Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КІРПІЧЭ́НКА (Аляксандр Андрэевіч) (н. 15.7.1939, в. Чырына Віцебскага р-на),

бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д-р мед. н. (1972), праф. (1973). Засл. дз. нав. Беларусі (1984). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1962) і працуе ў ім (з 1970 заг. кафедры). Навук. працы па псіхіятрыі, мед. псіхалогіі, нейрафізіялогіі.

Тв.:

Нейрофизиологические аспекты шизофрении. Мн., 1978;

Алкоголизм: нейрофизиол. механизмы. Мн., 1981 (разам з А.А.Галавачом, Т.Д.Філімонавай);

Нервные и психические болезни. 2 изд. Мн., 1998 (разам з А.М.Гурленем, А.А.Пашковым).

т. 8, с. 282

КІРСА́НАЎ (Аляксандр Васілевіч) (23.12.1898, г. Казань, Татарстан — 18.11.1994),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-м. (1943), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Кіеўскую аб’яднаную ваенную школу (1926), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Сталінградскім, Цэнтр. і Бел. франтах. Вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра, вызваляў Брагінскі р-н, г. Калінкавічы Гомельскай вобл. Да 1960 у Сав. Арміі, да 1974 прарэктар БДУ. Ганаровы грамадзянін г.п. Брагін, г. Калінкавічы.

т. 8, с. 282

КІРСА́НАЎ (Аляксандр Трафімавіч) (27.8.1880, Старое Чыркава Хвалынскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 30.10.1941),

бел. вучоны-аграхімік. Д-р с.-г. н., праф. (1909). Скончыў Берлінскі с.-г. ін-т (1908). У 1913—25 кіраўнік Мінскай балотнай станцыі (з 1922 адначасова рэктар Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі); з 1931 у Глебавым ін-це АН СССР. Навук. працы па вывучэнні балотных масіваў Беларусі, вапнаванні і ўрадлівасці глеб. Аўтар метаду вызначэння даступнай (рухомай) формы фосфару для раслін у глебе.

Тв.:

К вопросам опытного изучения болот Полесья в целях культуры. Мн., 1914;

Известкование как фактор урожайности. 3 изд. М.; Л., 1931.

т. 8, с. 282

КІ́РУНА (Kiruna),

горад на Пн Швецыі, за Палярным кругам. Засн. ў 1898, гар. правы з 1908. 26 тыс. ж. (1991). Буйнейшы цэнтр здабычы жал. руды ў Еўропе (больш за 25 млн. т штогод; руда ідзе на экспарт пераважна праз нарв. порт Нарвік).

т. 8, с. 282

КІРУ́НКІ СВЕ́ТУ, стораны гарызонта,

4 гал. пункты гарызонта — поўнач, поўдзень, усход і захад. Абазначаюцца літарамі Пн (N), Пд (S), У (O або E), З (W). Часам К.с. наз. таксама адпаведныя чвэрці гарызонта: паўн., паўд., усх. і заходнюю.

т. 8, с. 282

КІРУ́ХІН (Уладзімір Іванавіч) (н. 6.7.1922),

расійскі вучоны і канструктар у галіне энергетыкі. Акад. Рас. АН (1992; чл.-кар. 1984). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1950). Працаваў канструктарам, у 1960—77 нач. КБ, гал. канструктарам — нам. ген. дырэктара ВА па навуцы і праектаванні. Навук. працы па газадынаміцы, цеплаабмене, аўтам. рэгуляванні, дынаміцы ротараў і вібраізаляцыі ў турбаўстаноўках. Распрацаваў канцэпцыю і стварыў аўтаматызаваныя паратурбінныя ўстаноўкі рознага прызначэння, даследаваў і стварыў высокаэфектыўныя праточныя ч. паравых турбін. Ленінская прэмія 1980, Дзярж. прэмія СССР 1977.

т. 8, с. 282

КІРУ́ШЧАНКА (Сяргей Іванавіч) (н. 31.1.1951, г. Чыта, Расія),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Творчасць адметная шматзначнасцю вобразаў, стварэннем ілюзіі незавершанасці дзеі, абстрактна-каларыстычнымі пошукамі. Сярод твораў: карціны «Сонечнае зацьменне» (1988), «Якія збіраюць расу», «Тайная вячэра» (абедзве 1995), «Прасветы» (1996), «Падзенне», «Зямля бяжыць» (абедзве 1997), пейзажы «Месяцовы шлях (Начная дарога)» (1982), «Мінск», «Петрапаўлаўская царква», «На малочным возеры» (абодва 1983), партрэты маці (1977), мастачкі Т.Сакаловай (1978), «Нацюрморт з чашамі» (1991), «Карычневы нацюрморт», «Нацюрморт з гранатамі і грушамі» (абодва 1992), «Блакітны і карычневы» (1993) і інш.

М.М.Паграноўскі.

С.Кірушчанка. Прасветы. 1996.

т. 8, с. 282

КІ́РХА, кірка (ад ням. Kirche царква),

назва лютэранскага храма ў германамоўным асяроддзі. З 16 ст. ў архітэктуры К. развівалася цэнтрычная схема як аснова зальнай прасторы царквы-аўдыторыі, якая спалучалася з традыцыямі готыкі, пазней — з рэнесансава-барочнымі формамі (Фраўэнкірхе ў Дрэздэне, 1722—38; Іоганіскірхе ў Мюнхене, 1733—50). Інтэр’ерам большасці К. характэрны сціпласць і аскетызм. Сучасная К. (асабліва там, дзе лютэране складаюць меншасць насельніцтва) выкарыстоўваецца не толькі як храм, a і як рэліг. прапагандысцка-культ. цэнтр. На Беларусі вядомы Гродзенская кірха. Мінская кірха, Полацкая кірха.

С.А.Сергачоў.

т. 8, с. 283

КІРХГО́ЛЬМСКАЯ БІ́ТВА 1605.

Адбылася ў час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 каля в. Кірхгольм (сучасны г. Саласпілс, Латвія). У жн. 1605 шведскі кароль Карл IX з 12-тысячнай арміяй падступіў да Рыгі і пачаў аблогу горада. На дапамогу абаронцам Рыгі выступіла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.К.Хадкевічам. Харугвы ВКЛ спыніліся лагерам за 13 км ад Рыгі каля в. Кірхгольм. На досвітку 27 вер. да іх падышла армія Карла IX (6840 чал. пяхоты, 450 коннікаў і 11 гармат). Хадкевіч меў 4350 чал., з іх 3310 коннікаў. Пасля доўгага процістаяння гетман зрабіў манеўр: лёгкая конніца адступіла, што вымусіла шведаў перайсці ў наступленне і пакінуць зручныя пазіцыі. Але калі швед. пяхота з гарматамі спусцілася з узвышша, па ёй з флангаў ударылі рэйтары Хадкевіча. У выніку швед. войска парушыла самкнуты строй і стала безабаронным перад конніцай ВКЛ. Гусары В.Войны атакавалі корпус пяхоты, а конніца Т.Дамбровы і полк Я.П.Сапегі — рэйтараў; шведы пачалі ўцякаць. У пагоню кінуліся татарскія харугвы, якія вартавалі абоз Хадкевіча. Шведы страцілі каля 6 тыс. забітымі, усе гарматы і 60 харугваў; быў паранены і Карл IX. У войску ВКЛ загінула каля 100 чал. і некалькі сотняў атрымалі раны.

Літ.:

Чаропка В. Бітва пад Кірхгольмам // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3.

Кірхгольмская бітва.

т. 8, с. 283

КІ́РХГОФ ((Kirchhoff) Густаў Роберт) (12.3.1824, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 17.10.1887),

нямецкі фізік. Чл. Берлінскай (1874) і замежны чл.-кар. Пецярбургскай (1862) АН. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1846). Праф. Гейдэльбергскага (з 1854) і Берлінскага (з 1875) ун-таў. Навук. працы па электрычнасці, оптыцы, механіцы і матэм. фізіцы. Адкрыў заканамернасці працякання эл. току ў разгалінаваных ланцугах (1847; Кірхгофа правілы). Увёў паняцце абс. чорнага цела і адкрыў (1859) адзін з асн. законаў цеплавога выпрамянення (гл. Хірхгофа закон выпрамянення). Разам з ням. хімікам Р.Бунзенам распрацаваў метад спектральнага аналізу (1859) і адкрыў хім. элементы цэзій (1860) і рубідый (1861).

Г.Р.Кірхгоф.

т. 8, с. 283