Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЫ́ВЕНСКІ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д Дзейнічаў у 1908—14 ва ўрочышчы Крывое каля маёнтка Раманаўка Рэчыцкага пав. (цяпер в. Раманаўка ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл.). Належаў «Таварыству распрацоўкі лесу». Вырабляў дошкі, брусы, фрызы з дрэва цвёрдых лісцевых парод. Меў паравы рухавік (40 к. с.). У 1913 працавала 50 чал.

т. 8, с. 495

КРЫВЕ́Ц, Крывое возера,

у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 18 км на Пн ад г. Браслаў. Пл. 0,23 км², даўж. 820 м, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 4,8 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 3 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, пад хмызняком, у верхняй ч. разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, у залівах нізкія, забалочаныя.

т. 8, с. 495

КРЫВЕ́Ц (Сяргей Міхайлавіч) (1909, в. Дубна Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 28.4.1945),

бел. паэт. Вучыўся ў Беластоцкім пед. ін-це (1940—41). Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. З 1930 працаваў цесляром у Гродне, пасля ў Беластоку. З 1944 у Чырв. Арміі, загінуў у баях пад Гдыняй. Друкаваўся з 1928. Многія яго творы (вершы, эпіграмы, апавяданні) распаўсюджваліся ў рукапісах. Пісаў пра цяжкае жыццё рабочых ва ўмовах крызісу 1930-х г. (у вершах «Думы безработнага», «Крызіс» і інш. пачуццё безнадзейнасці і адчужанасці беспрацоўнага), паэтызаваў ідэю сац. і нац.-вызв. барацьбы, салідарнасць працоўных.

Тв.:

Дубок. Мн., 1972;

У кн.: Сцягі і паходні. Мн., 1965;

У кн: Крывёю сэрца. Мн., 1967.

т. 8, с. 495

КРЫВІЗНА́ ў геаметрыі,

велічыня, якая характарызуе адхіленне крывой (паверхні) у наваколлі дадзенага яе пункта ад датычнай прамой (датычнай плоскасці). Вызначае скорасць павароту датычнай пры руху па крывой.

Няхай на крывой ёсць пункт М, дзе датычная стварае вугал α з воссю абсцыс, і пункт M′, аддалены ад M на адлегласць AS. Калі вугал датычнай у M′, роўны α+Δα, το сярэдняя К. дугі MM′ роўная Δα ΔS . Граніца сярэдняй К. пры ΔS→0 (калі яна існуе) наз. К у пункце M. Велічыня К. акружнасці радыуса R адваротная радыусу, г. зн. 1 R . К. крывой y=y(x) роўная k = y″ [1 + (y′)​2]​−3/2. Аналагічна вызначаецца К. прасторавай крывой. Поўная К. паверхні роўна здабытку найб. і найменшай К. сячэнняў паверхні плоскасцямі, што праходзяць праз нармаль у зададзеным пункце. Поўная К. плоскасці роўная нулю, сферы — дадатная, аднаполасцевага гіпербалоіда — адмоўная.

Да арт. Крывізна.

т. 8, с. 495

КРЫВІНА́,

археал. помнік, гл. Галоўск.

т. 8, с. 496

КРЫ́ВІНКА, Ніжняя Крывіна,

рака ў Сенненскім і Бешанковіцкім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 34 км. Пл. вадазбору 637 км². Выцякае з воз. Багданаўскае за 500 м на ПнУ ад в. Запруддзе Сенненскага р-на. Цячэ па Чашніцкай раўніне. Даліна да в. Асавец (Бешанковіцкі р-н) невыразная, ніжэй шыр. 200—500 м. Пойма забалочаная. Рэчышча ад вытоку на працягу каля 20 км каналізаванае, яго шыр. ў ніжнім цячэнні да 15 м. Асн. прыток р. Бярозка (справа).

т. 8, с. 496

КРЫВІ́ЦКАЕ (БЕЛАРУ́СКАЕ) НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА імя Пранціша Скарыны

(КНТ). Існавала ў 1946—49 у Германіі, у 1949—76 у ЗША. Засн. 23.6.1946 у лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург (Германія). Яго старшынямі ў розны час былі Я Станкевіч, А.Адамовіч і А.Махноўскі. Кіруючы орган — штогадовы з’езд. Мела на мэце аб’яднаць намаганні вучоных-беларусаў для навук. працы ў галіне беларусазнаўства·. 5.5.1949 цэнтр т-ва перанесены ў г. Нью-Йорк, 23.11.1959 яно атрымала правы культ. і навук. установы, створаны аддзелы ў г. Чыкага (ЗША) і Аўстраліі. Пры т-ве дзейнічалі секцыі: літ. (з 26.8.1950),

мовазнаўчая (з 28.4.1951), гіст. і пед. (з 25.1.1953). 27.4.1952 пры ім засн. Ін-т найноўшай гісторыі Беларусі (кіраўнік М.Чатырка) і Прэсавае бюро (кіраўнік Ю.Віцьбіч). Т-ва займалася зборам дакументаў, рукапісаў, бел. выданняў, якія захоўваліся ў створаным пры ім Бел. архіве (дырэктар А.Шукелойць). З 1957 уваходзіла ў Бел.-амер. дапамогу (Нью-Йорк) і Задзіночанне слав. навук. арг-цый ЗША. Т-вам выдадзены «Паказальнік беларускіх выданняў на чужыне за 1945—50 гг.» М.Панькова (1952), «Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразеалагічны і прыказак, а таксама прывітанняў, зычэнняў і інш.» Станкевіча (2-е выд. 1953), кнігі «Лявон Вітан-Дубейкаўскі» К.Вітан (1954), «Ул. Жылка. Творы: Да 20-х угодкаў смерці» (1953, усе ў Нью-Йорку). Выдавала навукова-літ. час. «Веда». Спыніла дзейнасць у 1976 у сувязі са смерцю Станкевіча.

А.С.Ляднёва.

т. 8, с. 496

КРЫВІ́ЦКІ (Аляксандр Антонавіч) (н. 15.8.1927, в. Залессе Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1959). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1951). З 1952 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа Нац. АН Беларусі. Навуковыя даследаванні ў галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, лексікаграфіі. Аўтар працы «Наша родная мова» (3-е выд., 1973). Сааўтар «Хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (ч. 1—2, 1963), «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1968, кн. карт 1969), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Тураўскага слоўніка» (т. 1—5, 1982—87), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98), «Лексічных ландшафтаў Беларусі» (1995), вучэбных дапаможнікаў, у т. л. «Фанетыка беларускай мовы» (1984), «Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску» (3-е выд., 1990), «Падручнік беларускай мовы: Для самаадукацыі» (1994). Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел ў комплексе работ па бел. лінгвагеаграфіі.

Тв.:

Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979 (з А.І.Жураўскім).

І.К.Германовіч.

т. 8, с. 496

«КРЫВІ́ЦКІ ВЯЗО́К»,

бел асветнае т-ва ў Пецярбургу ў 1868—70. Стваральнік і кіраўнік («галава») — паэт В. Савіч-Заблоцкі. Мела на мэце дасканала вывучаць бел. мову, выдаваць папулярныя кнігі і падручнікі для «чарналюду»; збірала матэрыялы па гісторыі Беларусі. Распалася з-за рэпрэсій з боку рас. улад.

т. 8, с. 496

КРЫВІ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ТРЫНІТА́РЫЯЎ,

помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1776 у в. Крывічы (цяпер гар. пасёлак) Мядзельскага р-на Мінскай вобл. ў стылі позняга барока. Складаецца з Андрэеўскага касцёла і жылога будынка. Касцёл св. Андрэя — 1-нефавы, 1-вежавы храм з прамавугольнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Высокая вежа мае 3-ярусную кампазіцыю з характэрнымі ў стылявых адносінах заломамі карніза, скосамі вуглоў. Арх. дэкор стрыманы і лаканічны. Высока размешчаныя ў тоўшчы сцен аконныя праёмы набліжаюць храм да абарончых збудаванняў. Сцены крапаваны падвойнымі пілястрамі з капітэлямі іанічнага ордэра. Амбон аздоблены пазалочанай драўлянай разьбой. Падлога мазаічная, з геам. арнаментам. Алтар багата ўпрыгожаны лепкай, скульптурамі святых. Жылы будынак прымыкае да паўд.-ўсх. сцяны касцёла. Двухпавярховы, прамавугольны ў плане, яго сцены ўмацаваны плоскімі лапаткамі, члянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

А.Ю.Пятросава.

Крывіцкі касцёл і кляштар трынітарыяў.

т. 8, с. 496