Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖЫЛЮ́К (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 27.10.1948, с. Багданаўка Цярнопальскай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1974). З 1971 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае прыгожым мяккім голасам вял. дыяпазону, высокай пеўчай культурай. Сярод партый: Рыка, Бургамістр («Джардана Бруна», «Візіт дамы» С.​Картэса), Леў Данілавіч («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі), Раберт, Ялецкі («Іаланта», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Маралес («Кармэн» Ж.​Бізэ), Шарплес («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Жэрмон («Травіята» Дж.​Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні; прэмія на 1-м Міжнар. конкурсе оперных спевакоў імя С.​Крушальніцкай, 1991, Львоў), Раеўскі («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева), сола барытона ў вак.-харэагр. прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз.К.​Орфа. Выступае як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя М.​І.​Глінкі (1981).

Т.​Г.​Мдыват.

т. 6, с. 468

ЖЫЛЯ́НІН (Якім Аляксандравіч) (22.8.1903, в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 30.8.1979),

дзеяч КПБ, адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Віцебшчыне ў Вял. Айч. вайну. Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1948). З 1927 на сав. і парт. рабоце, з 1939 заг. аддзела кадраў ЦК КП(б)Б, сакратар Магілёўскага абкома КП(б)Б. У 1941—44 упаўнаважаны эвакуацыйнага савета пры СНК СССР. З 1942 сакратар Віцебскага падп. абкома КП(б)Б. З 1944 сакратар Віцебскага, 1-ы сакратар Полацкага абкомаў КП(б)Б, з 1946 у ЦК КП(б)Б, у 1949—59 старшыня Магілёўскага аблвыканкома. Чл. ЦК КПБ у 1940—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—63, Вярх. Савета СССР у 1950—54.

т. 6, с. 468

ЖЫЛЯ́РДЗІ, Джылярдзі (Gilardi) Даменіка

[Дзяменцій Іванавіч; 4.6.1785 (або 1788), Мантаньёла, каля г. Лугана, Швейцарыя — 28.2.1845],

архітэктар. Прадстаўнік рускага ампіру. Ганаровы чл. Пецярб. АМ (з 1830). Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў свайго бацькі архітэктара, потым у Міланскай АМ (1804—06). У 1810—32 працаваў у Расіі. Пасля пажару 1812 у Маскве аднавіў будынак ун-та (1817—19), перабудаваў будынкі Екацярынінскага ін-та (цяпер Цэнтральны дом Рас. Арміі), Апякунскага савета (цяпер АМН), жылы дом С.​С.​Гагарына (цяпер Ін-т сусв. л-ры імя Горкага), падмаскоўную сядзібу князёў Галіцыных Кузьмінкі (усе 1820-я г.) і інш. Архітэктура будынкаў вызначаецца манументальнасцю, урачыстай параднасцю. Майстар садова-паркавага мастацтва.

Літ.:

Белецкая Е.А., Покровская З.К. Д.​И.​Жилярди. М., 1980.

Д.Жылярдзі. Дом Луніных. Фрагмент фасада галоўнага корпуса.

т. 6, с. 468