КІНАМУ́ЗЫКА,

спецыфічны род муз. мастацтва, адзін з кампанентаў кіна-, тэле- або відэатвора. Можа быць арыгінальнай, напісанай спецыяльна для фільма, ці складацца з муз. цытат, мець ілюстрацыйны характар, набліжацца да прыкладной музыкі або выконваць адну з асн. функцый у раскрыцці ідэйна-маст. канцэпцыі фільма, быць фактарам драматургіі.

У дагукавым кіно фільмы суправаджаліся ігрой піяніста-ілюстратара або ансамбля. Музыку да першых замежных гукавых фільмаў пісалі Л.​Анегер, Ж.​Арык, Ж.​Ібер, Д.​Міё, А.​Бліс, Р.​Воан-Уільямс, Б.​Брытэн, Дж.​К.​Меноці, А.​Копленд, Дж.​Антэйл, Г.​Эйслер, П.​Хіндэміт, В.​Этк, В.​Фортнер і інш. У сав. кінематографе з самага пачатку існаваў прыярытэт аўтарскай арыгінальнай кампазіцыі, якая стваралася ў цесным кантакце з рэжысёрам і была паўнапраўным кампанентам сістэмы выразных сродкаў фільма (музыка Дз.​Шастаковіча да фільма «Новы Вавілон», 1929, і інш.). У 1930—40-я г. фільмы будаваліся на музыцы за кадрам ці ўнутрыкадравай, што садзейнічала ўзнікненню муз. драматургіі і падпарадкоўвала зрокавы рад раскрыццю музычнага. Найб. пашыраны прынцып — вынас муз. характарыстыкі героя за кадр (напр., песні ў яго выкананні ці яе апрацоўкі ў выглядзе разгорнутых інстр. фрагментаў). Замацаваўся спачатку ў муз. кінакамедыі, заснаванай на масавай песні («Вясёлыя рабяты», 1934; «Цырк», 1936; «Волга-Волга», 1938; «Кубанскія казакі», 1949; з муз. І.​Дунаеўскага). У фільмах інш. жанраў гэтую традыцыю прадоўжылі М.​Багаслоўскі, В.​Баснер, А.​Пахмутава, А.​Пятроў, М.​Фрадкін, Ц.​Хрэннікаў, А.​Эшпай і інш. Прынцып К., калі на кадравую сітуацыю праецыруюцца сімфанічна-абагульненыя муз. вобразы, што адлюстроўваюць глыбінны падтэкст канкрэтнага паказу, увасобілі Шастаковіч, С.​Пракоф’еў, Ю.​Шапорын, А.​Хачатуран, Дз.​Кабалеўскі, К.​Караеў, Г.​Свірыдаў. Да гэтай традыцыі прымыкае кіна- і тэлемузыка Э.​Дзянісава, Р.​Шчадрына, М.​Карэтнікава, А.​Шнітке, С.​Губайдулінай і інш.

Пачатак бел. К. — фільм «Першы ўзвод» (1933), дзе дэбютаваў Дунаеўскі. Музыку да бел. фільмаў студыі «Белдзяржкіно» напачатку пісалі рас. кампазітары (Пракоф’еў, В.​Салаўёў-Сядой, У.​Шчарбачоў). Нац. каларытам, зваротам да бел. фальклору вылучалася музыка А.​Туранкова да фільма «Вогненныя гады» (1939). Асн. форма К. 1930—40-х г.муз. драматургія канфліктнага тыпу ў якасці муз. ілюстрацыі да сюжэта, заснаваная на масава-быт. жанрах як сімвалах сац. асяроддзя («жорсткі» раманс або танга характарызавалі мяшчанства, марш або гімн — новы, сацыяліст. лад жыцця). Вяршыня жанравай іерархіі — «песня-ідэя», якая канцэнтравала сац.-ідэалаг. змест фільма. У 1940—50-я г. «песенная» драматургія К. ўзбагацілася інстр. эпізодамі драм. плана. У галіне К. працавалі А.​Багатыроў («Канстанцін Заслонаў», 1949), Я.​Цікоцкі («Паўлінка», 1952, з Ю.​Бяльзацкім), Дз.​Камінскі («Хто смяецца апошнім», 1954), Дз.​Лукас («Несцерка», 1956), У.​Алоўнікаў («Міколка-паравоз», 1957; «Дзяўчынка шукае бацьку», 1959; абодва з Бяльзацкім), І.​Любан («Гадзіннік спыніўся апоўначы», 1958), Ю.​Семяняка («Каханнем трэба даражыць», 1960). З пач. 1960-х г. пачаліся адыход ад канонаў драматургіі фільма, пошукі індывід. канцэпцый, калі музыка і адлюстраванне неаддзельныя адно ад аднаго.

Змянілася жанравая аснова К., песня стала больш камернай, аддаецца перавага інстр. музыцы як больш інтэлектуальнай і шматзначнай, павялічваецца ўплыў «дакументальнага» кірунку, калі ў фанаграму ўключаюцца гукі і музыка паўсядзённага побыту, часам запісаныя знарок неразборліва. У абнаўленне жанрава-стылявых канонаў К. значны ўклад зрабіў Я.​Глебаў («Я родам з дзяцінства», 1967; «Вянок санетаў», 1976; «Дзікае паляванне караля Стаха», 1979; тэлефільм «Апошняе лета дзяцінства», 1974). Уяўленне пра К. як састаўную частку гукавой палітры фільма рэалізавалася ў творчасці А.​Янчанкі («Людзі на балоце», 1982; «Ідзі і глядзі», 1985; «Знак бяды», 1986). Менавіта ў іх работах адлюстраваны шлях развіцця сучаснай К. — ад функцыянальнай муз. драматургіі да адзінай гукавой партытуры, дзе раўнапраўна існуюць гаворка, музыка і шумы. У 1960—80-я г. ў галіне К. працавалі таксама Г.​Вагнер (бел. тэлеопера «Ранак», 1967), С.​Картэс («Вазьму твой боль», Дзярж. прэмія Беларусі 1982), П.​Альхімовіч, А.​Залётнеў, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, У.​Кандрусевіч, І.​Лучанок, У.​Солтан і інш. З 1990-х г. у сувязі з панаваннем масавых відовішчных кінажанраў адбываецца вяртанне да традыц. форм муз. вырашэння фільма, узбагачаных пошукамі новых гучанняў, новай муз. стылістыкай, у т. л. электроннай (працы С.​Бельцюкова, В.​Капыцько, Л.​Сімаковіч, А.​Хадоскі). У неігравым кіно (дакумент., навук.-папулярным) пераважае прынцып кампіляцыі, падбору муз. фрагментаў. У анімацыйным кіно вядуцца жанрава-стылявыя эксперыменты (працы У.​Будніка, А.​Елісеенкава, Э.​Зарыцкага, Я.​Паплаўскай і інш.). Асобную групу ўтвараюць музычныя фільмы, дзе музыка — аснова драматургіі.

Літ.:

Лисса З. Эстетика киномузыки: Пер. с нем. М., 1970;

Шилова И.М. Фильм и его музыка. М., 1973;

Кац Б. Простые истины киномузыки. Л., 1988;

Карпилова А.А. Киномузыка // Белорусская музыка 1960—1980 гг. Мн., 1997.

А.​А.​Карпілава.

т. 8, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)