Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДРЫ́ЧЫН,

вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Пціч, на аўтадарозе Асіповічы — в. Шышчыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПдЗ ад Асіповіч, 194 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Фалічы. 285 ж., 110 двароў (1997). Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 6, с. 229

ДРЫ́ЧЫН,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на ПнЗ ад Мар’інай Горкі, 48 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Дрычын. 720 ж., 256 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных і партызан.

т. 6, с. 229

ДРЫЯ́ДА, курапатчына трава (Dryas),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў арктычных і субарктычных раёнах, таксама ў высакагор’ях на Пн умеранага пояса. Расце ў тундры, на гальцы і альпійскіх лугах. Найб. вядомыя Д. васьміпялёсткавая (D. octopetala) і кропкавая (D. punctata).

Шматгадовазялёныя кусцікі са сцелістым сцяблом. Лісце простае, скурыстае, зверху зялёнае, бліскучае, знізу бела-лямцавае. Кветкі адзіночныя, буйныя, белыя, рэдка жоўтыя, на прамастойных кветаносах Плод — шматарэшак. На каранях развіваецца эктатрофная мікарыза. Кармавыя (для аленяў), харч. (сурагат гарбаты), лек. (вяжучае) і дэкар. (выкарыстоўваюцца для стварэння альпінарыяў) расліны.

Г.У.Вынаеў.

Дрыяда васьміпялёсткавая.

т. 6, с. 229

ДРЫЯ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфы дрэў, якія жывуць у лясах і гаях, дочкі Зеўса і дрэў. Жылі і паміралі разам з дрэвамі, апекавалі ўсіх, хто саджаў і даглядаў дрэвы.

т. 6, с. 229