. музыкай, якая дае вобразную і часавую аснову, вызначае змест, настрой, метрарытм танца. Муз. харэаграфічная рэформа П.​Чайкоўскага і М.​Петыпа адкрыла неабмежаваныя магчымасці для развіцця балетнага мастацтва. Рус. школа К.т. з яе нац. акрэсленасцю, высакароднасцю і драм. асэнсаванасцю пластычнай мовы зрабіла вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі. На аснове яе традыцый фарміруюцца розныя нац. балетныя т-ры, у т. л. ў краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі і Афрыкі.

На Беларусі К.т. пачаў развівацца з сярэдзіны 18 ст. ў буйных прыватнаўласніцкіх т-рах, пры якіх існавалі школы, дзе зах.-еўрап. харэографы Л.Дзюпрэ, Ф.Г.Ле Ду, Г.Петынеці, А.Пуціні, Ф.Марыні, бел. балетмайстар А.Лойка і інш. навучалі прыгонных (гл. Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Слуцкая балетная школа, Шклоўская балетная школа, Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза). Пазней бел. артысты паспяхова працавалі ў буйных прафес. балетных трупах Варшавы, Пецярбурга і інш. Авалоданне сродкамі К.т. ляжыць у аснове сучаснай харэаграфічнай адукацыі, якая пачалася ў 1928 у харэаграфічным класе Бел. муз. тэхнікума, працягвалася ў 1930-я г. ў Бел. студыі оперы і балета і балетнай школе пры Дзярж. т-ры оперы і балета БССР, з 1945 у Дзяржаўным харэаграфічным каледжы Рэспублікі Беларусь, выпускнікі якога складаюць аснову трупы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Ваганова А.Я. Основы классического танца. 4 изд. Л.;

М., 1963.

Ю.​М.​Чурко.

т. 8, с. 325

КЛА́СНА-ЎРО́ЧНАЯ СІСТЭ́МА навучання,

арганізацыя навуч. працэсу, пры якой вучні размяркоўваюцца па класах у адпаведнасці з узростам і ведамі, а асн. формай навучання з’яўляецца ўрок. Змест навучання вызначаецца навуч. планамі і праграмамі. Заняткі (урокі) праводзяцца паводле раскладу (складаецца на аснове навуч. плана). Працягласць заняткаў і перапынкаў паміж заняткамі строга рэгламентавана.

К.-ў.с. склалася ў 16 ст. і паступова замяніла індывідуальнае навучанне. Яе ўсталяванне звязваюць з дзейнасцю Страсбургскай школы І.​Штурма (1538), якая мела асобныя класы, навучанне праводзілася на аснове навуч. плана, чаргавання навучання і адпачынку. К.-ў.с. была прынята таксама ў езуіцкіх школах і калегіумах. У 16 ст. яе выкарыстоўвалі ў пач. школах Чэхіі, Польшчы, ВКЛ, Венгрыі, Саксоніі, Браўншвайга і інш. Тэарэтычнае абгрунтаванне К.-ў.с. даў Я.А.Каменскі. На Беларусі яе элементы ўпершыню выявіліся ў дзейнасці брацкіх школ, езуіцкіх школах і калегіумах (16—17 ст.).

т. 8, с. 325

КЛАСТРЫ́ДЫІ (Clostridium),

род спараносных бактэрый. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў глебе, вадзе, рэштках жывёл і раслін, харч. прадуктах. Ёсць патагенныя віды (выклікаюць хваробы чалавека і жывёл), напр.: C. botulinum — узбуджальнік батулізму, C. perfringens і C. histolyticum — узбуджальнікі газавай гангрэны. Некат. К. фіксуюць азот (напр., C. pasteurianum). Цукралітычныя К. (напр., C. acetobutylicum) выкарыстоўваюць для атрымання ацэтону і бутанолу.

Палачкі 0,6—1,2×3—7 мкм, рухомыя, грамстаноўчыя; пры спораўтварэнні клеткі набракаюць і набываюць форму верацяна. Анаэробы. Зброджваюць вугляводы і азоцістыя рэчывы.

т. 8, с. 325

КЛАСТРЫДЫЯ́ЛЬНЫ МІЯЗІ́Т,

тое, што газавая гангрэна.

т. 8, с. 325

КЛАСТЫ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

гл. Абломкавыя горныя пароды.

т. 8, с. 325

КЛА́СТЭРНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел тэорыі распазнавання вобразаў, у якім разглядаюцца задачы разбівання (класіфікацыі) дадзенай сукупнасці аб’ектаў на групы (кластэры) блізкіх паміж сабой паводле вызначаных прыкмет аб’ектаў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне (напр., аўтаматызаваная дыягностыка захворванняў), крыміналістыцы (напр., у дактыласкапіі), метэаралогіі (прагназаванне надвор’я), геалогіі (аналіз новых радовішчаў), распазнаванне друкаванага ці рукапіснага тэксту, мовы чалавека і інш.

Задачы К.а. бываюць з зададзеным ці невядомым лікам кластэраў, без навучання і з навучаннем з дапамогай чалавека-эксперта, з саманавучаннем распазнавання вобразаў. У залежнасці ад складанасці пастаўленай задачы для адной і той жа сукупнасці аб’ектаў можна выбіраць розныя прыкметы і іх колькасць. Адной з праблем К.а. з’яўляецца выбар найменшай колькасці незалежных прыкмет, паводле якіх адбываецца разбіванне на кластэры. Дзве групы аб’ектаў лічацца рознымі кластэрамі, калі яны выразна раздзелены і канцэнтруюцца вакол сваіх цэнтраў, маюць розную шчыльнасць размяшчэння аб’ектаў, а адлегласць паміж аб’ектамі любога кластэра значна меншая за адлегласць паміж кластэрамі.

На Беларусі даследаванні па праблемах К.а. праводзяцца ў БДУ і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН.

Літ.:

Дюран Б., Оделл П. Кластерный анализ: Пер. с англ. М., 1977;

Т у Дж.Т., Гонсалес Р.К. Принципы распознавания образов: Пер. с англ. М., 1978.

С.​У.​Абламейка, В.​В.​Старавойтаў.

т. 8, с. 325

КЛА́СТЭРЫ (англ. cluster літар. пучок, рой, вялікая колькасць),

групоўкі хімічна злучаных атамаў (ад 3—4 да некалькіх дзесяткаў і нават соцень) аднаго ці розных элементаў. Устойлівыя толькі ў саставе хім. кластэрных злучэнняў і кластэрных матэрыялаў (К. размеркаваны ў сярэдзіне матрыцы, напр., графіту).

У метал. К. атамы металаў (пераважна пераходных) злучаны шматцэнтравымі сувязямі, якія ў К. з некалькі дзесяткаў атамаў трансфармуюцца ў металічную сувязь. Звычайна маюць форму шматграннікаў (тэтраэдрычных, актаэдрычных). Кластэрныя злучэнні маюць кластэрныя іоны, напр., [Fe4(CO)13]​2-, [Os6(CO)18]​2−, [Mo3NiS4]​4+, [Au55(PR3)12]​6+. У гэтых іонах метал. К., які мае зарад, злучаны з лігандамі: асобнымі атамамі (напр., галагены, сера, кісларод) ці малекуламі (напр., аксід вугляроду СО, фасфіны PR3, дзе R — арган. радыкал). Кластэрныя злучэнні тыпу Fe4S4 уваходзяць у склад ферментаў і адыгрываюць значную ролю ў біял. працэсах акіслення, фіксацыі атм. азоту і інш. Перспектыўнае выкарыстанне кластэрных злучэнняў як каталізатараў для хім. прам-сці.

Літ.:

Петров Ю.И. Кластеры и малые частицы. М., 1986;

Губин С.П. Химия кластеров: Основы классификации и строение. М., 1987.

В.​В.​Свірыдаў.

Да арт. Кластэры. Структура кластэрнага дыаніёна [Os6(CO)18]​2−.

т. 8, с. 325

КЛА́СЫ сацыяльныя,

буйныя сац. групы, якія аб’ядноўваюць людзей з агульным сац.-эканам. і паліт. статусам і якасна адрозніваюцца паводле такога статуса. У навуцы і дзярж.-паліт. практыцы са стараж. часоў назіраюцца розныя падыходы да паняцця К. Найб. распаўсюджаны аб’ектыўныя крытэрыі, якія звязаны пераважна з сутнаснымі фактамі эканам. жыцця грамадства, напр., з месцам у пэўнай гістарычна абумоўленай сістэме грамадскай вытв-сці, памерамі прыватнага матэрыяльнага багацця (А.​Сміт, Д.​Рыкарда, Ф.​Гізо і інш.), роляй у арганізацыі сучаснай высокатэхнал. вытв-сці і кіраванні ёю. Паводле К.​Маркса, Ф.​Энгельса і У.​І.​Леніна, К. — гэта вял. групы людзей, якія адрозніваюцца адносінамі да сродкаў вытв-сці (што юрыдычна замацоўваецца ў адпаведных законах), сваёй роляй у грамадскай арганізацыі працы, а ў канчатковым выніку — спосабамі атрымання і памерамі той часткі грамадскага багацця, якою яны карыстаюцца; з прыватным прысваеннем вынікаў грамадскай працы звязана існаванне ў класавым грамадстве К. эксплуататарскіх і эксплуатуемых. М.​Вебер лічыў, што К. — гэта спалучэнне разнародных груп людзей, якія адрозніваюцца ўзроўнем адукацыі, занятасцю, даходамі і валодаюць аднымі і тымі ж жыццёвымі шанцамі і перспектывамі. У.​Л.​Уорнер адносіў да К. групы людзей, якія самі залічвалі сябе да пэўнай пазіцыі ў сістэме сац. іерархіі (вышэйшы, ніжэйшы, сярэдні К.). Сучасныя зах. сацыялогія і паліталогія пры характарыстыцы сац. структуры грамадства зыходзяць з тэорыі сацыяльнай стратыфікацыі.

В.​І.​Боўш.

т. 8, с. 326