Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КІРЫ́ЛІЦА,

адна з дзвюх (разам з глаголіцай) стараж. славянскіх азбук. Створана ў сярэдзіне 9 ст. на аснове грэка-візант. ўстаўнага пісьма. Назва ад імя слав. асветніка Кірылы Філосафа (гл. ў арт. Кірыла і Мяфодзій). Паходжанне К. канчаткова не высветлена. На думку адных вучоных, К. створана Кірылам раней за глаголіцу, ад якой адрознівалася інш. тыпам і больш простай і выразнай формай літар. Паводле другіх вучоных, Кірыла з’яўляўся стваральнікам глаголіцы, што папярэднічала К. Алфавітна-літарны склад К. адпавядаў гукавой сістэме стараславянскай мовы. У 11 ст. мела 43 літары: 24 візант. паходжання, 19 створаны самастойна. 27 літар абазначалі лічбы (літара з цітлай). З 10 ст. К. абслугоўвала ўсе тыпы стараж.-рус. літ. мовы. Паслядоўна існавалі графічныя відазмяненні К.: устаў, паўустаў, скорапісбыт. і дзелавой перапісцы), арнаментальная вязь (у кніжных загалоўках). Ад стараж.-рус. пісьменства К. перайшла ў спадчыну старабел., старарус. і стараўкр. пісьменствам. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары К. Аднак у працэсе развіцця бел. мовы літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах, якія без шкоды для пісьмовых зносін маглі замяняць адна адну, але працягвалі ўжывацца па традыцыі (о–ѡ, е–є–ѣ, і–и–ѵ, у–ꙋ–ѫ, ѩ–ѧ, з–ѕ, ф–ѳ, ѯ–ксі, ѱ–псі), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў [о] пасля мяккіх і [е] пасля цвёрдых зычных. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі новыя графемы э (канец 15 ст.) і й (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца ў гукавым значэнні знакі і, ѵ, ѯ, ѱ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў сталі трапляцца радзей літары ѵ, ѯ, ѱ, ѕ. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне бел. першадрукаром і асветнікам Ф.Скарынай на аснове паўустава друкарскага варыянта К., што стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Цікавай з’явай у гісторыі бел. кнігадрукавання было вынаходства спец. курсіўнага шрыфту (прапанаваў Грынь Івановіч), які сваёй канфігурацыяй імітаваў скорапіс 2-й пал. 16 ст. Працэс удасканалення К. на Беларусі спыніўся ў 18 ст. з прычыны заняпаду старабел. пісьменства. У Расіі ў выніку рэформы Пятра I у 1708 быў створаны грамадзянскі шрыфт, што пазней стаў асновай сістэм пісьма ўсх.-слав. і некат. інш. народаў, у т. л. і новага бел. пісьменства. Сучасны беларускі алфавіт выпрацаваны ў выніку кантамінацыі рус. грамадзянскага шрыфту са старабел. варыянтам К., вызначаецца большай дакладнасцю. У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў «йо» (ё) і спецыфічнага бел. гуку кароткага «ў», афрыкаты «дж», «дз» перадаюцца дыграфамі, раздзяляльную функцыю выконвае апостраф.

Найб. стараж. кірыліцкія помнікі — надпісы на сценах і плітах у Праславе (9—10 ст., Балгарыя), на глінянай пасудзіне з раскопак курганоў пад Смаленскам (10 ст.) і інш. Першая датаваная кніга, напісаная К., — Астрамірава евангелле (1056—57).

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970.

А.М.Булыка.

Кірыліца.

т. 8, с. 287

КІРЫ́ЛЬЧАНКА (Пётр Міхайлавіч) (18.10.1914, г. Краснадар, Расія — 20.9.1997),

бел. альтыст, педагог, дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1938). З 1938 артыст сімф. аркестраў у Маскве і Горкім. У 1944—62 саліст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі, удзельнік струннага квартэта Бел. філармоніі. У 1970—73 гал. дырыжор Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі, у 1980—90 — Мінскай нар. опернай студыі Рэсп. міжсаюзнага Палаца культуры прафсаюзаў. Выкладаў у Бел. кансерваторыі (1945—79). Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены спектаклі «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі, «Вольны вецер» І.Дунаеўскага, «Халопка» М.Стрэльнікава, «Чацвёра з вуліцы Жанны» А.Сандлера, «Сільва», «Баядэра», «Фіялка Манмартра» І.Кальмана ў т-ры муз. камедыі; «Справа гонару» С.Манюшкі, «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса, «Джані Скікі», «Плашч» Дж.Пучыні і інш. ў нар. опернай студыі.

т. 8, с. 288

КІРЫЛЮ́К (Лідзія Уладзіміраўна) (н. 25.9.1926, г. Гродна),

бел. педагог. Канд. пед. н. (1969), праф. (1991). Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1952). З 1955 у Гродзенскім ун-це (у 1971—82 прарэктар, заг. кафедры, у 1982—91 дэкан). Даследуе тэарэт. праблемы геаметрыі, формы і метады арг-цыі прафес.-пед. падрыхтоўкі настаўнікаў матэматыкі.

Тв.:

Аффинные преобразования. Гродно, 1992 (у сааўт.);

Аналітычная геаметрыя: Дапаможнік для студэнтаў. Ч. 1—2. Гродна, 1998.

т. 8, с. 288

КІРЫЛЮ́К (Яўген Прохаравіч) (18.3.1902, Варшава — 24.6.1989),

украінскі літ.-знавец. Чл.-кар. АН Украіны (1957). Засл. дз. нав. Украіны (1972). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. асветы (1926). У 1946—84 у Ін-це л-ры імя Т.Шаўчэнкі АН Украіны. Аўтар больш як 800 прац, у т. л. кніг «Панцеляймон Куліш» (1929), «Украінскія пісьменнікі — рэвалюцыйныя дэмакраты і літаратуры заходніх і паўднёваславянскіх народаў» (1963), «Вечны рэвалюцыянер. Жыццё і творчасць Івана Франко» (1966), «Т.Р.Шаўчэнка. Жыццё і творчасць» (1959, 1964; Ленінская прэмія 1964), «Вук Караджыч і ўкраінская культура» (1978). Пад кіраўніцтвам К. створаны калектыўнае даследаванне «Шаўчэнказнаўства. Вынікі і праблемы» (1975), энцыклапедычны «Шаўчэнкаўскі слоўнік» (т. 1—2, 1976—77; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1980). У даследаваннях «Шаўчэнка і славянскія народы» (1958), «Украінскі рамантызм у тыпалагічным супастаўленні з літаратурамі заходне- і паўднёваславянскіх народаў» (1973) і інш. Закранаў праблемы бел.-ўкр. літ. сувязей.

В.А.Чабаненка.

т. 8, с. 289

КІРЫ́РЫША («вялікая багіня»),

у эламскай міфалогіі багіня-маці. Напачатку шанавалася толькі на ПдУ Элама, у мясцовасці Ліян (Бушыр). З канца 3-га тыс. да н.э. яе культ пашырыўся на ўвесь Элам, а ў пач. 2-га тыс. да н.э. яна заняла вядучае месца ў эламскім пантэоне як «маці багоў». З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. на чале пантэона стаў Хумпан, a К. атрымала тытул яго «вялікай жонкі».

т. 8, с. 289

КІРЫЧЭ́НКА (Віктар Лук’янавіч) (19.8.1935, г. Ліскі Варонежскай вобл., Расія — 25.4.1974),

бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1963). З 1963 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодаў лёгкім рухомым голасам цёплага тэмбру. Яго выкананне вызначалася музыкальнасцю, тонкім лірызмам, шчырасцю. Сярод партый: Мільчык і Уронак («Яснае світанне» А.Туранкова), Пётр («Зорка Венера» Ю.Семянякі), Сашка («Андрэй Касценя» М.Аладава), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.Барадзіна), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Альфрэд, Герцаг, Касіо («Травіята», «Рыгалета», «Атэла» Дж.Вердзі), Немарына («Любоўны напітак» Г.Даніцэці), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Рудольф («Багема» Дж.Пучыні), Дон Атавіо («Дон Жуан» В.А.Моцарта), П’еро («Балаганчык» А.Янчанкі), у тэлеоперах «Тарас на Парнасе» М.Аладава, «Ранак» Г.Вагнера.

т. 8, с. 289

КІРЫ́ЧЭНКА (Мікалай Міхайлавіч) (н. 16.3.1946, г. Маладзечна Мінскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). З 1969 у Брэсцкім абл. драм. т-ры, з 1971 у Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы. З 1987 выкладае ў Бел. АМ. Яго акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладнасцю характарыстык, выразнасцю сцэн. малюнка вобраза; стваральнік яркіх характараў-тыпаў. Сярод роляў у т-ры імя Я.Купалы: Язэп Карыта («Ажаніцца — не журыцца» М.Чарота), Холад («Звон — не малітва» І.Чыгрынава), Ягайла («Князь Вітаўт» А.Дударава), Салёны («Тры сястры» А.Чэхава), Вагін («Дзеці сонца» М.Горкага), Менахем («Памінальная малітва» Р.Горына), Палоній («Гамлет» У.Шэкспіра), Гаспадар («Саўдзельнікі» І.Гётэ), Жорж («Жахлівыя бацькі» Ж.Както), Люнгетран («Жанчына з мора» Г.Ібсена), Шындзін («Мы, ніжэй падпісаныя» А.Гельмана), Фініган («Гаральд і Мод» К.Хігінса).

т. 8, с. 289

КІРЭ́ЕНКА (Кастусь) (Канстанцін Ціханавіч; 12.12.1918, в. Гайшын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 15.9.1988),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1940). Працаваў у час. «Беларусь» (1945—62), з 1962 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1972—86 — час. «Полымя». Друкаваўся з 1939. Паэзія К. непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зб. «Ранак ідзе», 1945). Тонкая настраёвасць і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў: зб-кі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі», «Родны свет» (абодва 1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959). Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філас. разважанняў над праблемамі часу: кн. «Смага» (1962, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1972), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў», «Надзея» (абедзве 1985), ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988), публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971), успамінаў і эсэ «Заўсёды з Радзімай» (1980). Пісаў для дзяцей: паэма «Алёнчына школа» (1951), зб-кі вершаў і паэм «Зялёнае рэха» (1953), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанам» (1987), апавяданняў «Алесева кніжка» (1972). На вершы К. напісалі песні М.Аладаў, У.Алоўнікаў, У.Буднік, Ю.Семяняка, С.Палонскі і інш. Перакладаў творы рус., укр., малд., лат. і інш. пісьменнікаў.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1986—88.

Літ.:

Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 196—213;

Гурская А. Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.Кірэенкі. Мн., 1986.

М.П.Кенька.

К.Кірэенка.

т. 8, с. 289

КІРЭ́ЕЎ (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 6.1.1942, в. Сушчоўская Слабодка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1962). Працуе ў галіне тэматычнай карціны, пейзажа, партрэта. Сярод твораў: «Зімовы пейзаж» (1965), «Сям’я» (1970), «Кветкі маёй Радзімы» (1978), трыпціх «Доўгі дзень» (1981), «У Купалаўскім краі», «Прысвячэнне Я.Коласу», «Чавускае лета» (усе 1982), «Свята ў Заслаўі» (1983), «Напрадвесні» (1986), «Чорныя дразды», серыя «Туманы» (абедзве 1987), «Ядвіга» (1988), «Спакуса» (1991), «Сон...» («Дурніцы»), «Песня», «Гронка вінаграду», «Госця» (усе 1998). Аўтар партрэтаў мастакоў Л.Шчамялёва (1978), М.Селешчука, паэта А.Русака (абодва 1983) і інш. Творчасці К. ўласцівы каларыстычная экспрэсіўнасць, тонкае колеравае і рытмічнае ўспрыняцце рэчаіснасці, асацыятыўнасць.

Г.А.Фатыхава.

М.Кірэеў. Трыпціх «Доўгі дзень». 1981.

т. 8, с. 289

КІРЭ́ЕЎСКІ (Іван Васілевіч) (3.4.1806, Масква — 23.6.1856),

расійскі філосаф, літ. крытык, публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафільства. Брат П.В.Кірэеўскага. З 1822 слухаў лекцыі ў Маскоўскім ун-це; адзін з заснавальнікаў гуртка «Таварыства любамудраў». У 1830 у Германіі слухаў лекцыі філосафаў Ф.Шлеермахера, Г.Гегеля, Ф.В.Шэлінга і інш. У 1832 пачаў выданне час. «Европеец» (забаронены пасля выхаду двух нумароў). У 1830—50-я г. развіваў тэарэт. аснову славянафільства. Асн. творы: «Пра характар асветы Еўропы і пра яго адносіны да асветы ў Расіі» (1852), «Пра неабходнасць і магчымасць новых пачаткаў для філасофіі» (1856). Яго ўяўленні пра арыгінальнасць і глыбіню рус. правасл. культуры склаліся як своеасаблівая рэакцыя на ўласнае першапачатковае «заходніцтва». Супрацьпастаўленне Расіі і Еўропы ён ажыццяўляў і на макраўзроўні (2 тыпы асветы, або «адукаванасці»: еўрапейскі секулярызаваны і абстрактны, рускі, які атрыманы ад Візантыі і грунтуецца, на думку К., на асновах брацтва і пакоры), і на мікраўзроўні (аднабакова адукаванаму зах. чалавеку — носьбіту духу адмаўлення, г.зн. эгаізму і індывідуалізму супрацьпастаўляў чалавека рус. культуры — носьбіта цэласнай свядомасці, саборнага, «абшчыннага духу»). Адзін з першых зрабіў спробу замацаваць рус. філасофію на падмурку праваслаўя як аснове нац. духу.

Тв.:

Критика и эстетика. М., 1979;

Избр. статьи. М., 1984.

Н.К.Мазоўка.

т. 8, с. 290