Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КІНАМАСТА́ЦТВА кіно,

від экраннага мастацтва, творы якога зроблены на тэхн. базе кінематаграфіі, а таксама з дапамогай інш. тэхн. сродкаў аўдыёвізуальнай камунікацыі (тэлебачанне, відэакасеты, відэадыскі, камп’ютэр і інш.). Асн. творы К. — фільмы — ствараюцца шляхам кіназдымак рэальных, спецыяльна інсцэніраваных падзей рэчаіснасці або ўзноўленых сродкамі анімацыі. У К. сінтэзуюцца эстэт. ўласцівасці л-ры, т-ра, выяўл. мастацтваў, музыкі (гл. Кінамузыка) на аснове спецыфічных сродкаў выразнасці. Кінематограф і К. як яго частка ўзніклі на мяжы 19—20 ст. у выніку развіцця навукі і тэхнікі. Кінематограф фарміраваўся як частка тэхнагеннай культуры, для якой характэрна спалучэнне унікальнасці яе прадукцыі з тыражаваннем. Папярэднікамі кіно акрамя традыц. відаў мастацтва былі: фатаграфія, кірмашовы атракцыён, фанограф, грамафон, патэфон, радыё (як папярэднік гукавога кіно), перыяд. выданні (як папярэднікі хранікальных фільмаў), відовішчы, якія стваралі ілюзію рэальнасці (панарама, дыярама, кругавая праекцыя — папярэднікі шырокаэкраннага, шырокафарматнага, кругавога, варыяэкрана). Прырода сінтэзу кіно дваістая: сінтэз у працэсе нараджэння К. як віду мастацтва і сістэмы яго сродкаў выяўлення, а таксама сінтэз як узаемадзеянне і ўзаемаўплыў мастацтваў на кожным этапе існавання К. і пры стварэнні кожнага канкрэтнага твора. Вынік сінтэтычнасці К. — калектыўнасць стварэння фільма. Кампаненты фільма і адпаведна асн. кінематаграфічныя прафесіі: кінадраматургія — сцэнарыст; рэжысура — рэжысёр; мантаж — мантажор; выява — мастак, аператар; гук — кампазітар, гукарэжысёр; акцёрская творчасць — акцёр, каскадзёр. Гал. роля ў працэсе стварэння фільма звычайна належыць рэжысёру. У сувязі з калектыўнасцю стварэння фільмаў у К. праблема аўтарства спецыфічная. У працэсе яго гіст. развіцця паступова адбывалася станаўленне індывідуальнай аўтарскай свядомасці, што прывяло да ўзнікнення тэрміна «аўтарскае кіно» і вылучэння яго як асобнай з’явы ў процілегласць жанраваму кіно. К. найб. натуральна і адэкватна адлюстроўвае масавую псіхалогію. Сістэма вобразнага засваення свету аўдыёвізуальным К. мае 2 узроўні: выяўленчы (сама кінавыява) і вобразны (вобразны сэнс, які нясе кінавыява). Аснова кінавобразнасці — выяўленчасць. Адносна К. існуе азначэнне «самае безумоўнае з мастацтваў», аднак фатаграфічная прырода К. не адмяняе асобай кінематаграфічнай умоўнасці. Мова К. — гукапластычная мова экраннай выявы, якая рухаецца. К. валодае сістэмай сродкаў адлюстравання, многія з якіх суадносяцца са сродкамі інш. мастацтваў (святло, колер, рытм, лейтматыў, слова і інш.), а некаторыя з’яўляюцца спецыфічнымі і вызначальнымі: кадр, або мантажны кадр, план (адносны маштаб выявы ў кадры), ракурс (пункт погляду камеры, які дапамагае адлюстраваць погляд героя або аўтара на падзеі), мантаж. Вылучаюць віды К.: ігравое кіно (гл. Мастацкі фільм), анімацыйнае кіно, дакументальнае кіно, навукова-папулярнае кіно. Прынцыпамі падзелу кіно на віды з’яўляюцца прадмет экраннага ўвасаблення, спосабы экраннай матэрыялізацыі задумы ў адпаведнасці з запатрабаваннямі ўспрыняцця гледачоў. Існуе тэндэнцыя стварэння фільмаў на стыку ігравога, дакумент. і анімацыйнага кіно. З развіццём К. фарміравалася яго жанравая сістэма. К. выкарыстоўвала жанры інш. мастацтваў (л-ры, т-ра, фальклору і інш.) і выпрацоўвала свае (гл. ў арт. Жанр). Для сучаснага К. характэрна тэндэнцыя да змешвання жанраў (поліжанрызм К.) і відаў К. Найб. пашырана спалучэнне т. зв. «нізкіх», або традыц. відовішчных жанраў К. ў сувязі з аднолькавым узроўнем умоўнасці (авантурны фільм у розных варыяцыях, меладрама, камедыя). На сістэму жанраў дакумент. кіно зрабіла ўплыў літ. публіцыстыка, навук.-папулярнага — навук. літаратура. Паводле паходжання многія кінажанры маюць літ. назвы, але па сутнасці яны не ідэнтычныя.

Гістарычна К. ўзнікла разам з кінематографам. Асобныя фільмы канца 19 ст. (пераважна камічныя, феерычныя, меладрам. стужкі) па сваёй прыродзе належалі да сферы маст. творчасці, хаця цалкам творамі К. іх лічыць нельга. Ад спрошчанага засваення вопыту інш. мастацтваў К. шляхам паступовага назапашвання маст. знаходак распрацоўвала і спецыфічныя сродкі выяўлення (сістэмы планаў, ракурсаў, рухаў камеры, форм мантажу, муз. суправаджэння). Ускладняліся кінадраматургія і акцёрская творчасць. У перыяд фарміравання К., які звычайна датуюць ад узнікнення кінематографа да заканчэння 1-й сусв. вайны, значны ўклад у яго развіццё зрабілі кінематаграфісты Францыі (браты Люм’ер, Ж.​Мельес, дзейнасць фірмы «Фільм д-Ар»), ЗША (Э.​Портэр, Т.​Х.​Інс, Д.​У.​Грыфіт, Ч.​Чаплін), Італіі, Даніі, Швецыі, Расіі і інш. Да 1908 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, паказваліся фільмы выключна замежнай вытв-сці. Пазней зарадзілася ўласная кінавытв-сць, у якой вызначыліся асн. тэматычныя і жанравыя кірункі: экранізацыя класікі, крымінальна-прыгодніцкія, быт., камічныя фільмы, салонныя меладрамы. Першым рас. фільмам уласцівы запаволенасць экраннага апавядання, павышаны псіхалагізм (творчасць У.​Гардзіна, Я.​Баўэра, Я.​Пратазанава). Першаадкрывальнікам аб’ёмнай анімацыі быў рас. кінематаграфіст бел. паходжання У.​Старэвіч. У канцы 1910-х г. кіно сфарміравалася як від мастацтва (гл. Нямое кіно). Крызіс класічнага маст. мыслення ў канцы 19 ст. адначасова з мадэрнізмам спарадзіў масавую культуру, якая захавала жыццепадабенства і агульнадаступнасць, але змяніла пазнавальна-выхаваўчую арыентацыю на кампенсаторна-забаўляльную. Да яе належаў і кінематограф «асн. патоку». Мадэрнізм яскрава праявіўся ў К. 1920-х г.: ням. кінаэкспрэсіянізм (Ф.​Ланг, Ф.​Мурнаў) і франц. кінаімпрэсіянізм (Л.​Дэлюк), кінаавангард (Р.​Клер, Л.​Буньюэль, Ф.​Лежэ), сав. рэв. кінапаэзія і інш. З дасягненняў К. ЗША найб. значнасць мае эксцэнтрычная кінакамедыя. Праявілася спецыфіка неігравога кіно як сферы К., якое акрамя інфарм., рэпартажнай функцыі адкрыла новыя маст. магчымасці. Сярод найб. значных дасягненняў у сусв. неігравым кіно — творчасць сав. рэж. Дз.​Вертава, амер. рэж. Р.​Флаэрці і інш., у творах якіх дасягнута арган. зліццё жыццёвага матэрыялу з аўтарскай трактоўкай у кінематаграфічнай форме. У СССР у 1920-я г. ствараліся класічныя творы сав. рэв. кінаавангарда — «тыпажна-мантажнага», «паэтычнага» мастацтва, што вылучыла сав. кіно на адно з першых месцаў у сусв. кінематографе (творчасць С.​Эйзенштэйна, У.​Пудоўкіна, А.​Даўжэнкі і інш.). У гэтым рэчышчы ствараліся і лепшыя бел. фільмы (Ю.​Тарыч). З канца 1920-х г. пачало развівацца гукавое кіно, хоць на пачатковым яго этапе тэхн. складанасці гуказапісу абмяжоўвалі сферу выкарыстання сродкаў выразнасці, адкрытых у нямым кіно. Вял. ўклад у яго развіццё зрабілі франц. «паэтычны рэалізм», якому ўласцівы глыбокі псіхалагізм і рамант атмасфера дзеяння (фільмы Ж.​Рэнуара, Ж.​Фейдэра, Ж.​Дзювіўе, М.​Карнэ), удзел у кіно майстроў англ. сцэны. Замацавалася ўстойлівая сістэма кінажанраў, асабліва ў кінематографе ЗША У неігравым кіно найб. значныя работы нідэрл. дакументаліста І.​Івенса ў жанры эксперым. лірычных кінабалад, англ. дакумент. школа Дж.​Грырсана і інш. У СССР гукавое кіно пашырылася з 1930-х г. Лепшыя фільмы вызначаліся спалучэннем эстэтыкі тыпажна-мантажнага К. і магчымасцей гукавога кіно (М.​Ром, С.​Юткевіч, А.​Зархі, І.​Хейфіц, Ю.​Райзман, Р.​Аляксандраў, І.​Пыр’еў; у бел. кіно — Ю.​Тарыч і У.​Корш-Саблін). У гэты час у СССР адзіным творчым метадам быў абвешчаны сацыялістычны рэалізм. Перад 2-й сусв. вайной кансерватыўна-традыцыяналісцкія тэндэнцыі пашырыліся ў К. практычна ўсіх краін, нягледзячы на адрозненні ідэалаг. і эканам. плана. У гады 2-й сусв. вайны ў кіно ўзмацнілася агітацыйнасць, павялічылася роля дакумент. публіцыстыкі. У гэтым жанры працавалі і рэжысёры ігравога кіно (Дж.​Форд, Ф.​Капра ў ЗША, Райзман, Даўжэнка ў СССР і інш.). Ставіліся фільмы, пабудаваныя на суадносінах дакумент. і ігравых пачаткаў (англ. рэж. Х.​Джэнінгс). У сярэдзіне 1940 — пач. 1950-х г. пераважалі фільмы традыц. апавядальнай стылістыкі, на аснове якой К. асімілявала тэхн. навінкі: каляровую выяву (з 1930-х г.), розныя прапорцыі экрана (з 1950-х г. шырокі экран, шырокі фармат і інш.). На першы план вярнулася эстэтыка быт. падабенства, што найб. увасобілася ў тэорыі і практыцы італьян. неарэалізму (Ч.​Дзаваціні, Р.​Раселіні, В.​Дэ Сіка, Дж. Дэ Сантыс, П.​Джэрмі і інш.). У СССР у пасляваен. гады складанасці ў становішчы К. былі абумоўлены эканам. цяжкасцямі і ўзмацненнем жорсткасці паліт. рэжыму. Было прынята рашэнне аб скарачэнні кінавытв-сці, што адмоўна адбілася на стане кінематографа рэспублік з невял. кінавытв-сцю, у т. л. Беларусі. З сярэдзіны 1950-х г. на развіццё К. пачала ўплываць канкурэнцыя з боку тэлебачання, што ў канцы 1950-х г. прывяло да крызісу кінематографа галівудскага тыпу (акцёрска-прадзюсерскага) і ўздыму еўрап. кіно, якое менш закранула ўздзеянне тэлебачання. З’явілася аўтарскае кіно ў Італіі (Ф.​Феліні, Л.​Вісконці, М.​Антаніёні, П.​П.​Пазаліні), Швецыі (І.​Бергман), Японіі (А.​Курасава), Іспаніі (Буньюэль) і інш., франц. «новая хваля» (А.​Рэнэ, Ф.​Труфо, Ж.​Л.​Гадар), «польская школа» (А.​Вайда, А.​Мунк), «чэшская школа» (М.​Форман, І.​Менцэль), «кіно адлігі» ў СССР. Пэўны ўздым К. адбыўся ў краінах Лац. Амерыкі, Азіі, Афрыкі. На змену традыц. форме кінаапавядання прыйшлі новыя прынцыпы пабудовы фільма, разнастайныя формы відавога і жанравага сінтэзу. У 1960-я г. ў ЗША акцёрска-прадзюсерскі тып кіно змяніўся рэжысёрскім (С.​Кубрык, Дж.​Франкенхеймер і інш.). На сусв. К. ўплывалі структуралізм, псіхааналіз, ідэі аўтарскага кіно, эстэтыка франц. «новай хвалі», андэграўнду. Пашырылася т. зв. незалежнае кіно. У СССР у 1960-я г. пашырылася кінавытв-сць, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Р.​Чухрай, С.​Бандарчук, Л.​Куліджанаў, С.​Растоцкі, А.​Таркоўскі, В.​Шукшын, Э.​Клімаў, І.​Таланкін, на Беларусі — В.​Тураў, І.​Дабралюбаў, Б.​Сцяпанаў і інш.). У К. праявіліся лірычнасць, рамантычнасць, адначасова ўзмацнілася аналітычнасць. Узбагаціліся вобразная мова экрана і яго жанрава-стылявая палітра. Асн. кірункі жанрава-стылявых пошукаў — «дакументальнае» і «жывапісна-паэтычнае» кіно. «Новая хваля» ўласціва і развіццю сусв. дакумент. К., у якім выявіліся сацыялагічная тэндэнцыя, пошукі новых спосабаў адлюстравання рэчаіснасці (творчасць групы «Свабоднае кіно» ў Вялікабрытаніі, «Групы трыццаці» і кірунку «сінема верытэ» ў Францыі). Дакумент. К. ў пэўнай ступені паўплывала на развіццё ігравога кіно. Лепшыя стужкі сав. дакумент. кіно вызначаліся тонкім раскрыццём псіхалогіі чалавека (В.​Лісаковіч, Г.​Франк і інш.), навук.-папулярнага — паглыбленым імкненнем да вырашэння эстэт. задач, да паэт. раскрыцця навук. пошуку і псіхалогіі творчасці (В.​Архангельскі, Б.​Загражскі, У.​Кобрын, «кіеўская школа» навук.-папулярнага кіно, асабліва Ф.​Собалеў). У канцы 1960 — пач. 1970-х г. адрадзілася кіно галівудскага тыпу, адбыўся зварот да жанравага кіно, традыц. форм кінаапавядання. Гэтыя тэндэнцыі найб. ярка выявіліся ў кіно ЗША, якое зноў пачало лідзіраваць у сусв. кінематографе (фільмы Ф.​Ф.​Копалы, С.​Спілберга, Дж.​Лукаса, М.​Скарсезе і інш.). Разам з тэлебачаннем канкурэнцыю традыц. кінапракату пачалі складаць відэаіндустрыя, новыя формы экраннага мастацтва, не звязаныя з традыц. кінематаграфічнай тэхнікай (у СССР гэтыя працэсы пачаліся пазней), што выклікала змены ў выкарыстанні сродкаў адлюстравання ў К., ужыванне камп’ютэрнай тэхнікі для стварэння спецэфектаў і інш. У 1970 — пач. 1980-х г. у К. СССР выявіліся крызісныя, застойныя з’явы. Лепшым фільмам былі ўласцівы крытыка грамадскіх хібаў, пошукі ў галіне кінамовы, складаныя драматургічныя канструкцыі, зварот да дакументалізму і ўмоўна-метафарычнага пачатку, фалькл., міфалагічных матываў, суб’ектыўнага эпасу ў гіст. творах (творчасць Л.​Шапіцька, М.​Міхалкова, С.​Параджанава, В.​Абдрашытава, С.​Салаўёва, А.​Германа, Г.​Панфілава, у бел. кіно В.​Нікіфарава, М.​Пташука, В.​Рубінчыка, В.​Рыбарава, В.​Чацверыкова і інш.).

З 1980-х г. на сусв. К. пачалі ўплываць тэндэнцыі постмадэрнізму (адлюстраванне крызісу маст. культуры 20 ст.), якія па-рознаму выявіліся ў еўрап. і амер. кіно (творчасць Д.​Джармена, П.​Грынуэя, прадстаўнікоў франц. «новай хвалі», амер. рэжысёраў пакалення «япі» і інш.). У неігравым кіно ў сярэдзіне 1980-х г. развіваліся маст. традыцыі сусв. і сав. дакумент. К., кінематаграфісты Г.​Рэджыо (ЗША), А.​Сакураў, А.​Касакоўскі (Расія), В.​Дашук (Беларусь) і інш. імкнуліся да пошукаў новай формы, спосабаў і метадаў маст. асэнсавання хранікальнага матэрыялу, рэальных падзей. У сав. ігравым кіно пашырылася т.зв. «кіно чорнай хвалі» («чарнушнае кіно») і імкненне да відовішчнасці. У 1990-я г. кіно Расіі, Беларусі і інш. краін, што ўтварыліся пасля распаду СССР, з-за цяжкага фін.-эканам. становішча і спаду вытв-сці перажывае глыбокі крызіс. К. пост-сав. краін практычна не ўпісваецца ў сістэму сусв. К., у якім таксама назіраюцца крызісныя з’явы.

Літ.:

Аристарко Г. История теорий кино: Пер. с итал. М., 1966;

Красинский А.В. Экран земли белорусской. М., 1973;

Нечай О.Ф. Становление художественного телефильма. Мн., 1976;

Актуальные проблемы киноискусства. М., 1977;

Жанры кино. М., 1979;

Смаль В.И. Сквозь призму десятилетий. Мн., 1980.

Л.​М.​Зайцава, Г.​У.​Шур (неігравое кіно).

т. 8, с. 265

КІНАМУ́ЗЫКА,

спецыфічны род муз. мастацтва, адзін з кампанентаў кіна-, тэле- або відэатвора. Можа быць арыгінальнай, напісанай спецыяльна для фільма, ці складацца з муз. цытат, мець ілюстрацыйны характар, набліжацца да прыкладной музыкі або выконваць адну з асн. функцый у раскрыцці ідэйна-маст. канцэпцыі фільма, быць фактарам драматургіі.

У дагукавым кіно фільмы суправаджаліся ігрой піяніста-ілюстратара або ансамбля. Музыку да першых замежных гукавых фільмаў пісалі Л.​Анегер, Ж.​Арык, Ж.​Ібер, Д.​Міё, А.​Бліс, Р.​Воан-Уільямс, Б.​Брытэн, Дж.​К.​Меноці, А.​Копленд, Дж.​Антэйл, Г.​Эйслер, П.​Хіндэміт, В.​Этк, В.​Фортнер і інш. У сав. кінематографе з самага пачатку існаваў прыярытэт аўтарскай арыгінальнай кампазіцыі, якая стваралася ў цесным кантакце з рэжысёрам і была паўнапраўным кампанентам сістэмы выразных сродкаў фільма (музыка Дз.​Шастаковіча да фільма «Новы Вавілон», 1929, і інш.). У 1930—40-я г. фільмы будаваліся на музыцы за кадрам ці ўнутрыкадравай, што садзейнічала ўзнікненню муз. драматургіі і падпарадкоўвала зрокавы рад раскрыццю музычнага. Найб. пашыраны прынцып — вынас муз. характарыстыкі героя за кадр (напр., песні ў яго выкананні ці яе апрацоўкі ў выглядзе разгорнутых інстр. фрагментаў). Замацаваўся спачатку ў муз. кінакамедыі, заснаванай на масавай песні («Вясёлыя рабяты», 1934; «Цырк», 1936; «Волга-Волга», 1938; «Кубанскія казакі», 1949; з муз. І.​Дунаеўскага). У фільмах інш. жанраў гэтую традыцыю прадоўжылі М.​Багаслоўскі, В.​Баснер, А.​Пахмутава, А.​Пятроў, М.​Фрадкін, Ц.​Хрэннікаў, А.​Эшпай і інш. Прынцып К., калі на кадравую сітуацыю праецыруюцца сімфанічна-абагульненыя муз. вобразы, што адлюстроўваюць глыбінны падтэкст канкрэтнага паказу, увасобілі Шастаковіч, С.​Пракоф’еў, Ю.​Шапорын, А.​Хачатуран, Дз.​Кабалеўскі, К.​Караеў, Г.​Свірыдаў. Да гэтай традыцыі прымыкае кіна- і тэлемузыка Э.​Дзянісава, Р.​Шчадрына, М.​Карэтнікава, А.​Шнітке, С.​Губайдулінай і інш.

Пачатак бел. К. — фільм «Першы ўзвод» (1933), дзе дэбютаваў Дунаеўскі. Музыку да бел. фільмаў студыі «Белдзяржкіно» напачатку пісалі рас. кампазітары (Пракоф’еў, В.​Салаўёў-Сядой, У.​Шчарбачоў). Нац. каларытам, зваротам да бел. фальклору вылучалася музыка А.​Туранкова да фільма «Вогненныя гады» (1939). Асн. форма К. 1930—40-х г.муз. драматургія канфліктнага тыпу ў якасці муз. ілюстрацыі да сюжэта, заснаваная на масава-быт. жанрах як сімвалах сац. асяроддзя («жорсткі» раманс або танга характарызавалі мяшчанства, марш або гімн — новы, сацыяліст. лад жыцця). Вяршыня жанравай іерархіі — «песня-ідэя», якая канцэнтравала сац.-ідэалаг. змест фільма. У 1940—50-я г. «песенная» драматургія К. ўзбагацілася інстр. эпізодамі драм. плана. У галіне К. працавалі А.​Багатыроў («Канстанцін Заслонаў», 1949), Я.​Цікоцкі («Паўлінка», 1952, з Ю.​Бяльзацкім), Дз.​Камінскі («Хто смяецца апошнім», 1954), Дз.​Лукас («Несцерка», 1956), У.​Алоўнікаў («Міколка-паравоз», 1957; «Дзяўчынка шукае бацьку», 1959; абодва з Бяльзацкім), І.​Любан («Гадзіннік спыніўся апоўначы», 1958), Ю.​Семяняка («Каханнем трэба даражыць», 1960). З пач. 1960-х г. пачаліся адыход ад канонаў драматургіі фільма, пошукі індывід. канцэпцый, калі музыка і адлюстраванне неаддзельныя адно ад аднаго.

Змянілася жанравая аснова К., песня стала больш камернай, аддаецца перавага інстр. музыцы як больш інтэлектуальнай і шматзначнай, павялічваецца ўплыў «дакументальнага» кірунку, калі ў фанаграму ўключаюцца гукі і музыка паўсядзённага побыту, часам запісаныя знарок неразборліва. У абнаўленне жанрава-стылявых канонаў К. значны ўклад зрабіў Я.​Глебаў («Я родам з дзяцінства», 1967; «Вянок санетаў», 1976; «Дзікае паляванне караля Стаха», 1979; тэлефільм «Апошняе лета дзяцінства», 1974). Уяўленне пра К. як састаўную частку гукавой палітры фільма рэалізавалася ў творчасці А.​Янчанкі («Людзі на балоце», 1982; «Ідзі і глядзі», 1985; «Знак бяды», 1986). Менавіта ў іх работах адлюстраваны шлях развіцця сучаснай К. — ад функцыянальнай муз. драматургіі да адзінай гукавой партытуры, дзе раўнапраўна існуюць гаворка, музыка і шумы. У 1960—80-я г. ў галіне К. працавалі таксама Г.​Вагнер (бел. тэлеопера «Ранак», 1967), С.​Картэс («Вазьму твой боль», Дзярж. прэмія Беларусі 1982), П.​Альхімовіч, А.​Залётнеў, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, У.​Кандрусевіч, І.​Лучанок, У.​Солтан і інш. З 1990-х г. у сувязі з панаваннем масавых відовішчных кінажанраў адбываецца вяртанне да традыц. форм муз. вырашэння фільма, узбагачаных пошукамі новых гучанняў, новай муз. стылістыкай, у т. л. электроннай (працы С.​Бельцюкова, В.​Капыцько, Л.​Сімаковіч, А.​Хадоскі). У неігравым кіно (дакумент., навук.-папулярным) пераважае прынцып кампіляцыі, падбору муз. фрагментаў. У анімацыйным кіно вядуцца жанрава-стылявыя эксперыменты (працы У.​Будніка, А.​Елісеенкава, Э.​Зарыцкага, Я.​Паплаўскай і інш.). Асобную групу ўтвараюць музычныя фільмы, дзе музыка — аснова драматургіі.

Літ.:

Лисса З. Эстетика киномузыки: Пер. с нем. М., 1970;

Шилова И.М. Фильм и его музыка. М., 1973;

Кац Б. Простые истины киномузыки. Л., 1988;

Карпилова А.А. Киномузыка // Белорусская музыка 1960—1980 гг. Мн., 1997.

А.​А.​Карпілава.

т. 8, с. 266

КІНАПАНАРА́МА,

сістэма кінематографа, дзе для здымкі і дэманстрацыі фільмаў выкарыстоўваюцца 3 звычайныя кінаплёнкі шырынёй 35 мм, 9-канальная фанаграма (у ЗША 7-канальная), запісваецца на асобную магн. стужку. Здымка праводзіцца спец. кіназдымачным апаратам, які мае 3 аб’ектывы і 3 стужкапрацяжныя механізмы і на кожнай з плёнак атрымліваюць 1/3 (па шырыні) усяго відарыса. Узнаўленне на ўвагнутым цыліндрычным кінаэкране адбываецца з дапамогай 3 кінапраекцыйных апаратаў. Гучнагаварыцелі размяшчаюцца за экранам.

т. 8, с. 267

КІНАПЕРАСО́ЎКА,

партатыўная кінаўстаноўка для дэманстрацыі кінафільмаў у невял. глядзельных залах. Мае кінапраекцыйны апарат (пераважна для 16-мм плёнкі), гукаўзмацняльнік, гучнагаварыцелі, пераносны кінапраекцыйны экран і ў некаторых выпадках уласную крыніцу электрасілкавання. Выкарыстоўваецца ў сельскай мясцовасці, а таксама для навуч. мэт.

т. 8, с. 267

КІНАПРАЕКЦЫ́ЙНЫ АПАРА́Т,

апарат для праецыравання фільмаў на экран. Мае стужкапрацяжны механізм, падавальную і прыёмную касеты, святлоаптычную сістэму для прасвечвання кадра і яго праецыравання на экран, прылады гукаўзнаўлення. Бывае стацыянарны і перасоўны.

У залежнасці ад фармату фільмаў падзяляюцца на 70-мм (шырокафарматныя), 35-мм (звычайныя і шырокаэкранныя), 16 і 8-мм (вузкаплёначныя). Стэрэаскапічныя, панарамныя, кругарамныя і інш. віды фільмаў дэманструюцца К.а. спец. канструкцыі. У аматарскай кінематаграфіі дэманструюцца 8-мм фільмы (найб. пашыраны) без фанаграмы, а іх агучванне ажыццяўляецца з дапамогай магнітафона з сінхранізатарам.

т. 8, с. 267

КІНАПРАЕКЦЫ́ЙНЫ ЭКРА́Н,

прыстасаванне, на плоскую або крывалінейную паверхню якога праекціруецца фільм. Бывае святлоадбівальны і святлопрапускальны; дыфузна-рассейвальны і накіравана-рассейвальны. Асновай К.э. служаць тканіна з белым пігментным пакрыццём або пластыкат з металізаванай ці ціснёнай паверхняй. Для стэрэапраекцыі карыстаюцца растравым К.э. Гл. таксама Экран.

т. 8, с. 267

КІНАРЫ́НХІ (Kinorhyncha),

клас марскіх першаснаполасцевых чарвей. 2 атр.: цыкларагіды (Ciclorhagida) і гамаларагіды (Homalorhagida), каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у грунтах, у прыбярэжнай зоне і на глыбіні да 750 м.

Даўж. 0,1—1 мм. Цела пляскатае, жаўтаватае або карычневае, двухбакова-сім., складаецца з 13 (зрэдку з 14) сегментаў (занітаў); укрыта кутыкулай з венчыкамі шыпоў або кручкоў. Скура — з аднаслойнага эпітэлію. Мускулатура складаецца з асобных пучкоў папярочна-паласатых мускулаў. Кішэчнік у выглядзе простай трубкі. Нерв. сістэма складаецца з галаўнога каляглотачнага кальца і брушнога нерв. ствала з вял. колькасцю нерв. клетак у кожным сегменце тулава. Раздзельнаполыя, развіццё з метамарфозам. Кормяцца аднаклетачнымі водарасцямі, мікраарганізмамі, дэтрытам.

т. 8, с. 267

КІНАСІ́ТА (Дзюндзі) (н. 2.8.1914, Токіо),

японскі драматург, тэарэтык т-ра. Скончыў Такійскі ун-т (1939). Першы значны твор — гіст. драма «Навальніца» (1947). Яго творы адметныя рэалізмам, сувяззю з фалькл. традыцыямі, усебаковым паказам яп. рэчаіснасці: п’есы «Жураўлінае пер’е» (1949, паст. 1955), «У адной усходняй краіне» (1959), «Японец па імені Ота» (1962; пра Р.​Зорге), «Востраў Акінава» (1963), «Паміж богам і чалавекам» (1972), «Свята на мерыдыяне» (1978). Аўтар п’ес на тэмы нар. казак, тэарэт. прац «Праблемы японскага народнага сказа» (1955), «Свет драмы» (1959), «Дыялог з драмай» (1968) і інш.

т. 8, с. 267

КІНАСТУ́ДЫЯ (ад кіна... + студыя),

прадпрыемства па вытв-сці кіна- і тэлефільмаў, якое аб’ядноўвае мастацка-творчыя і вытв.-тэхнал. працэсы. Бываюць К. мастацкіх, хранікальна-дакументальных, навук.-папулярных, мультыплікацыйных фільмаў, а таксама аб’яднаныя К., якія выпускаюць фільмы розных жанраў (напр., «Беларусьфільм», «Масфільм»).

Пры К. звычайна працуюць маст. саветы, розныя аддзелы (сцэнарны, акцёрскі і інш.), цэхі і майстэрні (дэкаратыўна-тэхн. збудаванняў, здымачнай тэхнікі, апрацоўкі кінаплёнак, кінамантажу, гукатэхнічны і інш.). Асн. вытв. памяшканні К. — кіназдымачныя павільёны са спец. абсталяваннем і апаратурай. Гл. таксама Кінамастацтва, Кінатэхніка.

т. 8, с. 267

КІНАТЭА́ТР,

будынак для паказу кінафільмаў, глядзельная зала якога абсталявана кінапраекцыйнай апаратурай, экранам, гучнагаварыцелямі. Першыя К. ўзніклі ў пач. 20 ст. (К. на Нолендорфплац у Берліне, 1910). У 1920-я г. К. будавалі ў розных арх. стылях, з традыц. тэатр. планіроўкай глядзельнай залы. Ствараліся і т. зв. суперкіно (на 4—5 тыс. гледачоў), з выкарыстаннем метал. канструкцый (у г. Стамфард, Вялікабрытанія, 1928). З 1930-х г. у Зах. Еўропе будавалі К. з залай на 1200—2200 гледачоў, спрошчаных арх. форм з утульнымі інтэр’ерамі. Сучасныя будынкі К. пераважна строгія па форме, пабудаваны на кантрасце глухіх кубічных аб’ёмаў і вял. замкнёных паверхняў гал. фасадаў; глухія сцены часта аздоблены мазаікай. Большасць К. абсталявана для паказу звычайных і шырокаэкранных фільмаў; універсальныя К. — для звычайных, шырокаэкранных і шырокафарматных са стэрэафанічным гукаўзнаўленнем. Для дэманстрацыі спец. відаў фільмаў існуюць К. стэрэафанічныя, панарамныя, кругарамныя, дзённага кіно і інш. Сярэдняя ўмяшчальнасць залаў сучасных К. 200—1000 месцаў. Ёсць К. з некалькімі заламі, дзе адначасова дэманструюцца розныя фільмы. У некаторых краінах пры бесперапынных паказах фільмаў гледачы могуць уваходзіць у залу і выходзіць у любы час. У Беларусі прыняты пасеансавы паказ фільмаў.

т. 8, с. 267