Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУАНДУ́Н,

правінцыя на Пд Кітая, на ўзбярэжжы Паўд.-Кіт. м. Пл. 197,4 тыс. км². Нас. 62,8 млн. чал. (1994), пераважна кітайцы. Адм. ц.г. Гуанчжоў. У рэльефе — чаргаванне гор выш. да 1922 м і нізінных раўнін. На нізінах сярэдняя т-ра студз. ад 8 °C да 16 °C, ліп. — 26—28 °C. Ападкаў 1200—2000 мм за год. Густая сетка рэк. Радовішчы каменнага вугалю, руд вальфраму, марганцу, сурмы. Апрацоўваецца каля 50% тэрыторыі. Штогод збіраюць 2—3 ураджаі. Асн. культура — рыс (каля 70% пл.), а таксама цукр. трыснёг, алейныя (арахіс, соя, кунжут, камелія, тунг, трапічныя эфіраносы), пладовыя культуры, джут, рамі, сізаль і інш. Шаўкаводства. Рыбалоўства і рыбагадоўля. Жывёлагадоўля (цяглавая буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Здабыча бітумінозных сланцаў, руд вальфраму, марганцу, сурмы. Чорная металургія. Машынабудаванне, харчасмакавая (цукр. і плодакансервавая), тэкст., хім., папяровая прам-сць. На ўзбярэжжы — саляны промысел. Лесанарыхтоўкі. Рачное суднаходства, чыг. і аўтамаб. транспарт. Марскія парты Гуанчжоў, Чжаньцзян, Шаньтоў.

т. 5, с. 513

ГУАНІ́Н,

2-аміна-6-оксіпурын, пурынавая аснова, якая ёсць ва ўсіх жывых клетках у саставе нуклеінавых к-т (ДНК і РНК). Структурны кампанент нізкамалекулярных каферментаў, зыходнае рэчыва пры біясінтэзе птэрынаў, рыбафлавіну, фоліевай к-ты. Нуклеатыд гуаніну ўдзельнічае ў сінтэзе бялку, актывацыі тлушчавых к-т, цыкле трыкарбонавых к-т, глюканеагенезе. У значнай колькасці знаходзіцца ў экскрэментах павукападобных і птушак (адкрыты ў складзе гуана, адсюль назва), у лусцэ і скуры рыб (вапнавае злучэнне гуаніну надае лусцэ рыб характэрны бляск), паўзуноў і земнаводных. Пры дэзамінаванні адэназіндэзаміназай гуанін пераўтвараецца ў ксанцін.

т. 5, с. 513

ГУАНСІ́-ЧЖУА́НСКІ АЎТАНО́МНЫ РАЁН,

на Пд Кітая, у бас. р. Сіцзян. На З мяжуе з В’етнамам. Пл. 220,4 тыс. км². Нас. 42,2 млн. чал. (1994), пераважна кітайцы (60%), чжуаны (35%), яа, мяа, тун і інш. Адм. ц.г. Наньнін. Большая ч. тэр. — моцна парэзаныя нізкагор’і выш. каля 500—1000 м, найб. выш.. 2185 м. На Пн — карставыя формы рэльефу. Сярэдняя т-ра студз. ад 6 °C на Пн да 14 °C на Пд, ліп. — 24—28 °C. Вечназялёныя горныя лясы. Радовішчы марганцу, волава, каменнага вугалю і інш. Развіта сельская гаспадарка. Апрацоўваецца каля 15% тэрыторыі. На працягу года збіраюць 2—3 ураджаі. Асн. с.-г. культура — рыс (каля 65% плошчы). Вырошчваюць таксама батат, цукр. трыснёг, арахіс, рамі, кунжут, рапс, тытунь, фрукты. Жывёлагадоўля (цяглавая буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Вытв-сць вострых прыпраў (карыца, аніс). Лесараспрацоўкі. Рысаачышчальная, алейная, дрэваапр., папяровая, тэкст., цукр. прам-сць. Здабыча і перапрацоўка волава, марганцу, свінцу, цынку. Здабыча каменнага вугалю, металургічныя і маш.-буд. прадпрыемствы. Саматужныя промыслы (фарфор). Рачное суднаходства.

т. 5, с. 513

ГУАНТА́НАМА

(Guantánamo),

горад на У Кубы, паблізу ад узбярэжжа Карыбскага м. Адм. ц. правінцыі Гуантанама. 207.8 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч., тэкст., тытунёвая, абутковая, металаапр., вытв-сць буд. матэрыялаў. На ўзбярэжжы — саляныя промыслы.

Засн. ў 1819. Каланізаваны франц. ўцекачамі з Гаіці. Паводле трактатаў 1903 і 1934, навязаных Кубе, у бухце Гуантанамы знаходзіцца ваен марская база ЗША. Куба патрабуе вяртання тэр. сушы і мора ў раёне Гуантанамы, якія ёй належаць.

т. 5, с. 513

ГУАНЧЖАЎВА́НЬ,

заліў Паўднёва-Кітайскага мора, каля берагоў Кітая (правінцыя Гуандун), паміж п-вам Лэйчжоў і в-вам Дунхайдао. Даўж. каля 20 км, шыр. каля ўваходу 2 км. Глыб. 7—13 м. Прылівы мяшаныя (2 м). Буйны порт — Чжаньцзян.

т. 5, с. 513

ГУАНЧЖО́Ў,

Кантон, горад у Кітаі. Адм. ц. правінцыі Гуандун. 3,2 млн. ж., з прыгарадамі каля 4 млн. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны рачны і марскі порт у дэльце р. Чжуцзян. Прамысл. і гандл. цэнтр Паўд. Кітая, цесна звязаны з Сянганам. Пераважае тэкст. (джут, рамі, бавоўна, шоўк), харчасмакавая (цукр., плодакансервавая) і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Чорная металургія, суднабудаванне, маш.-буд. (асабліва с.-г.), хім., цэм. Прадпрыемствы. Саматужныя промыслы. Міжнар. кірмашы. Філіял АН, ун-т. Музеі, Бат. сад. Сярод арх. помнікаў — храм Гуансяосы з жал. пагадай (963). Мемар. зала Сунь Ятсена.

Вядомы з 3 ст. да н.э. У сярэднія вякі — буйны гандл. порт. З 18 ст. адзіны порт Кітая для абмежаванага гандлю чужаземцаў. У час Англа-кітайскай вайны 1840—42 цэнтр масавага супраціўлення каланізатарам. У 1910 і 1911 у Гуанчжоў адбыліся антыўрадавыя паўстанні. У 1923—26 тут размяшчаліся нац.-рэв. ўрад, камандаванне нац.-рэв. арміі. У 1927 адбылося ўзбр. паўстанне супраць галінданаўскага рэжыму. У 1938—45 акупіраваны яп., у 1945—49 — гамінданаўскімі войскамі. Вызвалены ў 1949 нар.-вызв. арміяй.

т. 5, с. 513

ГУАНЬДЗІ́,

Гуань Юй, Гуань Юньчан, у кітайскай міфалогіі і познім афіц. кульце бог вайны і багацця, апякун вучоных і літаратараў. Яго правобразам быў рэальны Гуань Юй, які жыў у 160—219, праславіўся адвагай і вернасцю свайму правіцелю. Пазней атрымаў тытул вернага і мудрага князя, сапраўднага ўладыкі, які прыносіць мір. Храмавыя выявы Гуаньдзі паказваюць яго седзячы з кнігай Канфуцыя «Вёсны і Восені» ў руках. Яго выявы вывешвалі ў воінскіх шатрах, салдаты насілі іх як талісманы. Вядома каля 1600 дзярж. храмаў Гуаньдзі.

т. 5, с. 513

ГУАНЬДУ́Н,

Квантун, паўднёва-заходні край Ляадунскага паўвострава; тэр. Кітая.

т. 5, с. 514

ГУАЎЯ́РЭ

(Guaviare),

рака на У Калумбіі, левы прыток р. Арынока; у верхнім цячэнні Гуаябера. Даўж. 1300 км, пл. бас. 140 тыс. км². Пачынаецца на Усх. Кардыльеры, цячэ па пласкагор’і Пардаас, дзе ўтварае парогі і вадаспады; ніжняе цячэнне Гуаўярэ — на нізіне Арынока. Сярэдні расход вады 5200 м³/с. Характэрны дажджавыя паводкі. Суднаходная для невял. суднаў да ўпадзення левага прытока р. Ар’яры (з перарывамі каля парогаў).

т. 5, с. 514

ГУАХІ́РА,

Гаахіра (Guajira, Goajira), паўвостраў на Пн Паўд. Амерыкі, у Калумбіі (б. частка) і Венесуэле. Абмываецца Карыбскім м. і Венесуэльскім залівам. Пл. 12 тыс. км². Паверхня пераважна нізінная, на ПнУ гарыстая (выш. да 853 м). Клімат і расліннасць трапічных паўпустынь. Пашавая жывёлагадоўля. Здабыча солі. На Гуахіра мыс Гальінас (самы паўн. пункт Паўд. Амерыкі).

т. 5, с. 514