САЛАГУ́Б (Уладзімір Аляксандравіч) (20.8.1813, С.-Пецярбург — 17.6.1882),
рускі пісьменнік; граф. Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1834). У 1835—42 служыў чыноўнікам пры Мін-ве ўнутр. спраў у Смаленску, Віцебску, Цверы. Друкаваўся з 1837. Аповесць «Тарантас» (1845) з трапнымі замалёўкамі правінцыяльнага побыту. У аповесцях «Вялікі свет» (1840), «Мядзведзь» (1843) і інш. іронія над арыстакратычным светам. Аповесць «Аптэкарка» (1841), «Няскончаныя аповесці» (1843) пра студэнцкае жыццё. Аўтар аўтабіягр. рамана «Цераз край» (апубл. 1885), зб. «Трыццаць чатыры альбомныя вершы» (1855), паэмы «Нігіліст» (1866), вадэвіляў «Ямшчык, ці Свавольства гусарскага афіцэра» (паст. 1842), «Бяда ад пяшчотнага сэрца» (паст. 1850), «Майстэрня рускага жывапісца», «Ноч перад вяселлем, ці Грузія праз сто гадоў» (абодва паст. 1854), камедыі «Чыноўнік» (1856), «Успамінаў» (1865) пра А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Лермантава і інш.
Тв.:
Избр проза. М., 1983;
Повести. Воспоминания. Л., 1988;
Петербургские страницы воспоминаний графа Соллогуба: С портретами его современников. СПб., 1993.
Літ.:
Грехнев В.А. Творчество В.А. Соллогуба в русской прозе конца 30-х — I половины XIX в. Горький, 1967.
т. 14, с. 96
САЛАГУ́Б (сапр. Цяцернікаў) Фёдар Кузьміч
(1.3.1863, С.-Пецярбург — 5.12.1927),
рускі пісьменнік. Скончыў С.-Пецярбургскі настаўніцкі ін-т (1882). Да 1907 настаўнічаў. Друкаваўся з 1884. Адзін з тэарэтыкаў сімвалізму (арт. «Дэманы паэтаў», 1907; «Тэатр адной волі», 1908, і інш.). У першым рамане «Цяжкія сны» (1895) спалучэнне натуралістычнага паказу правінцыяльнага побыту з пропаведдзю эстэтызму і эротыкі. Матывы адчаю, індывідуалізм у паэт. зб. «Палымяны круг» (1908). Гратэскны паказ жыцця рус. правінцыі ў зб. апавяданняў «Джала смерці» (1904), рамане «Дробны чорт» (1905) і інш. У трылогіі «Легенда, якая ствараецца» (ч. 1—3, 1907—13) — культ і трагізм эрасу. Сімвалічныя тэмы і матывы ў паэт. зб-ках «Блакітнае неба» (1920), «Фіміямы» (1921), «Жалейка» (1922) і інш. Аўтар «Палітычных казачак» (1906), зб. паліт. вершаў «Радзіме» (1906), п’ес «Дар мудрых пчол» (1907), «Перамога смерці» (паст. 1907), «Начныя скокі» (1908), рамана «Заклінальніца змеяў» (1921) і інш. Перакладаў Вальтэра, Гі дэ Мапасана, Ш.Бадлера, П.Верлена, А.Рэмбо, Г.Гейнэ, О.Уайльда, Т.Шаўчэнку і інш.
Тв.:
Свет и тени: Избр. проза. Мн., 1988;
Голодный блеск: Избр. проза. Киев, 1991;
Творимая легенда. М., 1991;
Неизданный Федор Сологуб. М., 1997;
Лирика. Мн., 1999.
т. 14, с. 96
САЛАГУ́БЫ, Давойна-Салагубы,
шляхецкі род герба «Праўдзіц» у ВКЛ Родапачынальнік Андрэй жыў у 2-й.пал. 15 ст. З 17 ст. ўжывалі прыдомак Давойна, з 18 ст. карысталіся графскім тытулам. Найб. вядомыя:
Юрый Андрэевіч (?—1514), намеснік смаленскі ў 1503—07. Я н Міхал (? —5.5.1748), сын Гераніма, чашнік жамойцкі ў 1713, падкаморы гастынскі ў 1722—24, лоўчы ВКЛ у 1724—31, вял. падскарбі ВКЛ у 1731—46, ваявода брэсцкі з 1746; брыгадзір войска ВКЛ (1724), маршалак Трыбунала ВКЛ у 1729 і 1747, староста рэчыцкі, езярышчанскі, стралецкі і санніцкі. Валодаў Горы-Горкамі, Чарэяй, Туравам. Юзаф Антоній (26.7.1709—81), сын Яна Міхала, кашталян жамойцкі ў 1742—48 і віцебскі ў 1748—52, ваявода віцебскі з 1752; палкоўнік, староста эйшышкскі і санніцкі. Ён і брат тытулаваліся графамі на Ільі, Івянцы, Тураве і Горы-Горках. Антоній (? — вер. 1759), сын Яна Міхала, палкоўнік, генерал артылерыі ВКЛ з 1746; староста езярышчанскі. Ян (? — 1812), сын Антонія, маёр артылерыі, з 1774 генерал-ад’ютант караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З’ехаў у Расію, палкоўнік рас. арміі, камандзір Славянскага гусарскага палка з 1777, Бел. гусарскага палка з 1779, ген.-маёр (1785); у 1794—98 шлісельбургскі павятовы прадвадзіцель дваранства. Яго нашчадкі (у т. л. ўнук — рус. пісьменнік У.А.Салагуб) атрымалі ў Расіі 11.3.1861 пацвярджэнне традыцыйна ўжыванага графскага тытула.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 14, с. 97
САЛАДЗІ́ЛЬНЯ, саладоўня,
старадаўняе гаспадарчае збудаванне, дзе прарошчвалі і сушылі зерне на солад; тып сушні. Вядома ў матэрыяльнай культуры многіх слав. народаў. На Беларусі ў 16—19 ст. будавалі (пераважна пры броварах ці асобна) драўляныя пабудовы, накрытыя драніцамі ці саломай, з маленькімі вокнамі. Складалася з 2 памяшканняў: у адным ставілі рошчыну, у другім была сушня з курнай печчу. С. былі ў многіх маёнтках і сядзібах. Часам іх выкарыстоўвалі як сушні.
Ю.А.Якімовіч.
т. 14, с. 97
САЛАДКО́Ў (Аляксандр Пятровіч) (н. 5.10.1960, г. Віцебск),
бел вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р мед. н. (1998). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1984), працуе ў ім (з 1999 заг. лабараторыі). Навук. працы па фізіялогіі і паталогіі мясц. механізмаў рэгуляцыі сасудзістага тонусу, прафілактыцы стрэсарных змен нармальных і пашкоджаных сасудаў і сэрца.
Тв.:
К механизму влияния малых доз тиреоидных гормонов на стрессорные изменения тонуса сосудов крыс (разам з А.П.Бажко) // Физиол. журн. 1995. Т. 81, № 12;
К механизму стрессорного угнетения сократительной функции и реактивности гладкой мышцы аорты (з ім жа) // Там жа. 1996. Т. 82, № 7.
т. 14, с. 97
САЛАДКО́Ў (Іосіф Іванавіч) (12.7.1906, в. Падбелле Магілёўскага р-на — 18.10.1996),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1959), праф. (1962). Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1933), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) (1950). З 1927 на камсамольскай рабоце. У 1938—41 выкладчык Мінскага мед. ін-та. З 1946 рэдактар час. «Бальшавік Беларусі». У 1950—63 выкладчык, заг. кафедры БДУ, у Ін-це гісторыі АН БССР. Рэктар Петразаводскага ун-та (1956—57). З 1964 на выкладчыцкай рабоце ў Бел. політэхн. ін-це. Аўтар прац па гісторыі Кастр. рэвалюцыі і ўстанаўлення Сав. улады на Беларусі.
Тв.:
Социально-экономическое положение Белоруссии до Великой Октябрьской социалистической революции (конец XIX — начало XX в.). Мн., 1957;
Большевики Белоруссии в период подготовки и проведения Великой Октябрьской социалистической революции (март 1917—февраль 1918). Мн., 1957.
т. 14, с. 97
САЛАДКО́Ў (Цімафей Ерафеевіч) (21.2.1915, в. Шчэжар Магілёўскага р-на — 23.11.1995),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1965), праф. (1966). Скончыў Смаленскі пед. ін-т (1950). З 1946 на парт. рабоце ў Смаленскай вобл. З 1952 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ, у БДУ. З 1964 заг. кафедры і адначасова (1965—71) прарэктар Мінскага радыётэхн. ін-та. Даследаваў гісторыю рэв. руху на Беларусі напярэдадні і ў перыяд 1-й сусв. вайны, Лют. рэвалюцыі 1917. Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі» (ч. 1, 2-е выд. 1968).
Тв.:
Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;
Борьба трудящихся Белоруссии против царизма (1907—1917 гг). Мн., 1967;
Большевистская газета «Правда» в Белоруссии (1912—1917 гг.). 2 изд. Мн., 1972;
Полувековой опыт СССР и современный мир. Мн., 1975.
Э.А.Забродскі.
т. 14, с. 97