Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРУКС ((Crookes) Уільям) (17.6.1832, Лондан — 4.4.1919),

англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1863). Вучыўся ў Лонданскім хім. каледжы (1848—50). У 1850—59 на выкладчыцкай рабоце, з 1860 працаваў ва ўласнай лабараторыі. У 1913—15 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па фізіцы эл. разрадаў у газах і атамнай фізіцы. Метадамі спектральнага аналізу адкрыў талій (1861), даследаваў катодныя прамяні (у трубках К.). Адкрыў сцынцыляцыі, на аснове чаго стварыў прыладу для назірання α-часціц. Выказаў ідэю эвалюцыі хім. элементаў (1886), апісаў прынцып радыёсувязі (1892).

У.Крукс.

т. 8, с. 485

КРУЛЕ́ЎШЧЫНА,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл.; чыг. станцыя на лініях Маладзечна—Полацк і Крулеўшчына—Варапаева. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 18 км на Пн ад г. Докшыцы, 205 км ад Віцебска. 3348 ж., 1421 двор (1998). Торфабрыкетны з-д, лакаматыўнае дэпо. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Царква, касцёл. Каля вёскі Крулеўшчынскае радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу.

т. 8, с. 485

КРУЛЕ́ЎШЧЫНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Крулеўшчына. Паклад звязаны з флювіягляцыяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Разведаныя запасы 40,5 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,2—14,6 м, ускрышы (торф, гліністы пясок) да 7 м. Жвір і пясок прыдатныя для дарожнага буд-ва. А.П.Шчураў.

т. 8, с. 485

КРУЛЬ (Леанід Пятровіч) (н. 27.2.1949, Мінск),

бел. вучоны ў галіне фіз. хіміі высокамалекулярных злучэнняў. Д-р хім. н. (1990), праф. (1998). Скончыў БДУ (1971). З 1975 у НДІ фіз.-хім. праблем пры БДУ. Навук. працы па фіз.-хім. асновах мадыфікавання сінт. палімераў. Устанавіў узаемасувязь паміж асаблівасцямі гетэрагеннай структуры, малекулярнай рухомасцю і асн. фіз.-хім. ўласцівасцямі мадыфікаваных палімераў. Распрацаваў новыя палімерныя матэрыялы: сарбенты, электраізаляцыйныя, клеявыя і інш. прызначэння.

Тв.:

Гетерогенная структура и свойства полимерных материалов. Мн., 1986.

т. 8, с. 485

КРУЛЬ (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 17.12.1943, Масква),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1968). Працаваў на заводзе, у праектных ін-тах, з 1991 у газ. «Советская Белоруссия». Друкуецца з 1971. Піша на рус. мове. Аўтар аповесцей «Другі вытворчы» (1976), «Абследаванне дзейнасці» (1985), публіцыстычных нарысаў, артыкулаў маральна-этычнай праблематыкі.

Тв.:

Лунная лошадь. Мн., 1980;

День Юпитера. Мн., 1987.

т. 8, с. 485

КРУМ (? — 13.4.814),

балгарскі хан у 803—814. Выдаў першыя агульнадзярж. законы Балгарыі (вядомы ў пераказе візант. пісьменніка 10 ст.). Значна пашырыў тэр. Балг. дзяржавы; далучыў землі авараў да р. Ціса (805), візант. гарады Сердзіка (цяпер Сафія, 809) і Адрыянопаль (813). Памёр пры падрыхтоўцы аблогі Канстанцінопаля.

т. 8, с. 485

КРУМ ((Krumm) Хендрык) (21.12.1934, в. Лейзі, востраў Саарэмаа, Эстонія — 12.4.1989),

эстонскі спявак (тэнар), педагог. Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1963), з 1976 выкладаў у ёй. З 1957 артыст хору, з 1961 саліст т-ра оперы і балета «Эстонія». Сярод партый: Юла («Вікерцы» Э.Аава), Неэме («Агні помсты» Э.Капа), Крысціян («Сірано дэ Бержэрак» Э.Тамберга), Вадэмон («Іаланта» П.Чайкоўскага), Лыкаў («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Радамес, Рычард, Манрыка («Аіда», «Баль-маскарад», «Трубадур» Дж.Вердзі), Эдгар («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Сяргей («Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча). Прэмія імя Г.Отса 1983.

т. 8, с. 485

КРУ́МІНЬ (Іван Андрэевіч) (н. 26.9.1915, г. Гарадок Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Віцебскі каап. тэхнікум (1934), паскораны курс Гомельскага мінамётнага вучылішча, ВПШ пры ЦК КПСС (1955). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1942. Камандзір мінамётнага ўзвода лейт. К. вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл. Да 1946 у Чырв. Арміі, да 1982 на гасп. рабоце ў Латвіі.

І.А.Крумінь.

т. 8, с. 485

КРУМКА́Ч, груган (Corvus corax),

птушка сям. крумкачовых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Цэнтр. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Жыве ў лясах, гарах, пустынях. На Беларусі трапляецца ўсюды: на палях, каля населеных месцаў, трымаецца невял. (да 10 асобін) чародамі, у час гнездавання — у хваёвых лясах парамі. Нар. назвы воран, крук.

Самая буйная птушка ў атр. вераб’інападобных: даўж. да 70 см, маса да 1,6 кг. Апярэнне чорнае, з сінім, зеленаватым ці фіялетавым метал. адлівам. Пёры валля падоўжаныя, ланцэтападобныя. Дзюба моцная, чорная. Усёедны, пераважае жывёльны корм. Гняздуецца на дрэвах, скалах. Нясе 4—6 яец.

Крумкач.

т. 8, с. 486

КРУНГТЭ́П,

гл. Бангкок.

т. 8, с. 486