ЖЫЛЯ́РДЗІ, Джылярдзі (Gilardi) Даменіка

[Дзяменцій Іванавіч; 4.6.1785 (або 1788), Мантаньёла, каля г. Лугана, Швейцарыя — 28.2.1845],

архітэктар. Прадстаўнік рускага ампіру. Ганаровы чл. Пецярб. АМ (з 1830). Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў свайго бацькі архітэктара, потым у Міланскай АМ (1804—06). У 1810—32 працаваў у Расіі. Пасля пажару 1812 у Маскве аднавіў будынак ун-та (1817—19), перабудаваў будынкі Екацярынінскага ін-та (цяпер Цэнтральны дом Рас. Арміі), Апякунскага савета (цяпер АМН), жылы дом С.С.Гагарына (цяпер Ін-т сусв. л-ры імя Горкага), падмаскоўную сядзібу князёў Галіцыных Кузьмінкі (усе 1820-я г.) і інш. Архітэктура будынкаў вызначаецца манументальнасцю, урачыстай параднасцю. Майстар садова-паркавага мастацтва.

Літ.:

Белецкая Е.А., Покровская З.К. Д.И.Жилярди. М., 1980.

Д.Жылярдзі. Дом Луніных. Фрагмент фасада галоўнага корпуса.

т. 6, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)