ГУАНІ́Н,
2-аміна-6-оксіпурын, пурынавая аснова, якая ёсць ва ўсіх жывых клетках у саставе нуклеінавых к-т (ДНК і РНК). Структурны кампанент нізкамалекулярных каферментаў, зыходнае рэчыва пры біясінтэзе птэрынаў, рыбафлавіну, фоліевай к-ты. Нуклеатыд гуаніну ўдзельнічае ў сінтэзе бялку, актывацыі тлушчавых к-т, цыкле трыкарбонавых к-т, глюканеагенезе. У значнай колькасці знаходзіцца ў экскрэментах павукападобных і птушак (адкрыты ў складзе гуана, адсюль назва), у лусцэ і скуры рыб (вапнавае злучэнне гуаніну надае лусцэ рыб характэрны бляск), паўзуноў і земнаводных. Пры дэзамінаванні адэназіндэзаміназай гуанін пераўтвараецца ў ксанцін.
т. 5, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)