Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«СВЕ́ТАЧ»

(«Swietač»),

грамадска-палітычная газета ліберальна-асветніцкага кірунку. Выдавалася з 1(14).11 да 31.12.1916 (13.1.1917) у Петраградзе на бел. мове лацінкай штотыднёва. Рэдактар-выдавец Э.​Будзька. Прызначалася для беларусаў-католікаў. Прапагандавала ідэі культ.-нац. адраджэння Беларусі з клерыкальна-каталіцкім ухілам. Выступала за пашырэнне кааперацыі, школ на роднай мове, газет, культ.-асв. гурткоў. Інфармавала пра падзеі 1-й сусв. вайны, дзейнасць Бел. т-ва ў Петраградзе па аказанні Дапамогі пацярпелым ад вайны, паведамляла пра бел. вечарынку, на якой ставіліся п’есы М.​Крапіўніцкага «Па рэвізіі» і А.​Валодзьскага «Як яны жаніліся». Друкавала творы А.​Паўловіча, А.​Зязюлі, высока цаніла творчасць Г.​Сянкевіча, падкрэслівала, што ён выводзіў «свае тыпы з нашага краю». У арт. «Думкі да граматыкі» Будзькі (пад псеўд. Акцуб) адзначалася неўнармаванасць бел. мовы ў выданнях «Нашай нівы» і суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», прапаноўваліся нормы правапісу. Выйшла 7 нумароў.

М.​В.​Біч.

т. 14, с. 252

СВЕ́ТАШАЎ (Георгій Данілавіч) (н. 16.4.1920, г. Сяміпалацінск, Казахстан),

бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1963). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1953). З 1952 у ансамблях пагранвойск, з 1958 саліст Ансамбля песні і танца БВА, у 1981—87 артыст Дзярж. акад. харавой капэлы Беларусі імя Р.​Шырмы. Валодае голасам цёплага тэмбру, выкананне вылучаецца шчырасцю і лірызмам. У рэпертуары песні бел. і рас. кампазітараў ваен.-патрыят. тэматыкі, бел. і інш. нар. песні, рамансы, арыі з опер.

А.​Я.​Ракава.

т. 14, с. 252

СВЕТЛАВА́Я ПРАЕ́КЦЫЯ,

утварэнне на экране відарыса аб’екта, змешчанага на шляху светлавых прамянёў. Асн. спосабы атрымання С.п.: ценявая праекцыя (непразрысты ці паўпразрысты аб’ект размяшчаецца паміж крыніцай святла і экранам), з дапамогай праекцыйных апаратаў, камеры-абскуры і інш. С.п. — аснова кінатэхнікі, выкарыстоўваецца таксама ў рэнтгенаскапіі, мікрафільмаванні і інш.

т. 14, с. 252

СВЕТЛАВА́Я ЭНЕ́РГІЯ,

фізічная велічыня, роўная здабытку светлавога патоку на працягласць асвятлення; адна з асн. светлавых велічынь. Вызначаецца як частка энергіі эл.-магн. выпрамянення, якая ўспрымаецца чалавечым вокам ці інш. прыёмнікам святла са спектральнай адчувальнасцю, роўнай адчувальнасці сярэдняга вока. Адзінка С.э. — люмен-секунда (гл. Люмен).

т. 14, с. 252

СВЕТЛАВО́Е ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

1) тое, што святло.

2) Адзін з паражальных фактараў ядзернай зброі — магутны паток светлавой энергіі.

Крыніца С.в. — святлівая вобласць, якая складаецца з нагрэтых да высокай т-ры прадуктаў ядз. рэакцыі, паветра, пары глебы і вады. Выклікае апёкі скуры, пашкоджванне вачэй, узгаранне, асмальванне і аплаўленне розных матэрыялаў. Гл. таксама Ахова ад радыеактыўных выпрамяненняў.

т. 14, с. 252

СВЕТЛАВО́Е ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

форма фізічнага забруджвання навакольнага асяроддзя, звязаная з перыяд. або пастаянным перавышэннем узроўню натуральнай асветленасці мясцовасці ў выніку інтэнсіўнага выкарыстання крыніц штучнага асвятлення. Характэрна для індустр. цэнтраў, вял. гарадоў і іх кангламерацый. Самастойна або ў спалучэнні з інш. формамі забруджвання здольна прыводзіць да анамалій развіцця жывых арганізмаў, быць прычынай іх вымушанай міграцыі, негатыўна ўплывае на здароўе людзей, біял. рытмы.

П.​І.​Лабанок.

т. 14, с. 252

СВЕТЛАВЫ́Я ЭТАЛО́НЫ,

меры для ўзнаўлення, захоўвання і перадачы адзінак светлавых велічынь (сілы святла, асветленасці, яркасці, светлавога патоку і інш.). Забяспечваюць адзінства светлавых вымярэнняў з найвышэйшай дасягальнай дакладнасцю. Бываюць першасныя і другасныя.

Першасны С.э. адзінкі сілы святла (кандэлы) ажыццёўлены ў 1948 у выглядзе т.зв. поўнага выпрамяняльніка, які мае ўласцівасці абсалютна чорнага цела; яго яркасць 6∙10​5 кд/м². У 1979 прынята новае вызначэнне кандэлы, якое ўстанаўлівала яе сувязь з адзінкай магутнасці (ватам) монахраматычнага выпрамянення. Другасныя С.э. для адзінак сілы святла, асветленасці, светлавога патоку ўяўляюць сабой групы святловымяральных лямпаў напальвання рознай будовы і колеравай т-ры. Раней С.э. былі: полымя свечкі або лямпы з зададзенымі характарыстыкамі (памерам полымя, відам паліва, скорасцю згарання і інш).

П.​С.​Габец.

т. 14, с. 252

СВЕТЛАВЫ́ ВЕ́КТАР,

вектар шчыльнасці светлавога патоку; фотаметрычны аналаг Пойнтынга вектара. Часам С.в. наз. вектар напружанасці эл. поля эл.-магн. хвалі.

т. 14, с. 252

СВЕТЛАВЫ́ ГОД,

пазасістэмная адзінка даўжыні. Абазначаецца св. год. С.г. роўны адлегласці, якую святло праходзіць за год. 1 св. год = 0,3068 пк = 9,4605∙10​15 м. Выкарыстоўваецца ў астраноміі для вымярэння міжзорных адлегласцей. Гл. таксама Парсек.

т. 14, с. 252

СВЕТЛАВЫ́ ПАТО́К,

магутнасць выпрамянення святла, якая ацэньваецца па зрокавым адчуванні або ўздзеянні на селектыўны прыёмнік святла, што мае стандартызаваную спектральную адчувальнасць. Роўны здабытку сілы святла I на прасторавы вугал ω, у якім распаўсюджваецца дадзены С.п.: Φ = Iω.

Поўны С.п., што выпраменены кропкавай крыніцай святла з сілай святла I, роўны Φ = 4πI. У адрозненне ад С.п. прамяністы паток P ацэньваецца з дапамогай вымяральных прылад (аб’ектыўна) і звязаны з С.п. суадносінамі Φ = kP, дзе k — светлавы эквівалент магутнасці, залежны ад даўжыні хвалі святла. Адзінка С.п. ў СІлюмен, прамяністага патоку — ват.

т. 14, с. 252