КІРЫЧЭ́НКА (Віктар Лук’янавіч) (19.8.1935, г. Ліскі Варонежскай вобл., Расія — 25.4.1974),

бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1963). З 1963 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодаў лёгкім рухомым голасам цёплага тэмбру. Яго выкананне вызначалася музыкальнасцю, тонкім лірызмам, шчырасцю. Сярод партый: Мільчык і Уронак («Яснае світанне» А.​Туранкова), Пётр («Зорка Венера» Ю.​Семянякі), Сашка («Андрэй Касценя» М.​Аладава), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Альфрэд, Герцаг, Касіо («Травіята», «Рыгалета», «Атэла» Дж.​Вердзі), Немарына («Любоўны напітак» Г.​Даніцэці), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Рудольф («Багема» Дж.​Пучыні), Дон Атавіо («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), П’еро («Балаганчык» А.​Янчанкі), у тэлеоперах «Тарас на Парнасе» М.​Аладава, «Ранак» Г.​Вагнера.

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)