Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЛЕВАЧЫ́,

вёска ў Беларусі, у Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на З ад г. Чэрвень, 42 км ад Мінска, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 572 ж., 197 двароў (1995). Сярэдняя і муз. школы. Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 3, с. 478

Валевач Зыгмунд Антонавіч

т. 18, кн. 1, с. 359

ВАЛЕЙБО́Л

(англ. volley-ball),

камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 х 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.

Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.

На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.Сапега.

М.А.Дубіцкі.

т. 3, с. 478

ВАЛЕ́ЙКА Вера Фамінічна

(11.9.1907, в. Бераставічаны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.11.1984),

удзельніца рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. З 1930 чл. Бераставіцкага райкома, з 1931 інструктар Беластоцкага акр. к-та, з 1932 — ваен. аддзела ЦК КПЗБ. У 1936—38 чл. Гродзенскага акр. к-та КПЗБ. Няраз была арыштавана польск. ўладамі і зняволена ў турму. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР у вер.снеж. 1939 старшыня Часовага выканкома на радзіме. У 1940—57 на сав., парт. і гасп. рабоце ў Пінску. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51.

В.П.Ласковіч.

т. 3, с. 478

ВА́ЛЕНРОД

(Wallenrod; сапр. Валенродэ; Wallenrode) Конрад фон (?, Франконія — 20.8.1393),

вялікі магістр Тэўтонскага ордэна (з 1391). Спрытны дыпламат. Будучы вял. маршалкам ордэна, заключыў у 1382 з польскім каралём Уладзіславам-Ягайлам на р. Дубіса (Літва) перамір’е, паводле якога ордэн атрымаў зах. частку Жамойціі. З 1388 вял. комтур, з 1391 вял. магістр, імкнуўся процідзейнічаць саюзу Польшчы і ВКЛ. Падтрымліваючы вял. князя літ. Вітаўта супраць Ягайлы, арганізаваў узбр. паходы на землі ВКЛ. Герой аднайм. паэмы А.Міцкевіча.

Н.К.Мазоўка.

т. 3, с. 478

ВАЛЕ́НСА

(Wałęsa) Лех (н. 29.9.1943, в. Папоў, Вроцлаўскае ваяв., Польшча),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Польшчы. У 1960—80-я г. электрык на суднаверфях Гданьска. З 1970 актывіст рабочага руху. Як кіраўнік міжвытворчага забастовачнага к-та ў Гданьску ў 1980 падпісаў пагадненні з урадам аб спыненні ўсеаг. забастоўкі ў Польшчы. Адзін з заснавальнікаў незалежнага прафсаюза «Салідарнасць» (1980, з 1981 яго старшыня). У 1981—82 арыштаваны і інтэрніраваны. З 1987 старшыня Усяпольскай выканаўчай камісіі «Салідарнасць». Праводзіў палітыку дыялога і захавання мірных метадаў барацьбы. У 1989 сустаршыня перагавораў за «круглым сталом», пасля завяршэння якіх адбылася легалізацыя «Салідарнасці» і ўстанаўленне дэмакр. улады ў Польшчы. Прэзідэнт Польшчы ў 1990—95. Міжнар. прэмія па правах чалавека. Нобелеўская прэмія міру 1983.

т. 3, с. 478

ВАЛЕ́НСІЯ

(Valencia),

Краіна Валенсія, аўтаномная вобласць на У Іспаніі, каля ўзбярэжжа Міжземнага м. Пл. 23,3 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (1990). Уключае правінцыі Алікантэ, Валенсія, Кастэльён-дэ-ла-Плана. Адм. ц.г. Валенсія. Уздоўж берага мора — вузкая паласа алювіяльнай нізіны, акаймаваная на З адгор’ямі Андалускіх і Іберыйскіх гор выш. да 1300—1800 м.

Клімат міжземнаморскі, ападкаў да 500 мм за год, пераважна зімой. Рэкі Хукар, Турыя, Сегура. Расліннасць тыпу маквіс і гарыга. Найб. развіты тэкст. і харч. (вытв-сць віна, пладовых кансерваў) прам-сць. Чорная металургія, машынабудаванне, у т. л. суднабудаванне, маторабудаванне, авіяц. прам-сць, прадпрыемствы алюм. і нафтаперапр. прам-сці. ГЭС. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — таварнае экспартнае пладаводства (апельсіны, мандарыны, лімоны), агародніцтва. Вырошчваюць рыс, міндаль, вінаград. Шаўкаводства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. На ўзбярэжжы — зона міжнар. адпачынку і турызму.

З 2 ст. да н.э. пад уладай Стараж. Рыма, з 5 ст. — каралеўства вестготаў, у 8—11 ст.Кардоўскага халіфата. З-пад улады арабаў на кароткі тэрмін вызвалена ў 1094 войскамі Сіда Кампеадора, канчаткова — у 1238, стала каралеўствам. У 1319 далучана да каралеўства Арагон. Пасля аб’яднання ў 1479 Арагона і Кастыліі ў адзіную дзяржаву Іспанію — правінцыя.

т. 3, с. 478

ВАЛЕ́НСІЯ

(Valencia),

горад на У Іспаніі, пры ўпадзенні р. Турыя ў Валенсійскі зал. Міжземнага м. Адм. д. аўт. вобласці Валенсія і аднайм. Правінцыі. 752,9 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Судна- і маторабудаванне, вытв-сць чыгуначнага абсталявання. Пладова-агароднінная, тытунёвая, тэкст. (у т. л. джутавая), хім., дрэваапр. прам-сць. Цэнтр с.-г. раёна (цытрусавыя, агародніна, рыс). Саматужныя промыслы. 2 ун-ты (адзін з іх з 1500). Музей прыгожых мастацтваў (з археал. музеем). Арх. помнікі 13—18 ст.

Засн. ў 2 ст. да н.э. рымлянамі. У 11 ст. цэнтр аднаго з араб. эміратаў. У 1238 адваявана ў арабаў і стала сталіцай каралеўства Валенсія. У 1808—12 змагалася з франц. войскамі, у 1812—13 пад уладай французаў. У грамадз. вайну 1936—39 у Валенсіі знаходзіўся рэсп. ўрад (1936—37, 1939).

Унутры бульварнага кальца (на месцы стараж. сцен) — стыхійная забудова Старога горада са шматлікімі садамі, помнікамі маўрытанскага дойлідства, з каляровай маёлікавай абліцоўкай, цэрквамі і палацамі, упрыгожанымі багатай скульпт. разьбой. Гатычны сабор (13—18 ст.; інтэр’ер у стылі «чурыгерэска», 17—18 ст.), шаўковая біржа «Лонха дэ Седа» (15 ст.), Калехіо дэль Патрыярка (1586—97, праект арх. Х.Б. дэ Эрэры), палац Агуас (цяпер Музей керамікі; 1740—46). На Пд ад Старога горада — рэгулярная забудова раёнаў 19—20 ст. Манум. скульптура 19—20 ст.

т. 3, с. 479

ВАЛЕ́НСІЯ

(Valencia),

горад на Пн Венесуэлы. Адм. ц. штата Карабоба. Засн. ў 1555. 903,1 тыс. ж., з прыгарадамі 1,3 млн. ж. (1993). Вузел аўтадарог. Нафтахім., цэлюлозна-папяровая, тэкст., гарбарна-абутковая прам-сць. Цэнтр буйнога с.-г. раёна па адкорме жывёлы. Ун-т. Арх. помнікі 19 ст.

т. 3, с. 479

ВАЛЕ́НТ Флавій

(Flavius Valens; каля 328, Цыбалы, рым. правінцыя Панонія, цяпер г. Вінкаўцы, Харватыя — 9.8.378),

рымскі імператар з 364. Быў абвешчаны ў Канстанцінопалі Аўгустам і суправіцелем свайго брата Валентыніяна I; правіў ва ўсх. ч. Рымскай імперыі. У 367—369 перамог готаў на Ніжнім Дунаі, у 370—378 знаходзіўся ва ўсх. правінцыі, вёў войны з перс. царом Шапурам II. У 376 дазволіў вестготам, якіх выцеснілі гуны, пасяліцца ў рым. прав. Мёзія. У Адрыянопальскай бітве 378 войскі Валента пацярпелі паражэнне ад вестготаў, сам Валент загінуў.

т. 3, с. 479