ЗМЯНЕ́ННЕ,

найбольш агульная форма быцця ўсіх аб’ектаў і з’яў, што ўяўляе сабой усялякі рух і ўзаемадзеянне, пераход з аднаго стану ў другі. Уключае ў сябе любыя пераўтварэнні форм руху, усе працэсы развіцця, а таксама ўзнікненне новых з’яў у свеце. Ахоплівае колькаснае павелічэнне ці змяншэнне характарыстык цел і іх якасныя трансфармацыі. Гістарычна змяняюцца не толькі любыя канкрэтныя ўласцівасці цел, але і самі законы руху матэрыі. У філасофіі З. заўсёды проціпастаўляецца спакой і ўстойлівасць цел, але і самі яны адносныя, таму што з’яўляюцца прыватным выпадкам і вынікам агульнага руху матэрыі.

т. 7, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)