«СВЕ́ТАЧ»

(«Swietač»),

грамадска-палітычная газета ліберальна-асветніцкага кірунку. Выдавалася з 1(14).11 да 31.12.1916 (13.1.1917) у Петраградзе на бел. мове лацінкай штотыднёва. Рэдактар-выдавец Э.​Будзька. Прызначалася для беларусаў-католікаў. Прапагандавала ідэі культ.-нац. адраджэння Беларусі з клерыкальна-каталіцкім ухілам. Выступала за пашырэнне кааперацыі, школ на роднай мове, газет, культ.-асв. гурткоў. Інфармавала пра падзеі 1-й сусв. вайны, дзейнасць Бел. т-ва ў Петраградзе па аказанні Дапамогі пацярпелым ад вайны, паведамляла пра бел. вечарынку, на якой ставіліся п’есы М.​Крапіўніцкага «Па рэвізіі» і А.​Валодзьскага «Як яны жаніліся». Друкавала творы А.​Паўловіча, А.​Зязюлі, высока цаніла творчасць Г.​Сянкевіча, падкрэслівала, што ён выводзіў «свае тыпы з нашага краю». У арт. «Думкі да граматыкі» Будзькі (пад псеўд. Акцуб) адзначалася неўнармаванасць бел. мовы ў выданнях «Нашай нівы» і суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», прапаноўваліся нормы правапісу. Выйшла 7 нумароў.

М.​В.​Біч.

т. 14, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)