Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КІ́МБЕРЛІ (Kimberley),

горад у цэнтр. ч. Паўд.-Афр. Рэспублікі. Засн. ў 1871 у сувязі з адкрыццём радовішчаў алмазаў. Каля 150 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Аэрапорт. Цэнтр здабычы і апрацоўкі алмазаў. Праўленне алмазнай кампаніі «Дэ Бірс». Харч., гарбарна-абутковая і інш. прам-сць.

т. 8, с. 261

КІМБЕРЛІ́Т (ад назвы г. Кімберлі ў Паўд.-Афрыканскай Рэспубліцы),

вулканічная і субвулканічная ультраасноўная шчолачнага саставу брэкчыя- або туфападобная горная парода. Складаецца з алівіну, кальцыту, піропу, піраксену, храміту, ільменіту і інш. мінералаў, уключаных у дробназярністую асн. масу (серпентын, кальцыт, флагапіт і інш.). Колер чорны, з сіняватым і зеленаватым адценнем. Запаўняе трубкі выбуху (дыятрэмы) і трапляецца ў выглядзе жыл, даек, сіл; пашырана пераважна на стараж. платформах. Вядома больш за 1500 цел К., з якіх 8—10% алмазаносныя. Асн. алмазаносныя К. ў ПАР і Расіі (Рэспубліка Саха, б. Якуція). На Беларусі праводзяцца пошукавыя работы на К.

У.Я.Бардон.

Да арт. Кімберліт. Алмазны крышталь у кімберліце.

т. 8, с. 261

КІ́МВРЫ (лац. Cimbri),

адно з плямён стараж. германцаў. Спачатку жылі на Пн п-ва Ютландыя. У канцы 2 ст. да н.э. рушылі на Пд ва Усх. Альпы, дзе ў 113 да н.э. разбілі стараж.-рым. войска. У 109, 107 і 105 да н.э. перамагалі рымлян у Галіі. Разам з тэўтонамі, амбронамі і гарудамі прасунуліся ў Італію, аднак 30.7.101 да н.э. былі разгромлены рым. арміяй пад камандаваннем Г.Марыя каля Верцэлаў (цяпер г. Верчэлі). Міграцыя К. — першае гістарычна даказанае перасяленне стараж.-герм. плямён на Пд.

т. 8, с. 261

КІМЕРЫ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

эпоха тэктанічных працэсаў складкавасці, гораўтварэння і гранітоіднага інтрузіўнага магматызму ў мезазойскую эру. Папярэднічала альпійскай складкавасці. Вылучаюць 2 фазы К.с.: раннекімерыйскую (старажытнакімерыйскую), што адбывалася ў канцы трыясавага — пачатку юрскага перыядаў, і познакімерыйскую (новакімерыйскую), якая мела месца ў канцы юрскага — пач. мелавога перыядаў. Раннекімерыйская праявілася ў Паўн. Дабруджы, на Таймыры, у Паўн. Афганістане, Паўднёва-Усх. Азіі, Патагонскіх Андах, паўн.-ўсх. Аргенціне, на крайнім Пд Афрыкі; познакімерыйская — на Каўказе, у Верхаяна-Чукоцкай вобл., Цэнтр. Іране, Афганістане, Тыбеце, Зах. Кардыльерах Паўн. Амерыкі, Андах і інш. абласцях.

т. 8, с. 261

КІМЕРЫ́ЙЦЫ (асір. gimirrai, грэч. Kimmerioi),

назва плямён, якія ў 8—7 ст. да н.э. жылі ў паўн.-ўсх. Прычарнамор’і. Паводле звестак Герадота і інш. аўтараў, К. засялялі Паўн. Прычарнамор’е аж да Фракіі і былі выгнаны адтуль скіфамі. У 670-я г. да н.э. К. захапілі Фрыгію, а ў 650-я — Лідыю. Больш за ўсё яны затрымаліся ў Кападокіі, у раёне Сінопа (да канца 7 ст. да н.э.). З кімерыйска-скіфскім пранікненнем ў Малую Азію звязваюць знаходкі стараж. «скіфскіх» наканечнікаў стрэл пры раскопках Багазкёя, Сардаў, Гордзіяна і інш. У археалогіі прычарнаморска-балканскіх краін К. нярэдка звязваюць з культурай пераходнай эпохі ад бронзы да жалеза.

Літ.:

Артамонов М.И. Киммерийцы и скифы: (От появления на ист. арене до конца IV в до н.э.). Л., 1974;

Тереножкин А.И. Киммерийцы. Киев, 1976.

т. 8, с. 262

КІМЕРЫ́К (грэч. Kimmerikon),

старажытны горад на паўд. узбярэжжы Керчанскага п-ва на зах. схіле гары Опук. Існаваў з 5 ст. да н.э. Росквіт адносіцца да мяжы нашага часу. У 3 ст. горад разбураны, у 4—5 ст. жыццё аднавілася на частцы гар. тэрыторыі. Раскопкамі 1927, 1947—49, 1950—51 выяўлены абарончыя сцены таўшчынёй 2,5 м, жылыя дамы 1—3 ст., складзеныя з вапняку, збожжавыя ямы, цыстэрны для вады. Знойдзены каменныя ступы, зерняцёркі, амфары са збожжам і інш. Жыхары займаліся земляробствам, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, гандлем.

т. 8, с. 262

КІ́МІЯ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры каля в. Кімія Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Помнік датуецца 6 ст. да н.э. — 4 ст. н.э. Выяўлены рэшткі наземнага жытла, каменная пляцоўка, агнішча з пляскатых камянёў, горнаў для выплаўкі жалеза і інш. Знойдзены жал. сярпы, нож, посахападобныя шпількі, бронзавы бранзалет, касцяныя шпілька і вастрыё, гліняныя прасліцы, грузікі дзякаўскага тыпу, камяні зерняцёрак і інш. Ляпная штрыхаваная кераміка формай падобна да керамікі мілаградскай культуры.

т. 8, с. 262

Кім Аляксей Харытонавіч

т. 18, кн. 1, с. 406

КІМ ЕН САМ (н. 20.12.1927, г. Пусан, Карэя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Скончыў Сеульскі ун-т. З 1954 дэпутат Нац. асамблеі. У 1970-я г. ўзначальваў памяркоўную апазіцыю рэжыму прэзідэнта Пак Чжон Хі (лідэр Новай дэмакр. партыі). Пасля прыходу да ўлады Чон Ду Хвана (1979) пазбаўлены права займацца паліт. дзейнасцю. З 1985 разам з Кім Тэ Чжунам узначальваў рух за дэмакратызацыю ў краіне, пасля разрыву з ім (1987) далучыўся да прэзідэнта Ро Дэ У (з 1990 яго пераемнік на пасадзе лідэра Дэмакр. ліберальнай партыі). У 1993—98 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. Праводзіў курс на барацьбу з карупцыяй у дзярж. апараце.

В.У.Адзярыха.

т. 8, с. 261

КІМ ІР СЕН (сапр. Кім Сон Чжу; 15.4.1912, г. Пхеньян — 8.7.1994),

дзяржаўны, парт. і ваен. дзеяч Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР). Генералісімус КНДР (1992). У 13-гадовым узросце эмігрыраваў з бацькамі ў Паўн.-Усх. Кітай, дзе ў 1931 уступіў у кіт. камуніст. партыю. У 1932 арганізаваў кар. партыз. атрады, на чале якіх ваяваў супраць яп. акупац. войск у Паўн.-Усх. Кітаі і Паўн. Карэі. У 1941 адступіў на тэр. СССР. У 1945 разам з сав. войскамі прыбыў у Карэю. У 1945—46 адказны сакратар паўн.-кар. Аргбюро Камуніст. партыі Карэі, у 1946—49 нам. старшыні ЦК Прац. партыі Паўн. Карэі, адначасова ў 1946—48 старшыня Часовага нар. к-та (з 1947 Нар. к-та) Паўн. Карэі. У 1948—72 старшыня Кабінета міністраў КНДР, у 1972—94 прэзідэнт КНДР. Адначасова з 1949 старшыня, з 1966 ген. сакратар ЦК Прац. партыі Карэі. У 1950—93 старшыня К-та абароны КНДР (да 1972 Ваен. к-т КНДР), адначасова вярх. галоўнакамандуючы (1950—94).

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1987.

В.У.Адзярыха.

т. 8, с. 262