ДРЫЯ́ДА, курапатчына трава (Dryas),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў арктычных і субарктычных раёнах, таксама ў высакагор’ях на Пн умеранага пояса. Расце ў тундры, на гальцы і альпійскіх лугах. Найб. вядомыя Д. васьміпялёсткавая (D. octopetala) і кропкавая (D. punctata).

Шматгадовазялёныя кусцікі са сцелістым сцяблом. Лісце простае, скурыстае, зверху зялёнае, бліскучае, знізу бела-лямцавае. Кветкі адзіночныя, буйныя, белыя, рэдка жоўтыя, на прамастойных кветаносах Плод — шматарэшак. На каранях развіваецца эктатрофная мікарыза. Кармавыя (для аленяў), харч. (сурагат гарбаты), лек. (вяжучае) і дэкар. (выкарыстоўваюцца для стварэння альпінарыяў) расліны.

Г.У.Вынаеў.

Дрыяда васьміпялёсткавая.

т. 6, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)