КІ́РХГОФ ((Kirchhoff) Густаў Роберт) (12.3.1824, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 17.10.1887),

нямецкі фізік. Чл. Берлінскай (1874) і замежны чл.-кар. Пецярбургскай (1862) АН. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1846). Праф. Гейдэльбергскага (з 1854) і Берлінскага (з 1875) ун-таў. Навук. працы па электрычнасці, оптыцы, механіцы і матэм. фізіцы. Адкрыў заканамернасці працякання эл. току ў разгалінаваных ланцугах (1847; Кірхгофа правілы). Увёў паняцце абс. чорнага цела і адкрыў (1859) адзін з асн. законаў цеплавога выпрамянення (гл. Хірхгофа закон выпрамянення). Разам з ням. хімікам Р.Бунзенам распрацаваў метад спектральнага аналізу (1859) і адкрыў хім. элементы цэзій (1860) і рубідый (1861).

Г.Р.Кірхгоф.

т. 8, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)