СВІР,
гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл. За 45 км на З ад Мядзела, 180 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Лынтупы. Вузел аўтадарог на Смаргонь, Нарач, Брусы. 1,4 тыс. ж. (2000).
Засн., верагодна, у 13 ст. кн. Даўмонтам, які пабудаваў тут замак. Да 1528 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. ВКЛ, уласнасць кн. Свірскіх, потым да 17 ст. Радзівілаў, пазней да 1820 зноў Свірскіх. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці’ Завілейскага, потым Свянцянскага пав. Слонімскай, з 1801 Віленскай губ. У 1879 засн. бровар, у 1896 — спіртаачышчальная вытв-сць. У 1897 у С. і 2 маёнтках 1686 ж., валасная ўправа, паштова-тэлеграфнае аддз., судова-следчы ўчастак Віленскага акр. суда, нар. вучылішча, касцёл, яўр. малітоўная школа, лячэбніца, аптэка, хлебазапасны магазін, 34 крамы, 12 заезных дамоў, 14 корчмаў, 5 кірмашоў на год. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. У 1931—1900 ж., гмінная ўправа, касцёл, царква, паліцэйскі ўчастак, гар. суд, аптэка, лячэбніца, пошта, на святы праводзіліся кірмашы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Свірскага раёна Вілейскай, з 20.9.1944 — Маладзечанскай абл., з 12.10.1940 цэнтр сельсавета. 25.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія за час вайны знішчылі ў С. 1920 чал. 6.7.1944 партызаны 16-й Смаленскай брыгады і атрада С.Р.Суслава вызвалілі С. і ўтрымлівалі яго да падыходу часцей Чырв. Арміі. З 25.4.1958 гар. пасёлак. З 31.8.1959 у Мядзельскім р-не, з 1960 у Мінскай вобл.
Працуюць спіртзавод, участкі Мядзельскага ВА жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Нарачанскага рыбгаса; сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, пункт быт. паслуг, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнікі землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік археалогіі — гарадзішча. Помнікі архітэктуры: царква (мяжа 19—20 ст.), Мікалаеўскі касцёл (1908), сядзіба (пач. 20 ст.).
В.М.Князева.
т. 14, с. 259