акалічнасці, наяўнасць якіх пры ўчыненні злачынства сведчыць пра тое, што дадзенае злачыннае дзеянне або сам злачынец з’яўляецца менш грамадска небяспечным, чым пры адсутнасці такіх акалічнасцей. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь З.а.а. прызнаюцца: прадухіленне вінаватым шкодных вынікаў яго злачынства або добраахвотнае пакрыццё нанесенай страты ці прычыненай шкоды; учыненне злачынства ў выніку збегу цяжкіх асабістых ці сямейных абставін, або пад уплывам пагрозы ці прымусу, з прычыны матэрыяльнай і інш. залежнасці, або пад уплывам моцнага душэўнага хвалявання, выкліканага неправамернымі дзеяннямі пацярпелага, або пры абароне ад грамадска небяспечнага пасягання; учыненне злачынства непаўналетнім або жанчынай у стане цяжарнасці; шчырае раскаянне або яўка з павіннай; актыўнае садзеянне выкрыццю злачынства. Пры назначэнні пакарання суд можа ўлічваць таксама З.а.а., якія не вызначаны законам.
найбольш агульная форма быцця ўсіх аб’ектаў і з’яў, што ўяўляе сабой усялякі рух і ўзаемадзеянне, пераход з аднаго стану ў другі. Уключае ў сябе любыя пераўтварэнні форм руху, усе працэсы развіцця, а таксама ўзнікненне новых з’яў у свеце. Ахоплівае колькаснае павелічэнне ці змяншэнне характарыстык цел і іх якасныя трансфармацыі. Гістарычна змяняюцца не толькі любыя канкрэтныя ўласцівасці цел, але і самі законы руху матэрыі. У філасофіі З. заўсёды проціпастаўляецца спакой і ўстойлівасць цел, але і самі яны адносныя, таму што з’яўляюцца прыватным выпадкам і вынікам агульнага руху матэрыі.
лакальнае (мясцовае) сцісканне, якое ўзнікае ў зоне кантакту элементаў канструкцыі (напр., у заклёпачных злучэннях, пад апорамі бэлек і інш.). Суправаджаецца звычайна астаткавымі дэфармацыямі.
экватарыяльнае сузор’е. Пачынаецца на Пд ад Паўночнай Кароны. Найб. яркая зорка 2,6 візуальнай зорнай велічыні; 60 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. Складаецца з 2 частак (галава і хвост), падзеленых сузор’ем Змеяносца. На тэр. Беларусі відаць вясной і летам. Гл.Зорнае неба.
змяя роду сапраўдных кобраў. Пашырана ў Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Жыве сярод камянёў і кустоў, у тэрмітніках, норах грызуноў і інш.
Даўж. 1,6—2 м. Афарбоўка зменлівая, агульны фон ад жаўтавата-шэрага да бураватага і чорнага. Бруха светла-шэрае або жаўтавата-бурае. Пры небяспецы на расшыраным спінным баку шыі светлы малюнак у выглядзе акуляраў (адсюль назва). У інд. падвідзе З.-а. «акулярны» малюнак звычайна з аднаго кальца. Корміцца земнаводнымі, грызунамі, радзей птушкамі. Ядавітая, яд выкарыстоўваюць у медыцыне.