Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВАГАНЕ́ТКА (франц. wagonnet),

транспартны сродак невял. умяшчальнасці для перавозкі грузаў і людзей па вузкакалейнай чыгунцы. Бывае ў выглядзе платформы ці з жорстка замацаваным або перакульным кузавам, з адкіднымі сценкамі і інш. Перамяшчаецца лакаматывамі, самакатам па пакатах або сваім ходам (самаходныя ваганеткі). Грузападымальнасць 1—5 т, у асобных выпадках 8—10 т і болей. Пасажырскія ваганеткі перавозяць 6—18 чал. Выкарыстоўваюцца на кар’ерах, рудніках, шахтах, унутрызаводскіх лініях, буд. пляцоўках і інш.

Ваганетка: а — рудніковая пасажырская; б — самаразгрузная з адкідным днішчам.

т. 3, с. 428

ВАГА́ННІ,

рух (працэс), які мае пэўную ступень паўтаральнасці ў часе. Незалежна ад іх прыроды матэматычна апісваюцца аднолькавымі ўраўненнямі і вызначаюцца аднымі і тымі ж заканамернасцямі. Асн. характарыстыкі: перыяд ваганняў, амплітуда, скорасць нарастання або спадання амплітуды, спектр частот і форма ўласных ваганняў складаных сістэм. Могуць распаўсюджвацца ў асяроддзі, дзе знаходзіцца іх крыніца. Працэс распаўсюджвання ваганняў (а таксама інш. узбурэнняў) наз. хвалямі.

Паводле фіз. прыроды ваганні бываюць механічныя (напр., ваганні маятніка), электрамагнітныя (ваганні току і напружання ў вагальным контуры), электрамеханічныя (ваганні п’езаэл. датчыкаў), тэмпературныя (ваганні т-ры на Зямлі) і інш., паводле спосабу ўзбуджэння — уласныя ваганні, вымушаныя ваганні, параметрычныя ваганні і аўтаваганні. Кінематычна ваганні любой фіз. прыроды падзяляюць на перыядычныя (напр., гарманічныя ваганні, прамавугольныя, пілападобныя), амаль перыядычныя (гл. Затуханне ваганняў) і выпадковыя (белы шум). Кожны складаны вагальны працэс можна выявіць як суму гарманічных ваганняў (гл. Гарманічны аналіз). Спецыфічныя ваганні ўласцівы таксама некаторым біял. працэсам (гл., напр., Біялагічныя рытмы), гэты тэрмін у геаграфіі ўжываецца пры характарыстыцы многіх прыродных з’яў (напр., шматгадовых змяненняў клімату перыяд. характару).

П.​С.​Габец.

Віды ваганняў: а — прамавугольныя; б — пілападобныя; в — гарманічныя; г — затухальныя; д — нарастальныя.

т. 3, с. 428

ВАГА́ННІ КЛІ́МАТУ,

рытмічныя змяненні клімату на працягу невял. адрэзкаў часу (не менш як 10 гадоў) у рамках пэўнага клімату дадзенай мясцовасці. Выражаюцца ў змене цёплых перыядаў больш халоднымі або сухіх вільготнымі. Ваганні клімату звязваюць са змяненнямі сонечнай актыўнасці (11- і 80-гадовыя цыклы), скорасці вярчэння Зямлі (250-гадовыя), сілы прыліваў (каля 1700-гадовы цыкл) і інш. У геал. мінулым, верагодна, былі больш глыбокімі і працяглымі. Найб. вывучаны ў гіст. час і сучасныя, за апошнія 150—200 гадоў. На пачатку н.э. клімат Еўропы быў падобны на сучасны, у 11—13 ст. значна цяплейшы (у Грэнландыі пашырылася жывёлагадоўля). Моцнае пахаладанне ў 15—16 ст. наз. малым ледавіковым перыядам. У 17 ст. адбылося пацяпленне, потым да сярэдзіны 19 ст. клімат зноў быў халодны і вільготны, пасля чаго настала сучаснае пацяпленне (вынік супадзення 80- і 250-гадовых цыклаў).

т. 3, с. 428

ВАГА́ННІ КРЫШТАЛІ́ЧНАЙ РАШО́ТКІ,

узгодненыя зрушэнні атамаў крышталя каля становішчаў раўнавагі (вузлоў рашоткі). Характар ваганняў залежыць ад сіметрыі крышталёў, ліку атамаў у элементарнай ячэйцы, тыпу хім. сувязі, віду і канцэнтрацыі дэфектаў у крышталях. Амплітуда ваганняў павялічваецца з павышэннем тэмпературы крышталя. На цеплавыя ваганні могуць накладвацца ваганні, выкліканыя распаўсюджваннем у крышталі пругкіх хваляў, абумоўленых знешнім уздзеяннем.

У крышталі з N элементарных ячэек па ν атамаў у кожнай існуе 3νN—6 незалежных найпрасцейшых нармальных ваганняў, кожнае з якіх можна ўявіць у выглядзе дзвюх плоскіх пругкіх хваляў, што распаўсюджваюцца ў процілеглых напрамках. Гэтыя ваганні складаюцца з трох акустычных галін (ім адпавядаюць зрушэнні элементарнай ячэйкі як цэлага) і 3 (ν—1) аптычных (адпавядаюць зрушэнням атамаў унутры элементарнай ячэйкі). Пры пругкім характары міжатамнага ўзаемадзеяння вагальная энергія крышталя складаецца з энергій нармальных ваганняў, кожнае з якіх уцягвае ў рух усе атамы. Вагальную энергію крышталя можна разглядаць і як суму энергій фанонаў — квантаў энергіі пругкіх ваганняў. Квантавая прырода ваганняў крышталічнай рашоткі праяўляецца ў наяўнасці нулявых ваганняў атамаў пры T = 0К. Ваганні крышталічнай рашоткі ўплываюць на электраправоднасць металаў і паўправаднікоў, на аптычныя ўласцівасці дыэлектрыкаў.

Літ.:

Анималу А. Квантовая теория кристаллических твердых тел: Пер. с англ. М., 1981;

Рейсленд Дж. Физика фононов: Пер. с англ. М., 1975;

Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965.

М.​А.​Паклонскі.

т. 3, с. 428

ВАГА́НТЫ (ад лац. vagantes вандроўныя),

вандроўныя студэнты, шкаляры, ніжэйшыя клірыкі ў Зах. Еўропе 11—13 ст., якія складалі на лац. мове і выконвалі сатыр. вершы, застольныя, студэнцкія і любоўныя песні, пародыі, высмейвалі феадалаў, вышэйшае духавенства і заможных гараджан. Наз. таксама галіярдамі. Найб. росквіту творчасць вагантаў, пераважна песенная, дасягнула ў 12—13 ст. Праследаваліся афіц. царквой. З 14 ст. страцілі сваё значэнне.

Літ.:

Поэзия вагантов. М., 1975.

т. 3, с. 428

ВАГА́ПАЎ (Ільдар Камілевіч) (н. 4.8.1949, г. Магадан, Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхн. акустыкі. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Казанскі ун-т (1971). З 1976 у Ін-це тэхн. акустыкі АН Беларусі (г. Віцебск). Навук. працы па ўздзеянні ультрагуку на мех. ўласцівасці і структуру металаў і стварэнні тэхнал. сістэм для апрацоўкі металаў ціскам.

Тв.:

Нелинейные эффекты в ультразвуковой обработке. Мн., 1987.

т. 3, с. 429

ВАГАРША́Н (сапр. Пагасян) Вагарш Багданавіч

(14.2.1894, г. Шуша, Нагорны Карабах — 6.5.1959),

армянскі акцёр, рэжысёр, драматург. Нар. арт. СССР (1954). З 1923 у армянскім т-ры імя Г.​Сундукяна (Ерэван). Праф. Ерэванскага тэатр. ін-та (з 1946). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, майстар пераўвасаблення. З роляў: Гагік («Краіна родная» Д.​Дэмірчана), Арбенін («Маскарад» М.​Лермантава), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра). Сярод пастановак: «Дасцігаеў і іншыя» (1934) і «Васа Жалязнова» (1937) М.​Горкага, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1938). Аўтар п’ес «У кальцы» (1930), «Давід Сасунскі» (1940) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1952.

т. 3, с. 429

ВАГА́ ЦЕ́ЛА,

сіла, з якой цела ў полі сілы цяжару (напр., гравітацыйным полі Зямлі) уздзейнічае на апору (або падвес), што перашкаджае свабоднаму падзенню цела. Калі апора нерухомая або рухаецца раўнамерна і прамалінейна адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, вага цела лікава роўная сіле цяжару. Вызначаецца з дапамогай спружынных (непасрэдна) або рычажных (ускосна) вагаў. Вымяраецца ў ньютанах.

З прычыны сціснутасці Зямлі і яе сутачнага вярчэння вага цела залежыць ад шыраты мясцовасці (на экватары прыблізна на 0,5% меншая, чым на полюсах). Пры паскораным руху цела вага цела залежыць ад паскарэння сістэмы, напр., калі паскарэнне супадае (па модулі і напрамку) з паскарэннем сілы цяжару, назіраецца бязважкасць.

т. 3, с. 427

ВАГЕ́ЗЫ (Vosges),

горны масіў на ПнУ Францыі. Даўж. каля 160 км. Выш. да 1423 м (г. Балон-дэ-Гебвілер). Зах. схіл пакаты, усходні стромка абрываецца да Верхнярэйнскай нізіны. Складзены з гранітаў і пясчанікаў. Букавыя, піхтавыя і яловыя лясы. На вяршынях — лугі. Нац. рэзерват Маркштэйн. У далінах — палі, сады, вінаграднікі.

т. 3, с. 429

ВА́ГІ,

прылада для вымярэння масы цела па ўздзеянні на яго сілы цяжару; прылада для вымярэння фіз. велічынь, што характарызуюцца сілай або момантам сілы. Найб. пашыраны рычажныя вагі, прынцып дзеяння якіх засн. на законах раўнавагі рычага; спружынныя — на Гука законе. У электронных вагах мерай вагі цела з’яўляюцца эл. велічыні (сіла току або напружанне). Гідраўлічныя вагі па сваёй будове падобныя на гідраўлічны прэс. Адлік паказанняў праводзяць па манометры, які праградуіраваны ў адзінках масы.

Паводле прызначэння адрозніваюць метралагічныя ўзорныя (для праверкі гіраў), лабараторныя (вагі аналітычныя, мікрааналітычныя, прабірныя і інш.) і агульнага прызначэння, паводле прынцыпу дзеяння — рычажныя (напр., шалі, бязмен), квадрантавыя, спружынныя, электронныя, гідрастатычныя (гл. Гідрастатычнае ўзважванне) і гідраўлічныя (пнеўматычныя); па найб. мяжы ўзважвання вагі агульнага прызначэння падзяляюць на настольныя (да 50 кг), перасоўныя (да 6 т), стацыянарныя (аўтамабільныя, вагонныя, бункерныя і інш.; да 200 т).

П.​А.​Пупкевіч.

Вагі: а — аўтамабільныя; б — электрамеханічныя канвеерныя; 1 — узмацняльнік; 2 — сілавымяральнік; 3 — рама грузапрымальнага прыстасавання; 4 — ролікавыя апоры; 5 — стужачны транспарцёр; 6 — датчык тахометра; 7 — электронны блок.

т. 3, с. 429