Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СВІНЦО́ВЫЯ РУ́ДЫ,

састаўная частка поліметалічных руд, радзей утвараюць самаст. паклады. Вядома каля 180 мінералаў свінцу, прамысл. значэнне маюць сульфіды (галеніт — 86,6% свінцу), меншае — сульфасолі і карбанаты. Акісленыя руды складзены з цэрусіту (карбанат свінцу) і англезіту (сульфат свінцу). С.р. маюць цынк (мінералы сфалерыт, смітсаніт, каламін), серу, радзей медзь і барый, а таксама серабро, золата, кадмій, вісмут, сурму, ртуць, талій, германій і інш. Гал. радовішчы ў ЗША, Аўстраліі, Канадзе, Перу, Мексіцы.

У.​Я.​Бардон.

т. 14, с. 259

СВІНЦО́ВЫ БЛІШЧА́К,

другая назва мінералу галеніт.

т. 14, с. 259

СВІНЦУ́ АКСІ́ДЫ,

злучэнні свінцу з кіслародам. Найб. пашыраныя С.а.: аксід PbO, дыаксід PbO2, ортаплюмбат (IV) свінцу(II) Pb3O4, ці свінцовы сурык.

Крышт. рэчывы, нерастваральныя ў вадзе. Аксід PbO існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях — чырвонай (α-PbO, мінерал глёт) і жоўтай (β-PbO, мінерал масікот); т-ра паліморфнага ператварэння (α→β) 587 °C. Атрымліваюць PbO акісленнем расплаву свінцу кіслародам паветра, а таксама тэрмічным раскладаннем гідраксіду Pb(OH)2) і карбанату ці нітрату свінцу (II). Выкарыстоўваюць у вытв-сці сурыку і інш. злучэнняў свінцу, свінцовых шкла (хрусталь, флантглас) і палівы. Дыаксід PbO2 — рэчыва цёмна-рудога колеру. Моцны акісляльнік; пры расціранні з серай або чырвоным фосфарам загараецца. Атрымліваюць узаемадзеяннем Pb3O4 з канцэнтраванай азотнай к-той. Выкарыстоўваюць для запаўнення ячэек пласцін свінцовых акумулятараў, як акісляльнік (напр., кампанент галовак запалак). Свінцовы сурык Pb3O4 — рэчыва чырв. колеру, атрымліваюць пры награванні PbO да 400—500 °C у акісляльным асяроддзі. Выкарыстоўваюць як пігмент для антыкаразійных фарбаў і замазку ў свінцовых акумулятарах.

т. 14, с. 259

СВІНЦУ́ СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове свінцу. Характарызуюцца нізкай (48—320 °C) т-рай плаўлення, невысокімі мех. трываласцю і цвёрдасцю, добрымі антыфрыкцыйнымі і тэхнал. ўласцівасцямі, высокай пластычнасцю, каразійнай устойлівасцю ў разбаўленых растворах кіслот. Асн. легіруючыя элементы С.с. — волава, сурма, медзь, вісмут, ртуць (гл. Легіраванне).

Паводле прызначэння С.с. падзяляюць на антыфрыкцыйныя (гл. Бабіт), друкарскія, прыпоі і легкаплаўкія. Друкарскія С.с. маюць да 20—23% сурмы, 1—4,5% мыш’яку, 5—7% волава, 1% медзі. Вызначаюцца цвёрдасцю, высокай вадкацякучасцю і невял. усадкай пры крышталізацыі. Захоўваюць пастаянны састаў пасля шматразовай пераплаўкі. Выкарыстоўваюць для адліўкі шрыфтоў ручнога і машыннага набору. Прыпоі на аснове С.с. маюць ад 1,3 да 51% легіруючых элементаў. Плавяцца пры 90—310 °C. Выкарыстоўваюць для нізкатэмпературнай пайкі жалеза, сталей, нікелю, медзі і яе сплаваў. Легкаплаўкія С.с. (tпл 48—96 °C) выкарыстоўваюць у электратэхніцы, сістэмах пажарнай сігналізацыі (плаўкія засцерагальнікі) і мед. тэхніцы. Пара С.с. атрутная.

т. 14, с. 259

СВІП-ГЕНЕРА́ТАР (ад англ. sweep бесперапынны рух),

генератар хісткай частаты, тып генератара вымяральнага, на выхадзе якога частата эл. ваганняў аўтаматычна мяняецца паводле зададзенага закону. У спалучэнні з асцылографам дазваляе візуальна назіраць амплітудна- і фазачастотныя характарыстыкі радыётэхн. элементаў. Складаецца з задавальнага генератара, частотнага мадулятара, сістэмы аўтам. рэгулявання напружання (магутнасці) на выхадзе С.-г.; мае таксама рэзанансны частатамер (ці кварцавы калібратар) для атрымання частотных метак на экране асцылографа. Дыяпазон «хістання» частаты ў С.-г. дасягае актавы, выхадная магутнасць да 10 мВт.

т. 14, с. 259

СВІР,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 27 км на ПдЗ ад г. Мядзел. Пл. 22,28 км², даўж. 14,1 км, найб. шыр. 2,3 км, найб. глыб. 8,7 м, даўж. берагавой лініі 31,2 км. Пл. вадазбору 364 км². Аб’ём вады 104,3 млн. м³. Катлавіна лагчыннага тыпу. Зах. схілы выш. 12—15 м (участкамі да 25 м), разараныя ці пад хмызняком, усходнія — выш. 3—5 м, параслі лесам. Пойма на У і Пн шыр. да 200 м, пад зрэджаным хмызняком, забалочаная, парэзаная сеткай меліярац. каналаў. Берагі высокія (да 0,7 м), месцамі зліваюцца са схіламі, усходнія — нізкія, забалочаныя. У цэнтры і на Пд пясчаныя мелі (2 і 3,4 м). Дно да глыб. 4 м пясчанае і пясчана-галечнае, глыбей сапрапелістае. Мінералізацыя вады да 260 мг/л, празрыстасць да 1 м. Эўтрофнае. Моцна зарастае ўздоўж усх. берагоў, у вытоку Свірыцы і месцы ўпадзення Смолкі паласа трыснягу і чароту дасягае шыр. 200 м. Упадаюць рэкі Смолка, Вял. Перакоп, некалькі ручаёў. На Пн выцякае р. Свірыца. Гідралаг. назіранні з 1965. Месца адпачынку, каля возера санаторый «Свір».

Возера Свір.

т. 14, с. 259

СВІР,

гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл. За 45 км на З ад Мядзела, 180 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Лынтупы. Вузел аўтадарог на Смаргонь, Нарач, Брусы. 1,4 тыс. ж. (2000).

Засн., верагодна, у 13 ст. кн. Даўмонтам, які пабудаваў тут замак. Да 1528 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. ВКЛ, уласнасць кн. Свірскіх, потым да 17 ст. Радзівілаў, пазней да 1820 зноў Свірскіх. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці’ Завілейскага, потым Свянцянскага пав. Слонімскай, з 1801 Віленскай губ. У 1879 засн. бровар, у 1896 — спіртаачышчальная вытв-сць. У 1897 у С. і 2 маёнтках 1686 ж., валасная ўправа, паштова-тэлеграфнае аддз., судова-следчы ўчастак Віленскага акр. суда, нар. вучылішча, касцёл, яўр. малітоўная школа, лячэбніца, аптэка, хлебазапасны магазін, 34 крамы, 12 заезных дамоў, 14 корчмаў, 5 кірмашоў на год. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. У 1931—1900 ж., гмінная ўправа, касцёл, царква, паліцэйскі ўчастак, гар. суд, аптэка, лячэбніца, пошта, на святы праводзіліся кірмашы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Свірскага раёна Вілейскай, з 20.9.1944 — Маладзечанскай абл., з 12.10.1940 цэнтр сельсавета. 25.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія за час вайны знішчылі ў С. 1920 чал. 6.7.1944 партызаны 16-й Смаленскай брыгады і атрада С.​Р.​Суслава вызвалілі С. і ўтрымлівалі яго да падыходу часцей Чырв. Арміі. З 25.4.1958 гар. пасёлак. З 31.8.1959 у Мядзельскім р-не, з 1960 у Мінскай вобл.

Працуюць спіртзавод, участкі Мядзельскага ВА жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Нарачанскага рыбгаса; сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, пункт быт. паслуг, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнікі землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік археалогіі — гарадзішча. Помнікі архітэктуры: царква (мяжа 19—20 ст.), Мікалаеўскі касцёл (1908), сядзіба (пач. 20 ст.).

В.​М.​Князева.

т. 14, с. 259

СВІ́РАН,

традыцыйная гасп. пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення, хатняга начыння. Здаўна вядомы на Беларусі, у Літве, асобных раёнах Польшчы. Ад клецяў адрозніваецца большымі памерамі, дыферэнцыраванасцю функцыян. прызначэння, дэкар. аздабленнем. Будавалі іх пераважна з дрэва, з 18 ст. вядомы мураваныя або ў тэхніцы «прускага муру». Некат. С. набліжаліся сваім выглядам да лямусаў і скарбніц. С. былі 1-ярусныя франтальнай кампазіцыі і 2-ярусныя франтальна-яруснай і цэнтрычна-яруснай кампазіцыі. У 17 ст. ўзнік тып шматкамернага С. франтальнай кампазіцыі — падоўжаны будынак, падзелены сценамі на самаст. памяшканні, кожнае з якіх мела ўваход з галерэі, утворанай падчэнямі. Часам галерэі мелі аркады, аздаблялі іх гіркамі і інш. дэкар. элементамі. Дахі ўпрыгожвалі метал. флюгерамі. У верхнім ярусе 2-яруснага С. рабілі галерэйку, на якую вяла з ганка адкрытая лесвіца. С. цэнтрычна-яруснай кампазіцыі мелі кругавыя галерэі ў абодвух ярусах. У некат. С. пад збожжа выкарыстоўвалі толькі ніжнія ярусы, а верхнія служылі скарбніцай. На Беларусі С. былі пашыраны да сярэдзіны 20 ст.

Ю.​А.​Якімовіч.

Свіран у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл. Здымак пач. 20 ст.
Свіран у вёсцы Чамброва Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. Здымак пач. 20 ст.
Свіран у г. Клецк Мінскай вобл. Здымак пач. 20 ст.

т. 14, с. 260

СВІРА́НЫ,

вёска ў Камайскім с/с Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 27 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Паставы, 277 км ад Віцебска. 207 ж., 95 двароў (2001). Клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 260

СВІ́РКА ((Świrko) Станіслаў) (10.11.1911, в. Нёман Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.8.1992),

польскі гісторык л-ры і фалькларыстыкі, параміёлаг. Д-р н. габілітаваны (1980). Скончыў Варшаўскі ун-т (1952). У 1956—77 працаваў у Ін-це літ. даследаванняў Польскай АН. Даследаваў побыт, культ. сувязі бел. і польскага народаў, л-ру, фальклор эпохі рамантызму, параміялогію, грамадскую дзейнасць і паэзію філаматаў, творчасць Я.​Чачота і А.​Міцкевіча. Аўтар манаграфій «Новая кніга польскіх прыказак і прымавак» (т. 1—4, 1969—78, у сааўт.), «З кола філамацкага перадрамантызму» (1972), «З Міцкевічам пад руку, або Жыццё і творчасць Яна Чачота» (1989), артыкулаў «Балады Чачота, іх сувязь з фальклорам і народнасцю Міцкевіча» (1958), «Аб месцы фальклору ў сучаснай польскай культуры» (1964), «Літва і Беларусь» (1970), «Ян Чачот як рэдактар і карэктар другога тома «Паэзія» А.​Міцкевіча» (1972), «Творчасць зняволення Яна Чачота і яго сувязь з паэзіяй А.​Міцкевіча» (1974) і інш.

А.​С.​Аксамітаў.

т. 14, с. 260