ГУАНДУ́Н,

правінцыя на Пд Кітая, на ўзбярэжжы Паўд.-Кіт. м. Пл. 197,4 тыс. км². Нас. 62,8 млн. чал. (1994), пераважна кітайцы. Адм. ц.г. Гуанчжоў. У рэльефе — чаргаванне гор выш. да 1922 м і нізінных раўнін. На нізінах сярэдняя т-ра студз. ад 8 °C да 16 °C, ліп. — 26—28 °C. Ападкаў 1200—2000 мм за год. Густая сетка рэк. Радовішчы каменнага вугалю, руд вальфраму, марганцу, сурмы. Апрацоўваецца каля 50% тэрыторыі. Штогод збіраюць 2—3 ураджаі. Асн. культура — рыс (каля 70% пл.), а таксама цукр. трыснёг, алейныя (арахіс, соя, кунжут, камелія, тунг, трапічныя эфіраносы), пладовыя культуры, джут, рамі, сізаль і інш. Шаўкаводства. Рыбалоўства і рыбагадоўля. Жывёлагадоўля (цяглавая буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Здабыча бітумінозных сланцаў, руд вальфраму, марганцу, сурмы. Чорная металургія. Машынабудаванне, харчасмакавая (цукр. і плодакансервавая), тэкст., хім., папяровая прам-сць. На ўзбярэжжы — саляны промысел. Лесанарыхтоўкі. Рачное суднаходства, чыг. і аўтамаб. транспарт. Марскія парты Гуанчжоў, Чжаньцзян, Шаньтоў.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)